Зорка Каляд узышла над сталіцай

Для мяне пачуццё набліжэння Каляд і навагодніх свят штогод пачынаецца з наведвання Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На гэты раз яна адкрылася 11 снежня. Запрашаю завітаць сюды па зімовы святочны настрой і вас.


Удзел у выставе ўзялі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых устаноў адукацыі ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Усяго сюды пасля рэгіянальных адбораў трапіла больш за 560 індывідуальных і калектыўных творчых работ.

Расказаць пра зіму ў Беларусі, зімовыя святы і іх герояў хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагла выцінанка, саломапластыка, мастацкі роспіс, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, аўтарская лялька, мяккая цацка. Калядную тэматыку і матывы навагодніх казак прадставілі дзіцячыя сюжэтныя кампазіцыі і арт-аб’екты, ёлачныя цацкі, навагоднія касцюмы, сувеніры і падарункі да Новага года з розных матэрыялаў.

Пераможцы вызначаны ў дзвюх узроставых катэгорыях: 8—12 і 13—16 гадоў. Колькасць намінацый штогод павялічваецца, сёлета іх ужо 11: “Калядная зорка”, “Навагодняя ёлка”, “Сувенір-падарунак”, “Навагодняя паштоўка”, “Калядная кампазіцыя”, “Зіма ў Беларусі”, “Зімовы спорт”, “Навагодні персанаж”, “Арт-аб’ект”, “Навагодні касцюм”, “Чароўныя карцінкі”.

Што мяне здзіўляе кожны раз у выставе — пры тым, што тэматыка застаецца нязменнай, вы ніколі не знойдзеце падабенства гэтых работ з тымі, якія бачылі раней. Менавіта гэта падкупляе і старшыню журы Маргарыту Леанідаўну Шчамялёву, дацэнта кафедры касцюма і тэкстылю БДАМ:

— “Калядная зорка” для мяне — заўсёды свята, захапленне чысцінёй і шчырасцю дзіцячых работ, штуршок для ўласнай творчасці. Я бачу, што педагогі працуюць у правільным кірунку: захоўваюць традыцыі і вучаць дзяцей дэкаратыўнаму бачанню, цэльнасці ўспрымання, добрай кампазіцыі і, канечне, каларыту. Увогуле, такія конкурсы і створаны для таго, каб дзіця магло і далей рухацца, думаць ужо пра сваю прафесію.

У прызёраў і фактура бездакорная, і каларыстычная гісторыя добрая, прыгожая па гучанні, па колеры. Уводзіцца новае рашэнне, няма заезджаных матываў. Мы былі прыемна здзіўлены, як зрабіў калядную зорку — сімвал выставы — Светлагорскі цэнтр творчасці “Ювента”. Яна не аплікатыўная: у драўняных краях зоркі прабіты дзірачкі, каб нацягнуць ніткі асновы, і тут жа сатканы ўзор. Навагодняя цацка таксама падарыла асалоду. Напрыклад, цацкі з сімвалаў беларускага арнаменту. Ніколі работа ў такім калектыве не праходзіць бясследна. Узяць касцюмы. Так, яны класічныя, выкарыстаны традыцыйныя тэхнікі — валенне, ткацтва, вышыўка, але касцюмы стыльныя, сучасныя. Сёлета нам прадставілі і мультфільмы, што парадавала асабліва, анімацыя з выцінанкі. Было цікава, што закрануты традыцыйныя тэмы, але зроблена па-рознаму”.

Людміла Багданаўна Церах, член журы, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ, член саюза дызайнераў Беларусі, не магла адарваць вачэй ад керамікі — і ад аўтэнтычных вобразаў, і ад стыльнага яе пераасэнсавання.

“Кераміка фарміруе ў людзей з дзяцінства аб’ёмна-прасторавае мысленне, — расказвае пра карысць ад гліны ў дзіцячых руках Людміла Багданаўна. — У нас шмат плоскаснага ўспрымання рэчаіснасці, мы прывыкаем да карцінак, а аб’ём не адчуваем. Нават нашы абітурыенты спачатку раскачваюць пласт, а потым ужо стараюцца яго скруціць, каб надаць яму аб’ём. Ды сёння гэта яшчэ і неабходнасць, фарміруецца навык 3D-мадэлявання, праектавання, неабходна гэта і архітэктарам, інжынерам.

Асабліва мне спадабалася работа ў тэхніцы ф’юзінг навучэнцаў школы мастацтваў № 2 Мінска, калі вобраз стварае расплаўленае каляровае шкло. Пакуль дзеці яшчэ не намацалі ўсё асаблівае, што ёсць у гэтай тэхніцы, напрыклад, не паглядзелі на яе на прасвет. Але я вельмі рада, што пачалі вывучаць магчымасці шкла ў студыях. У асноўным гарачае шкло — прыярытэт прадпрыемстваў, вялікіх заводаў, у нас няма магчымасці фармаваць шкло вольна, бо гэта вельмі энергаёміста. У вышэйшай адукацыі ёсць спецыялізацыя — “мастак па шкле”, і калі на кераміку паступаюць дзеці, якія ўжо больш-менш пазнаёміліся з глінай у цэнтрах дадатковай адукацыі, то са шклом дагэтуль дзеці не маглі пазнаёміцца, хіба толькі на экскурсіях на заводы. Цяпер, думаю, сітуацыя зменіцца”.

Выстава “Калядная зорка” прадоўжыцца да 20 студзеня ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яе пераможцы атрымаюць свае ўзнагароды 5 студзеня. Лепшыя творчыя работы будуць уключаны ў экспазіцыю выставы на навагоднім дабрачынным свяце “Нашы дзеці”, а таксама будуць змешчаны ў віртуальнай галерэі на сайце цэнтра.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Адна думка пра “Зорка Каляд узышла над сталіцай

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *