Зорачкі “Ленінскага алімпа”

У Ленінскім раёне сталіцы прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання навучэнцаў — пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, а таксама іх бацькоў, кіраўнікоў і педагогаў навучальных устаноў. Знакавае для раёна мерапрыемства сёлета прайшло ў сярэдняй школе № 164 Мінска.

Па добрай традыцыі напрыканцы навучальнага года ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска ладзіць прыгожую і яркую цырымонію пад сімвалічнай назвай “Ленінскі алімп”. Праграма была цікавай і насычанай, галоўнае ж — адчуваліся радасць, цеплыня і сардэчнасць адносін адно да аднаго.

Госці з цікавасцю наведалі музей сярэдняй школы № 164, прысвечаны гісторыі Ленінскага раёна. Юныя экскурсаводы-навучэнцы выдатна справіліся са сваімі абавязкамі і нікога не пакінулі абыякавым, расказваючы пра ўчарашні і сённяшні дні свайго раёна, якім, адчувалася, маладыя людзі шчыра ганарацца. Яшчэ адным прыемным сюрпрызам ад арганізатараў стала прыгожая сучасная фотагалерэя. На ёй былі прадстаўлены здымкі навучэнцаў устаноў адукацыі Ленінскага раёна і іх настаўнікаў. З радасцю госці пазнавалі на здымках саміх сябе. Таксама адным з запамінальных момантаў стала магчымасць падзяліцца сваімі сакрэтамі поспеху, напісаўшы іх на зорачках і прымацаваўшы да спецыяльнай дош­кі. Педагогі і бацькі тут жа карысталіся магчымасцю пакінуць свае пажаданні лепшым навучэнцам раёна.

Пасля экскурсіі ва ўтульнай зале школы была працягнута добрая традыцыя — ва ўрачыстай атмасферы ўганараваць лепшых навучэнцаў і іх бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі і педагогаў. Павіншаваць іх прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Пётр Мікалаевіч Шостак, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Генадзьеўна Кучынская, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Іванаўна Сайганава і Валерый Іосіфавіч Варанецкі, старшыня Ленінскай раённай арганізацыі Мінска РГА “Белая Русь” Аляксей Ігаравіч Сегаловіч.

— Сёння ў гэтай зале сабраліся вучні, якія сваёй працай і высокімі дасягненнямі славяць наш раён, нашу краіну, — падкрэсліў Пётр Мікалаевіч Шостак. — Прыемна, што кожны год маладыя людзі радуюць новымі яркімі перамогамі. Гэта, безумоўна, вынік вялікай карпатлівай сумеснай працы настаўніка, вучня і яго баць­коў. Такая “звязка” дапамагае пераадолець усе цяжкасці і дабіцца выдатных вынікаў.

Пётр Мікалаевіч падзякаваў усім новым зорачкам “Ленінскага алімпа”. Ён выказаў спадзяванне, што далей варта чакаць новых дасягненняў ад удзельнікаў мерапрыемства, а ў наступным навучальным годзе і ад новага падрастаючага пакалення.

Наталля Генадзьеўна Кучынская таксама падкрэсліла важнасць трыадзінства вучня, яго баць­коў і педагога, якое вядзе да сапраўднага поспеху.

— Такое ўрачыстае ўганараванне пераможцаў у нас адбываецца трэці год запар, — адзначыла Н.Г.Кучынская. — Склалася добрая традыцыя ладзіць “Ленінскі алімп”, і штогод яна набірае моц. Сёння вы ўбачылі прыгожую галерэю, на якой былі прадстаўлены здымкі нашых пераможцаў. Такая фотавыстава неўзабаве будзе прадстаўлена і ў адміністрацыі Ленінскага раёна як сведчанне таго, наколькі мы ганарымся вамі і ўсімі вашымі пос­пехамі.

Кіраўнікам і педагогам устаноў адукацыі, навучэнцам і іх баць­кам былі ўручаны ўзнагароды. Цырымонія была напоўнена мноствам станоўчых эмоцый і радасных усмешак.

Адзінаццацікласніца гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска Маргарыта Лісікава расказала, што на “Ленінскі алімп” яе і яе бацькоў Віктара Міхайлавіча і Наталлю Канстанцінаўну прывяла перамога на Рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове.

У скарбонцы дзяўчыны — дыплом І ступені.

— Я вельмі шмат займалася з настаўніцай і самастойна, — расказала Маргарыта. — Акрамя пастаяннай сістэматычнай працы, думаю, для перамогі неабходны ўпартасць, мэтанакіраванасць і вера ў сябе. Я вельмі ўдзячна сваёй настаўніцы Клары Міхайлаўне Клімчук. Таксама многа значыць падтрымка бацькоў. Яны, дарэчы, таксама добра ведаюць англійскую мову і цікавяцца ёй. Для мяне гэта важны прыклад і адзінства сямейных інтарэсаў. На сённяшняе мерапрыемства было радасна прыйсці ўсёй сям’ёй, каб падзяліць ра­дасць ад працы і перамогі.

Пачуцці Маргарыты цалкам падзяляе яе аднакласніца Аляксандра Верхалазава, якая на “Ленінскі алімп” прыйшла з мамай Марынай Уладзіміраўнай. Аляксандра сёлета заваявала дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове.

— Мы з Маргарытай вучымся ў адным класе. Але настаўнікі па англійскай мове ў нас розныя, — заўважыла дзяўчына. — Аднак нам абедзвюм пашчасціла, што нашы педагогі — прафесіяналы з вялікай літары. Англійскую мову ў мяне выкладае Таццяна Пятроўна Вішнеўская. Яна зацікавіла мяне сваім прадметам, так што ёсць жаданне не толькі добра спраўляцца з неабходнай вучэбнай праграмай, але і шмат займацца дадаткова. Займацца тым, што табе сапраўды цікава, і дабівацца ў гэтай справе поспехаў — вялікае шчасце!

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара і Людмілы Ткачовай .