Зорачкі школьнай сцэны

Традыцыйна, 21-ы раз, у тэатральнай гасцёўні Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа прайшлі сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр”. Нагадаем, што праводзяцца яны сярод драматычных калектываў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Гарадскі конкурс спрыяе папулярызацыі сцэнічнага мастацтва, а таксама беларускай літаратуры, асабліва драматургіі (як класічнай, так і сучаснай) сярод дзяцей і падлеткаў, развіццю культурных, духоўных каштоўнасцей. У гэтай карыснай справе нас падтрымліваюць аддзел адукацыі, спорту і турызму разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама, а таксама віцебскае абласное аддзяленне Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, раённыя камітэты прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі.

Лепшыя работы трапляюць на Коласаўскую сцэну па выніках раённых конкурсаў школьных тэатраў. Сёлета, як ніколі, было адабрана шмат калектываў. Такім чынам, перад суддзямі стаяла складаная задача: на працягу аднаго дня перагледзець 13 сцэнічных работ. Дарэчы, узначаліла журы народная артыстка Беларусі Святлана Арцёмаўна Акружная.

Да выбару літаратурнага матэрыялу кіраўнікі школьных тэатраў падыходзяць па-рознаму. Адны ідуць больш простым шляхам, прапаноўваючы ўдзельнікам вядомыя хрэстаматыйныя творы, іншыя спрабуюць ствараць аўтарскі драматургічны матэрыял. Асноўная праблема, як мне бачыцца, у тым, што беларускія драматургі не пішуць твораў, разлічаных на падлеткавую аўдыторыю, на тых гледачоў (а ў названым выпадку і артыстаў), хто яшчэ не дасягнуў паўналецця. Магчыма, Міністэрству культуры або Міністэрству адукацыі варта было б падумаць аб заснаванні конкурсу драматычных твораў для дзяцей і падлеткаў, дзе б расказвалася аб іх праблемах, іх зносінах з равеснікамі, бацькамі, настаўнікамі.

Але вернемся да віцебскага конкурсу. Найбольш яскравымі, на мой погляд, атрымаліся спектаклі філасофска-метафарычныя, блізкія да жанру прыпавесці. І гэта вельмі добры знак: кіраўнікі і самі юныя артысты адыходзяць ад просталінейных, прымітыўных, хай сабе і актуальных сюжэтаў (хоць былі і такія пастаноўкі), а імкнуцца спасцігнуць сутнасныя пытанні, выйсці на размову з Душой, Космасам, Вечнасцю. Найбольш удала гэта атрымалася ў двух творчых калектываў: узорнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 пад кіраўніцтвам Аляксандры Раманавай (не толькі таленавітага рэжысёра, але і цудоўнага драматурга), якая прадставіла на суд журы аўтарскі спектакль “Пра мужыка, які на неба лазіў” (гран-пры фестывалю і дыплом “За лепшае мастацкае афармленне”), і студыі “Перазагрузка” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова) з іх прачытаннем п’есы-прыпавесці Андрэя Курэйчыка па матывах апавядання Г.Маркеса “Вельмі стары сеньёр з вялізнымі крыламі” (2-е месца і дыплом “За лепшую рэжысуру”).

Пры наяўнасці пэўнай фальклорнай, этнаграфічнай асновы “Мужыка, што на неба лазіў” (дзея п’есы нават перанесена ў нейкую сівую мінуўшчыну) спектакль гучыць пранізліва сучасна: там, дзе разлік, дзе няма кахання, а ёсць яго імітацыя, заўсёды ёсць бруд. І ёсць чорная сіла. А перамагчы яе можна толькі чысцінёй. Магчыма, аўтару п’есы і рэжысёру-педагогу варта было б крыху сябе абмежаваць, засяродзіцца на адной-дзвюх сюжэтных лініях, бо ў гэтым выпадку іх значна больш і ўзнікае адчуванне, што кожны вобраз — гэта не проста лёс, гэта цэлы сусвет. Але яшчэ больш важна іншае. Сам матэрыял вучыць думаць, разважаць аб самым істотным — аб маральных складніках нашага супярэчлівага жыцця.

У выпадку з Курэйчыкам-Маркесам парадавала здольнасць рэжысёра працаваць з вялікай групай юных артыстаў, арганізоўваць масавыя сцэны. А ў канцэптуальным плане Наталля Шлімакова разам з выканаўцамі спрабуе данесці роздум аб тым, чаму мы развучыліся быць бескарыслівымі, чаму ва ўсім шукаем толькі выгаду для сябе, чаму сталі занадта прагматычнымі, эгаістычнымі, жорсткімі. Хоць падлеткі іграюць дарослых людзей, іх адмоўныя якасці ўласцівы і падлеткаваму асяроддзю. А яшчэ рэжысёру ўдалося перадаць адметную стылістыку твора Маркеса, што чытаецца і ў музыцы, і ў пластыцы, і ў касцюмах, і ў мастацкім афармленні, і ў іранічным дапасаванні выканаўцаў да сваіх герояў.

Некалькі казачных твораў, прадстаўленых на фестывалі, таксама мелі выразныя алегарычныя матывы. Гэта і “Птушыны суд” Сяргея Кавалёва па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча ў выкананні тэатра сярэдняй школы № 23 Віцебска (кіраўнік Мікалай Бандарэнка), які атрымаў дыплом і прыз за 1-е месца, і “Я буду жыць!” па п’есе таго ж аўтара “Пацалунак ночы” ў выкананні тэатральнага гурта “Дэбют” сярэдняй школы № 46 Віцебска (кіраўнік Ірына Салаўёва) — дыплом “За яскравае ўвасабленне ідэй гуманізму”, і “Адважныя парсючкі” Ягора Конева ў выкананні тэатра “Арлекін” сярэдняй школы № 3 (кіраўнік Юрый Іваноўскі) — 3-е месца.

Тэмы кахання, маральнага выбару маладой асобы выразна прагучалі ў спектаклях “Медальён” па п’есе Алеся Замкоўскага (яе аўтар, дарэчы, кіраўнік літчасткі Коласаўскага тэатра, прадставіў на конкурсе свой тэатр “Шкаляр” сярэдняй школы № 22 , які таксама атрымаў 3-е месца), “Пакінутае дзіця” паводле апавядання Алены Масла (студыя “Пігмаліён” сярэдняй школы № 35, кіраўнік Вольга Клімовіч, 1-е месца і дыплом “За лепшае музычнае афармленне”), “Грыша, Грышка, Рыгор Аляксандравіч” па п’есе віцебскага аўтара Аляксандра Хацкевіча (тэатр сярэдняй школы № 28, кіраўнік Зоя Таранеўская).

Былі адзначаны дыпломамі і прызамі таксама спектаклі на ваенна-патрыятычную тэматыку: “Не пакідай мяне…” Аляксея Дударава (сярэдняя школа № 2 Віцебска, кіраўнік Алена Іванова, 2-е месца) і “Апошні шанц” Васіля Быкава (школьны тэатр “Крыніцы” сярэдняй школы № 31 Віцебска, спецыяльны прыз віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў).

Нягледзячы на цяжкасці сучаснага жыцця, фестываль “Школьны тэатр” у Віцебску жыве і, спадзяёмся, будзе жыць, бо гэта ўнікальная з’ява для Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што зараз шмат фінансавых праблем, якія прымушаюць аптымізаваць малапатрэбныя праекты, але вельмі хацелася б, каб гэтае мерапрыемства і далей радавала нашых дзяцей і падлеткаў.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
тэатральны крытык, тэатральны педагог,
каардынатар сцэнічных чытанняў “Школьны тэатр”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *