“Зорная краіна” Ларысы Грыбалёвай

Аднайменны праект па падтрымцы юных талентаў праводзіўся з чэрвеня па снежань. За гэты час яго ўдзельнікамі сталі звыш 500 дзяцей і маладых людзей ва ўзросце ад 4 да 19 гадоў з больш чым 20 гарадоў краіны. Папулярная спявачка разам са сваёй камандай праехала 2192 кіламетры ў пошуках юных талентаў, арганізаваўшы сем канцэртаў у сямі гарадах і правёўшы мноства майстар-класаў для пачынаючых выканаўцаў.

“У Год малой радзімы ўзнікла ідэя зрабіць невялікі ўклад у развіццё юных талентаў Беларусі. За 25 гадоў маёй творчай дзейнасці сабралася немалая колькасць любімых песень, якімі я з задавальненнем дзялюся. Назапашаны вопыт і жаданне дапамагчы маладым выканаўцам сталі асновай стварэння такой творчай платформы, як “Зорная краiна”, — расказала Ларыса Грыбалёва. — Усе дзеці, якія штосьці робяць і да чагосьці імкнуцца, выклікаюць павагу. Яны ўсе — пераможцы незалежна ад таго, трапілі яны ў заключны канцэрт ці не. Было б выдатна, каб такім праектам удзялялася больш увагі ў кожным горадзе. Я пераканана, што ў нас атрымалася адкрыць новыя імёны і даць пачынаючым спевакам магчымасць паказаць сябе”.

Адбор удзельнікаў праекта праводзіўся ў два туры: да канца чэрвеня прымаліся відэазаяўкі, а пасля да 15 ліпеня праходзіла інтэрнэт-галасаванне за лепшыя нумары. “Мы паставілі амбіцыйную задачу — сабраць самых яркіх таленавітых дзяцей, пры гэтым нелянівых, якія ў час летніх канікул змаглі на песні Ларысы Грыбалёвай запісаць відэа, выканаць яе кампазіцыю, размясціць відэа ў інтэрнэце і паўдзельнічаць у галасаванні. Гэта быў цэлы этап, які неабходна было прайсці, каб стаць лідарам, — растлумачыла канцэртны дырэктар спявачкі Юлія Антоненка. — Затым у кожным рэгіёне мы арганізавалі канцэрты — у Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай, Брэсцкай абласцях. Прычым гэта былі не проста выступленні, а інтэрактыўныя пляцоўкі для зносін, бо мы правялі своеасаблівыя майстар-класы па вакале і сцэнічным майстэрстве”. Прынамсі, Ларыса Грыбалёва пераканана, што спевакам-пачаткоўцам важна вучыцца ў кагосьці, глядзець, назіраць, атрымліваць вопыт нават падчас адной рэпетыцыі або выступлення. “Думаю, што маладым спевакам было карысна атрымаць парады і рэкамендацыі ад мяне і ўсёй нашай каманды”, — дадала яна.

Фінальны гала-канцэрт праекта “Зорная краіна” адбыўся ў Мінскім гарадскім палацы культуры, аб’яднаўшы 150 таленавітых дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны. Было створана сапраўднае музычнае свята, у якім кожная кампазіцыя была ўпрыгожана харэаграфічным нумарам. Прагучалі дзясяткі новых і паўзабытых песень з рэпертуару Ларысы Грыбалёвай, якія даўно не выконваліся, аднак юныя артысты змаглі ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Адна з удзельніц праекта — дванаццацігадовая гамяльчанка Марыя Альхафэз, якая з’яўляецца пастаяннай ­удзельніцай самых розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і ўжо паспела паспрабаваць свае сілы ў адборачных турах на дзіцячае “Еўрабачанне”, “Голас. Дзеці”, “Славянскі базар у Віцебску”. Менавіта таму, выступаючы разам са знакамітай спявачкай, Марыя амаль што не хвалявалася. “На праекце я пазнаёмілася са многімі таленавітымі дзецьмі, набыла новы вопыт. І, канечне, было вельмі крута праспяваць усім вядомую песню “Часики” разам з Ларысай Грыбалёвай. Я б параіла ўсім удзельнічаць у такіх праектах!” — сказала дзяўчынка.

“У выніковы канцэрт трапілі лепшыя артысты і дзіцячыя калектывы, якія паказалі сябе выдатна на адборачных турах, — сказала Юлія Антоненка. — Дарэчы, усе нашы канцэрты — з жывым гукам і праходзілі з аншлагам. А нашым юным артыстам настолькі ўсё спадабалася, што многія пытаюцца, ці будзе працяг праекта”.

Зразумела, што большасць фіналістаў праекта не ўпершыню выступаюць на вялікай сцэне. Тым не менш усе яны прыехалі, па-першае, са сваімі бацькамі, якія ганарыліся імі і фіксавалі на камеры мабільнікаў усё, што адбывалася на сцэне, а па-другое, са сваімі педагогамі і кіраўнікамі. Так, Мілана Вярцінская, кіраўнік Жо­дзінскага тэатра песні “Мілана”, прыехала адразу з дзвюма сваімі вучаніцамі — Лізай Меяй і Карынай Ромыш. “Дзецям заўсёды прыемна і адказна выступаць разам са знакамітым артыстам. Безумоўна, нашы дзеці часта ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Аднак канцэрт — гэта мерапрыемства іншага ўзроўню, на якім дзеці крыху больш расслабленыя, але ў той жа час вядзецца большая работа з гледачамі. Дзяцей прыехала вельмі шмат з розных гарадоў Беларусі, а таму было цікава, весела і здорава”, — сказала педагог.

Дарэчы, менавіта нумар з уладальніцай неверагоднага голасу Карынай Ромыш, які быў адным з апошніх, найбольш пакарыў гледачоў. У цэлым гала-канцэрт прайшоў у цёплай і душэўнай абстаноўцы, атрымаўся па-сапраўднаму яркім і насычаным, а таму дакладна запомніцца не толькі ўдзельнікам, але і ўсім гледачам.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота арганізатараў праекта.