“Зорка юбілейная” ў ліку лідараў

- 12:33Навіны рэгіёнаў

Лепшым загарадным лагерам краіны сярод бюджэтных прызнаны лагер “Зорка юбілейная” аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Высокую ацэнку атрымаў шэраг аздараўленчых устаноў Гродзеншчыны.

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” падведзены вынікі летняй аздараўленчай кампаніі гэтага года і вызначаны пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер. Праводзіцца конкурс Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Лета на пазітыве

— Мы вельмі рады такой высокай узнагародзе, — прызналася дырэктар аздараўленчага лагера “Зорка юбілейная” Ларыса Янчук. — Дарэчы, гэта ўжо пятая перамога за апошнія гады. І ўсё дзякуючы згуртаванаму калектыву дзяцей і педагогаў. Мы адзі­ная каманда, з году ў год сюды прыязджа­юць вопытныя настаўнікі з гродзен­скіх школ, якія ўжо сталі не часовым, а пастаянным калектывам. Такіх вынікаў можна дасягнуць толькі разам і ў сістэме, выбудаванай гадамі, пры падтрымцы мясцовай улады.

“Зорку юбілейную” гродзенская дзетвара добра ведае. Яшчэ задоўга да лета хлопчыкі і дзяўчынкі просяць бацькоў як мага хутчэй напісаць заяву на пуцёўку менавіта ў гэты лагер, бо здараецца, што на ўсіх жадаючых месцаў не хапае. Хто тут хоць раз пабываў, вяртаецца зноў і зноў. У чым сакрэт такога поспеху аздараўленчай установы?

Не раз на працягу многіх гадоў журналісцкія сцяжынкі прыводзілі мяне ў гэты маляўнічы куток на беразе Юбілейнага возера пад Гродна. І заўсёды мяне сустракала ветлівая гаспадыня — дырэктар аздараўленчага лагера Ларыса Янчук. Дарэчы, на гэтай пасадзе яна працуе 10 гадоў. Да таго як тут з’яўляюцца дзеці, разам з камандай аднадумцаў, абапіраючыся на добрую падтрымку Гродзенскага гарвыканкама, яна прыступае да падрыхтоўкі ўстановы да летняга адпачынку школьнікаў. Дробязей тут няма, важна ўсё — ад умоў пражывання і захавання бяспекі да арганізацыі паўнацэннага здаровага харчавання і цікавага адпачынку.

Бягучы год для лагера, якому ўжо за 65 гадоў, стаў знакавым на абнаўленні. Былі пабудаваны два новыя стацыянарныя корпусы, што дазволіла дадаткова размясціць 60 дзяцей.

— Самая яркая падзея гэтага года — адкрыццё новых карпусоў для пражывання дзяцей у летні перыяд, што стала магчымым  пры падтрымцы Гродзенскага гарвыканкама, — расказала Ларыса Янчук. — Да гэтага апошні раз двухпавярховы будынак быў пабудаваны ў 1982 годзе. А ў апошнія гады перамены відавочныя. Цалкам абноўлены мэбля і абсталяванне, згодна з патрабаваннямі санітарных службаў. Дзеці жывуць у цудоўных добраўпарадкаваных карпусах. Адрамантаваны харчаблок, у мінулым го­дзе закуплены параканвектамат. У гэтым годзе заменены ўсе крэслы ў актавай зале клуба.

Да гэтага года лагер меў магчымасць аздараўляць 260 дзяцей за адну змену. З уводам новых карпусоў — 320. Аднак пандэмія наклала адбітак: летам лагер прымаў толькі 150 школьнікаў у змену, каб забяспечыць выкананне правіл адпачынку дзяцей у гэтых умовах.

Атрыманая ўзнагарода — не першая для “Зоркі юбілейнай”. Яшчэ ў 2012 го­дзе ў падобным аглядзе-конкурсе сярод больш як 160 устаноў краіны лагер атрымаў дыплом ІІІ ступені па выхаваўчай рабоце. Затым амаль кожны год прыносіў добрыя весткі. Сёлета “Зорка юбілейная” пяты раз прызнана лепшым загарадным лагерам краіны.

Ад адпачынку класам да маёнтка Дзеда Мароза

З завяршэннем летняй аздараўленчай кампаніі работа лагера не спыняецца. Круглы год ён прымае школьнікаў, турыстаў —  усіх, хто мае намер весела і з карысцю, прычым у камфортных умовах правесці вольны час. Ёсць магчымасць у новых карпусах пры­маць і дзяцей на асеннія або зімовыя канікулы, але з улікам існуючай эпідэмічнай сітуацыі пакуль гэта не практыкуецца.

“Класны класны адапчынак” — гэта калі вольны час можна правесці класна цэлым школьным класам. Карыстаюцца такой магчымасцю не толькі класы, але і спартыўныя клубы, грамадскія аб’яднанні. У загарадным лагеры ёсць для гэтага ўсё неабходнае: футбольная, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, абсталяванне для гульні ў настольны тэніс, спартыўныя трэнажоры. Спрыяюць добраму адпачынку чыстае паветра хвойнага лесу і магчымасць прагуляцца да возера. Дзеці таксама з задавальненнем гуля­юць у лазертаг.

Ужо ідзе падрыхтоўка, і ў хуткім часе ўсіх жадаючых запросіць у госці “Маёнтак Дзеда Мароза ў “Зорцы”. З 2015 года супрацоўнікі аздараўленчага лагера такім чынам арганізуюць адпачынак школьнікаў, дзяцей разам з бацькамі.

Прыемная адзнака

— З году ў год сістэма аздараўлення, створаная ў Гродзенскай вобласці, адзначаецца на рэспубліканскім узроўні і атрымлівае высокую ацэнку, — падкрэсліў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Анатоль Ганчар. — І гэта нягледзячы на карэктывы, звязаныя з няпростай эпідэмічнай сітуацыяй. Планы, што мы будавалі ў пачатку бягучага года па колькасці дзяцей, якіх хацелася азда­равіць, прыйшлося скарэкціраваць. Тым не менш дзіцячыя аздараўленчыя лагеры адкрыліся ў другой палове чэрвеня і працавалі ўсё лета.

Як дадаў Анатоль Ганчар, пастаянна праводзіўся прафілактычны маніторынг бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні, выканання ўмоў працы работнікаў арганізацый. Усе лагеры былі аснашчаны сродкамі індывідуальнай засцярогі і дэзынфекцыі. Былі распрацаваны алгарытмы проці­дзеяння занясенню каранавіруснай інфекцыі, а таксама правілы медыцынскай дапамогі.

Дыпломамі пераможцаў рэспублікан­скага агляду-конкурсу прадстаўнікі Гродзен­шчыны ўзнагароджаны і ў іншых намінацыях. За лепшае медыцынскае забеспячэнне дзяцей у аздараўленчым лагеры ў намінацыі “Быць здаровым — гэта выдатна!” перамогу атрымаў аздараўленчы лагер “Бярозка” Лідскага раёна. У намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” дыпломы І ступені Міні­стэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны лагеру з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Сузор’е” Гродзенскага раёна за праект “Экспедыцыя PROрэгіён” і лагеру працы і адпачынку “AGROвектар” Квасоў­скай сярэдняй школы Гродзенскага раёна за праект “Мы выбіраем “AGROвектар”. Дыплом ІІІ ступені ў гэтай жа намінацыі атрымаў лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Млын” Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі за праект “ЭКА Kids”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аздараўленчым лагерам “Зорка юбілейная”.