Зоркі спорту звяртаюць увагу на будаўніцтва дзіцячага хоспіса

- 10:55Спартыўныя падзеі

Зоркі спорту разам са школьнікамі і іх бацькамі аб’ядналіся, каб правесці дабрачынны флэшмоб #velcombegom “Дзеці дзеля дзяцей” у дзесяці школах сталіцы. Аліна Талай, Антон Кушнір, Любоў Чаркашына, Мікалай Мірны, Людміла Валчок і Наталля Цылінская, а таксама футбольныя клубы “БАТЭ” і “Дынама-Мінск” правялі з вучнямі размінкі і вясёлыя спаборніцтвы.Усяго ў праекце прынялі ўдзел 1,5 тысячы неабыякавых да чужога болю людзей.

Мэта праекта — прыцягнуць увагу грамадскасці да будаўніцтва новага будынка Беларускага дзіцячага хоспіса. Сродкі для завяршэння будаўнічых работ неабходна сабраць да зімы, інакш комплекс прыйдзецца закансерваваць. Сама кансервацыя будынка каштуе нятанна, і калі ў такім выпадку будзе адноўлена будаўніцтва, невядома.Больш за ўсё ўдзельнікаў акцыі сабралася ў сталічнай гімназіі № 35. Ганаровым госцем тут стала вядомая беларуская лёгкаатлетка бронзавы прызёр чэмпіянату свету-2015 Аліна Талай. Як стала вядома, Аліна спецыяльна з гэтай нагоды прыляцела ў Мінск з Аўстрыі, дзе сёння праходзяць яе трэніроўкі.
Перад пачаткам дзіцячых спаборніцтваў спартсменка падкрэсліла, што іх мэта не атрымаць прызы, а навучыцца быць моцнымі, каб дапамагаць тым, хто мае патрэбу.
Ганна Гарчакова, дырэктар хоспіса, адзначыла, што новы корпус — жыццёвая неабходнасць. Там жывуць дзеці, якія часам не могуць сядзець, стаяць, трымаць лыжку ў руках. Будынак, у якім цяпер месціцца хоспіс, — звычайны катэдж з вінтавой лесвіцай, па якой надзвычай складана падымаць хворых дзетак. Супрацоўнікі вымушаны насіць дзяцей на руках.
Дарослыя маглі падтрымаць будаўніцтва хоспіса пэўнай сумай шляхам sms на кароткі нумар 2015. А дзеці перадавалі імправізаваныя папяровыя sms-кі са шчырымі пажаданнямі.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.