Зорка сацыяметрыі

- 12:13Людзі адукацыі, Рознае

Якаў Львовіч Каламінскі мог бы стаць выдатным журналістам, як марыў, калі б у БДУ ў 50-я гады мінулага стагоддзя не ставіліся прадузята да пятай графы ў анкеце — нацыянальнасць. Ён вымушаны быў падаць дакументы на педагагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Так свет атрымаў выдатнага педагога-псіхолага, а яшчэ таленавітага пісьменніка.

Свае студэнцкія гады Якаў Львовіч называе шчаслівымі. Ён быў старшынёй навуковага студэнцкага таварыства, удзельнічаў у стварэнні газет, ужо на першым курсе напісаў сур’ёзную навуковую работу “Закон сілы ў вучэнні Паўлава аб найвышэйшай нервовай дзейнасці”. А яшчэ ў педагагічным інстытуце сустрэў каханне свайго жыцця — Аду.
Якаў Львовіч — аўтар больш чым 30 кніг, якія перакладзены на 15 моў. Толькі за апошні год выдадзена 4 кнігі, якраз напярэдадні 80-гадовага юбілею прафесара. Свой творчы запал вучоны, жартуючы, называе “крызісам перавытворчасці”. Усе кнігі по-свойму дарагія Якаву Львовічу, але адна ўсё ж вылучаецца. Менавіта пасля з’яўлення на кніжных паліцах выдання “Чалавек сярод людзей” у 1970 годзе Каламінскі прачнуўся сусветна вядомым. У кнізе прафесар расказвае пра тое, як чалавек паводзіць сябе сярод людзей, як яны на яго ўплываюць, як ён на іх уздзейнічае.
Сёння педагог працуе над новай кнігай пад назвай “Шлях да сябе, або Як стаць псіхолагам”.
— Я быў знаёмы з многімі псіхолагамі, — расказвае прафесар. — Зараз пішу вельмі цікавую главу “Людзі і кнігі”. Яна напаўняецца аповедам пра тых людзей, якія падарылі мне свае кнігі. Іх вялікая колькасць. Сярод іх такія вядомыя псіхолагі, як Уладзімір Пятровіч Зінчанка, Аляксей Мікалаевіч Лявонцьеў.
Шмат гадоў Я.Л.Каламінскі працуе ў галіне сацыяльнай псіхалогіі і псіхалогіі асобы. Яго эксперыментальныя і тэарэтычныя даследаванні паклалі пачатак новаму напрамку псіхалагічнай навукі — узроставай і педагагічнай сацыяльнай псіхалогіі. Якаў Львовіч першым у Савецкім Саюзе стаў вывучаць сацыяметрыю. Сутнасць метаду заключаецца ў выбары партнёра па сумеснай дзейнасці.
— Тыповая сацыяметрычная песня “Мы выбираем, нас выбирают. Как это часто не совпадает…”, — расказвае прафесар Я.Л.Каламінскі. — У любым класе ёсць сацыяметрычныя зоркі, якіх усе любяць і выбіраюць, тыя, каму аддаюць перавагу, і тыя, кім грэбуюць і якіх ніхто не абірае — ізаляваныя. Настаўнік павінен быць сацыяметрычнай зоркай, каб яго ўсе любілі. Я вучу студэнтаў, каб яны не блыталі два паняцці — “зорка” і “лідар”. Зорка — гэта найбольш сімпатычны член групы, ён і не жадае быць кіраўніком. А лідар — чалавек, які імкнецца быць першым і галоўным, ён валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Лідар можа і не быць сацыяметрычнай зоркай. Кожны чалавек выпраменьвае пэўны паток сімпатычных тэлечасціц, якія распаўсюджваюцца на адлегласці. Калі іх шмат, то будзеш зоркай, а калі мала або яны яшчэ нясуць адмоўны зарад, то будзеш адрынутым.
Зараз прафесар займаецца псіхалагічнай культуралогіяй. Кожны ўзрост валодае сваёй псіхалагічнай культурай, а гэта не толькі веды, але і ўменне чалавека працаваць над сабой, узровень яго самапазнання. Якаў Львовіч заўважае, што кожны чалавек сам сабе псіхолаг і сам сабе псіхалагічная лабараторыя. Мара і пажаданне прафесара Я.Л.Каламінскага — каб дзеці ў школе вывучалі псіхалогію. Чатыры гады назад у Расіі выйшаў падручнік Якава Львовіча “Асновы псіхалогіі” для вучняў старшых класаў і студэнтаў першых курсаў ВНУ.
— Дзіця павінна нейкім чынам разумець самога сябе, — выказвае свае аргументы за ўвядзенне ў школе прадмета “Псіхалогія” Якаў Львовіч. — “Пазнай самога сябе і не нашкодзь” — гэтыя словы павінны стаць дэвізам па жыцці для кожнага чалавека. У сваім падручніку я пішу аб стварэнні ў школе клуба трох “С”: самаправерка, самапазнанне, самавыхаванне.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.