Зорныя падарожжы будучых педагогаў

- 10:18Вышэйшая школа

Больш за паўстагоддзя налічвае гісторыя “зорных паходаў”. Штогод студэнты педагагічнага ўніверсітэта збіраюцца ў атрады і накіроўваюцца ў розныя рэгіёны нашай краіны. Іх шлях асвятляе не толькі сонца, выява якога рэе на сцягу ўніверсітэта, але і святло іх сэрцаў — маладых, гарачых, творчых, што прагнуць здзяйсняць добрыя справы. 

Зорны дэсант адправіўся ў сваё падарожжа 52-і раз. Сёлета ён высадзіўся на Міншчыне і Гродзеншчыне. Беражліва захоўваючы багатыя традыцыі сваіх шматлікіх папярэднікаў, “зорнікі” штогод ствараюць новыя. Так, сёлета да студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Максіма Танка далучыліся навучэнцы педагагічных класаў. Пракладваючы свае “зорныя” маршруты, студэнты і супрацоўнікі БДПУ пабывалі ў Маладзечанскім, Барысаўскім, Стаўбцоўскім, Салігорскім, Мядзельскім, Бярэзінскім, Лагойскім, Смалявіцкім, Уздзенскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама ў Жодзіне і Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Удзельнікі паходу сустракаліся з ветэранамі і школьнікамі, наведвалі знакавыя гістарычныя мясціны і навучальныя ўстановы, праводзілі канцэрты, акцыі, выставы, гутаркі.

На працягу 4 дзён каля 250 студэнтаў у складзе 11 атрадаў наведалі 107 устаноў адукацыі, дзе прадставілі больш за 20 відаў творчых і канцэртных праграм патрыятычнай і духоўнай накіраванасці, правялі больш за 50 пазакласных мерапрыемстваў па розных кірунках адукацыйнай дзейнасці. Але нават самыя дакладныя лічбы не могуць па-сапраўднаму апісаць падзеі “Зорнага паходу”, бо такія сустрэчы вымяраюцца эмоцыямі, што дораць гэтыя мерапрыемствы. А эмоцый было вельмі шмат: радасць, цікаўнасць, хваляванне, захапленне і надзея на новыя сустрэчы.

З павагай да спадчыны

Сярод задач, што стаяць перад “Зорным паходам”, — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне будучых педагогаў. Шлях маладых людзей, якія адправіліся ў падарожжа, пралягаў праз месцы баявой і працоўнай славы беларускага народа, мясціны, знакавыя для гісторыі і культуры нашай краіны. Кожны “зорнік” меў магчымасць схіліць галаву ля помнікаў і абеліскаў у знак павагі да мужнасці і гераізму нашых продкаў, больш даведацца аб слаўных сынах беларускай зямлі ў музеях і пазнаёміцца з ветэранамі.

Прыбыўшы ў пункт прызначэння, атрадаўцы пачыналі сваю дзейнасць з ушанавання памяці загінуўшых герояў. Так, удзельнікі атрада Інстытута псіхалогіі БДПУ “Новы погляд”, прыехаўшы ва Узду, наведалі гісторыка-краязнаўчы музей і ўсклалі вянок ля помніка Героям Вялікай Айчыннай вайны. Атрад факультэта дашкольнай адукацыі “Зорны легіён” ушанаваў памяць ахвяр фашызму на Салігоршчыне падчас мітынгу на мемарыяльным комплексе “Смуткуючая маці”. З мітынгу пачаўся паход і ў Жодзіне: “зорнікі” сабраліся ля мемарыяльнага комплексу “Маці-патрыётка А.Ф.Купрыянава”. Разам са студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ ў мітынгах прымалі ўдзел мясцовыя школьнікі, ветэраны вайны, прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.

Найважнейшым пунктам праграмы наведвання рэгіёнаў былі мерапрыемствы з удзелам ветэранаў. Члены атрада факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій “Адкрытыя сэрцы” наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь” у Лагойскім раёне, а таксама далі канцэрт для ветэранаў. Студэнты пазнаёміліся з ветэранамі вайны Віктарам Антонавічам Несцяровічам і Настассяй Паўлаўнай Ярчакоўскай. Жанчына падзялілася сваімі ўспамінамі з моладдзю, расказала, што была дзіцем падчас вайны і трапіла ў партызанскі атрад. Віктар Антонавіч расказаў не толькі аб падзеях ваеннага ліхалецця, якія бачыў на свае вочы, але і пра сваё знаёмства з Максімам Танкам, што было надзвычай цікава для студэнтаў установы, якая носіць імя паэта.

У Маладзечне атрад “Новае пакаленне” Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ наведаў мемарыяльны комплекс, адкрыты на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг-342”. Пазней атрадаўцы пазнаёміліся ў сярэдняй школе № 5 горада з удзельнікамі патрыятычнага клуба “Пошук”, якія вядуць работу па пошуку салдат, што зніклі без вестак у гады вайны, а таксама аднаўляюць імёны вязняў лагера “Шталаг-342”. Адметна, што ў атрадзе “Новае пакаленне” знайшлася былая ўдзельніца клуба “Пошук” Дар’я Жылінская. Акрамя таго, у “зорнікаў” была магчымасць прыняць удзел у мерапрыемстве школьнага клуба “Цёплыя сустрэчы” і пазнаёміцца з былымі малалетнімі вязнямі канцэнтрацыйных лагераў.

“Зорны паход” дае магчымасць сваім удзельнікам больш даведацца аб родным краі. Так, студэнты філалагічнага факультэта ўдзельнікі атрада “Максімавы нашчадкі” пабывалі на Стаўбцоўшчыне, радзіме нашага знакамітага земляка Якуба Коласа. У гімназіі № 1 горада для іх падрыхтавалі міні-ўрок “Шлях Якуба Коласа”. На Уздзеншчыне зорны атрад пабываў на экскурсіі “Пушкін і Беларусь” у літаратурна-краязнаўчым музеі сярэдняй школы № 1 Узды, а потым — у школьным музеі, прысвечаным неафіцыйнаму сімвалу нашай краіны — бульбе. “Зорнікі”, што дзейнічалі ў Бярэзінскім раёне, наведалі музей лыжкі, дзе сабрана вялікая колькасць экспанатаў, вырабленых з разнастайных матэрыялаў, у тым ліку і самая вялікая драўляная лыжка ў свеце.

З любоўю да прафесіі

“Зорны паход” — гэта сустрэчы будучых педагогаў з навучэнцамі, сустрэчы пазнавальныя, прафарыентацыйныя і дабрачынныя. Студэнты з цеплынёй знаёмілі школьнікаў са сваёй альма-матар. Прагляд відэафільма аб установе, флэш-мобы, прафарыентацыйныя заняткі, падрабязныя эмацыянальныя аповеды аб студэнцтве ў БДПУ, безумоўна, зацікавілі навучэнцаў. Пра спецыяльнасці, якія асвойваюць атрадаўцы, школьнікі маглі даведацца на практыцы падчас вучэбных заняткаў, майстар-класаў, трэнінгаў. Кожны атрад падрыхтаваў шмат мерапрыемстваў.

Так, на Салігоршчыне атрад “Зорны легіён” дарыў дзецям яркія нумары канцэрта “БДПУ — свет ведаў, свет магчымасцей” і “БДПУ: будучыня пачынаецца тут”. Сустрэчы са школьнікамі прадоўжыліся майстар-класамі “Бодзі-арт”, “Асновы дэфіле”, “Мы розныя, але мы разам”, “Хакей на шпільках”, “Навука праз мастацтва”, “Подыум для ўсіх”, “Чырлідынг”, трэнінгам “Я змагу!”.

Асаблівую праграму ўдзельнікі атрада факультэта дашкольнай адукацыі падрыхтавалі для сваёй будучай аўдыторыі — выхаванцаў дашкольных устаноў адукацыі. Дзяцей з ясляў-сада № 22 Салігорска і сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна “зорнікі” азнаёмілі з традыцыйным беларускім тэатрам — батлейкай. Перад маленькімі гледачамі выступіў студэнцкі лялечны тэатр факультэта дыпламант Міжнароднага конкурсу батлеечных і лялечных тэатраў. Дзеці не толькі паглядзелі два спектаклі, але і паспрабавалі сябе ў ролі акцёра-лялькавода падчас майстар-класа. Таксама для дашкольнікаў студэнты правялі анімацыйную праграму “У гасцях у зайкі Сцяпашкі”.

Своеасаблівую незапланаваную рэкламу БДПУ зрабілі выпускнікі ўніверсітэта, якія наведвалі “зорныя” атрады. Цяперашнія педагогі, яны з такой цеплынёй расказвалі пра свае студэнцкія гады, бурлівае жыццё падчас вучобы, пра ўдзел у “зорных паходах”, што вучні слухалі іх з захапленнем.

“Зорны паход” падарыў студэнтам магчымасць праявіць свае лепшыя якасці і рабіць добрыя справы. Кожны атрад прымаў удзел у дабрачынных акцыях: студэнты пабывалі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, сацыяльных прытулках, медыцынскіх установах, ЦКРНіР. Напрыклад, на салігорскай зямлі атрад “Зорны легіён” упершыню правёў праграму псіхалагічнай рэабілітацыі “Бальнічны клоўн” для дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў бальніцы. Валанцёры ў яркіх касцюмах паказалі фокусы, правялі цікавыя конкурсы і віктарыны, падарылі дзецям сувеніры, а таксама добры настрой.

Вялікая ўвага ўдзяляецца “зорнікамі” і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Асабліва гэта ўдалося ўдзельнікам атрада “Ёсць кантакт”, якія з’яўляюцца студэнтамі факультэта фізічнага выхавання. Яны адправіліся ў Смалявіцкі раён, дзе ва ўстановах адукацыі правялі цікавыя спартландыі, а таксама разам са школьнікамі прынялі ўдзел у “Беларусіядзе” — спартыўна-адукацыйным праекце, арганізаваным па прынцыпе чэмпіянату, што ўяўляе сабой спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях. Дарэчы, “Беларусіяда” — эксклюзіўны праект, створаны супрацоўнікамі БДПУ.

З карысцю для педагогаў

У рамках “Зорнага паходу” былі праведзены і мерапрыемствы для настаўнікаў. Так, у Лагойскім раёне, акрамя атрада студэнтаў “Адкрытыя сэрцы”, працаваў і атрад педагогаў. Яго ўдзельнікі — дацэнты і выкладчыкі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ на чале з дэканам Верай Васільеўнай Мартынавай. Мерапрыемствы праводзіліся ў рамках рэалізацыі сумеснага сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”.

Выкладчыкі педуніверсітэта сустрэліся ў гімназіі Лагойска з сацыяльнымі педагогамі, што працуюць ва ўстановах адукацыі раёна, і супрацоўнікамі раённага СПЦ. Калегі прымалі ўдзел у круглым стале “Сацыяльна-педагагічная работа па фарміраванні каштоўнасці сям’і, культуры сямейных адносін”, да работы якога далучыліся таксама прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама. Дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій В.В.Мартынава асвятляла тэму “Сацыяльна-адукацыйны праект “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”: вынікі даследавання”. Аб падрыхтоўцы старшакласнікаў да шлюбу і сям’і расказала старшы выкладчык кафедры сацыяльнай работы Ю.А.Чыгілейчык-Функ. Тэма “Фарміраванне каштоўнасці рэпрадуктыўнага здароўя” была ў цэнтры ўвагі аспіранта кафедры сацыяльнай педагогікі Я.В.Сярдзюк.

У сярэдняй школе № 1 Лагойска выкладчыкі БДПУ сустрэліся з класнымі кіраўнікамі, што працуюць ва ўстановах адукацыі горада. Тэму “Дзейнасць класных кіраўнікоў па фарміраванні каштоўнасці сям’і” абмеркавала з імі В.В.Мартынава. Аб праблемах дзіцяча-бацькоўскіх адносін у сям’і класныя кіраўнікі пагаварылі з дацэнтам кафедры сацыяльнай педагогікі А.М.Русецкай. Аб тыпалогіі канфліктаў у школе і шляхах іх вырашэння расказала дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі А.Л.Еўдакімава.

Узаемадзейнічалі супрацоўнікі ФСПТ і з лагойскімі навучэнцамі. Я.В.Сярдзюк правяла са старшакласнікамі заняткі па тэме “Рэпрадуктыўнае здароўе — будучыня тваёй сям’і”. Па сістэме “роўны навучае роўнага” трэнінгі на тэму “Падрыхтоўка навучэнскай моладзі да шлюбна-сямейных адносін” правяла студэнтка 4 курса Ганна Фралова.

З марай аб новых сустрэчах

“Калі “Зорны паход” пачынаецца, значыць, гэта каму-небудзь патрэбна” — так можна перафразаваць вядомае выказванне. Паход, дадаючы яшчэ адну лічбу ў свой парадкавы нумар, не страчвае актуальнасці — яго чакаюць студэнты, выкладчыкі, педагогі і школьнікі, бо ён дорыць усім незабыўныя эмоцыі.

— Як сёння памятаю наша першае выступленне ў першым у маім жыцці “Зорным паходзе”. Я адчула такі феерверк пазітыўных пачуццяў, такую эмацыянальную аддачу ад дзяцей, да якіх наш атрад завітаў у госці! — дзеліцца ўспамінамі Настасся Ляшчун, студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, удзельніца атрада “Зорны легіён”. — І калі мяне сёлета запрасілі адправіцца ў паход другі раз, я згадзілася, ні секунды не сумняваючыся, бо гэта ўнікальны вопыт, новыя знаёмствы і прастора для творчасці, а яшчэ гэта магчымасць паказаць школьнікам, што педуніверсітэт — гэта не толькі вучоба, але і мноства праектаў, ідэй, што педагагічная прафесія самая творчая ў свеце.

На працягу больш чым паўстагоддзя ў “зорныя паходы” адпраўляліся сотні студэнтаў. Сёння былыя атрадаўцы з цеплынёй узгадваюць пройдзеныя сцежкі, перажытыя моманты. І заўсёды знойдуцца тыя, хто, натхніўшыся прыкладам “зорнікаў”, зноў збярэцца ў новае падарожжа.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва БДПУ імя Максіма Танка.