Зорнікі выходзяць у свет

Старт “Зорнаму паходу” па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа дадзены. Пачаўся ён мітынгам раніцай 28 студзеня ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка каля помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у ім узялі студэнты і выкладчыкі БДПУ. Ужо трэці год запар да іх далучыліся студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Сёлетні “Зорны паход” прымеркаваны адразу да дзвюх значных падзей — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзя з дня ўтварэння ў Мінску настаўніцкага інстытута.
“Я, паважаныя студэнты, дарагія выкладчыкі, прашу вас, каб ва ўсіх раёнах, куды вы стартуеце, наведалі магілы нашых загінуўшых салдат у час Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуўся да прысутных рэктар БДПУ імя Максіма Танка П.Д.Кухарчык. — Я прашу, каб вы з годнасцю пранеслі імя студэнта Рэспублікі Беларусь”.
“Мне вельмі прыемна, што традыцыі, звязаныя з патрыятычным выхаваннем моладзі, такое развіццё знаходзяць менавіта ў педагагічным універсітэце”, — адзначыў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
На працягу 4 дзён, а менавіта з 28 па 31 студзеня, зорнікі пабываюць у Вілейскім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, Ашмянскім, Лідскім, Іўеўскім раёнах Гродзенскай і Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Там яны сустрэнуцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі працы, якім акажуць шэфскую дапамогу. Удзельнікі паходу правядуць і прафарыетацыйную работу са старшакласнікамі, а таксама арганізуюць спартыўныя мерапрыемствы ў школах раёнаў і выступяць з канцэртамі. Самі ж пабываюць у гістарычных і памятных месцах нашай краіны.
Нагадаем, што гэта 49-ты “Зорны паход”. Ідэя паходу нарадзілася ў 1966 годзе. Студэнты Мінскага педагагічнага інстытута (так называўся БДПУ да 1993 года) прынялі ўдзел ва Усесаюзным паходзе моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа. Тады ўдзельнікі з розных населеных пунктаў адначасова фінішавалі ў адным месцы. Схема маршруту на карце па форме нагадвала зорку, адкуль і пайшла назва — “Зорны”.

Святлана ШЫЯН.