Зорны, юбілейны, інтэрнацыянальны

- 10:32Актуально, Апошнія запісы

Урачысты мітынг, прысвечаны старту юбілейнага, 55-га, “Зорнага паходу” студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, прайшоў учора ў сталічным музейна-паркавым комплексе “Перамога”. Шматлікія сцягі факультэтаў галоўнай педагагічнай альма-матар краіны, а таксама дзяржаўныя сцягі Беларусі, Кітая, Казахстана, Расіі, Туркменістана і Узбекістана не толькі надавалі мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць, але і сведчылі пра асаблівы статус паходу — інтэрнацыянальны.

“Зорны паход” невыпадкова называецца зорным. Калі злучыць адной лініяй усе населеныя пункты, якія ўваходзяць у маршрут паходу, то атрымаецца незвычайнае сузор’е, якое па форме нагадвае зорку. А калі размясціць усе 55 сузор’яў побач, то атрымаецца амаль бясконцы небасхіл, цэнтральнае месца на якім займае сонца. І не толькі таму, што яго выява ўпрыгожвае герб БДПУ. Свое­асаблівае сонца педагогікі, патрыятызму, маладосці, сяброўства і цудоўнага настрою адорвае сваімі промнямі кожнага “зорніка”, яго цеплынёй будзе напоўнены кожны дзень паходу, які сёлета праходзіць з 28 па 30 студзеня па тэрыторыі Барысаўскага, Вілейскага, Пухавіцкага, Слуцкага і Салігорскага раёнаў Мінскай вобласці, Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Удзельнікі “Зорнага паходу” (сёлета гэта 9 атрадаў агульнай колькасцю больш за 300 чалавек) сустрэнуцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, акажуць ім шэфскую дапамогу, правя­дуць мітынгі і ўскладуць кветкі да брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, выступяць з канцэртнымі праграмамі ў школах, правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы. Гэтай карыснай справай будуць займацца не толькі студэнты і выкладчыкі БДПУ, але і іх равеснікі і калегі з Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва (Рэспубліка Казахстан), Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, Расійскага дзяржаўнага прафесійна-педагагічнага ўніверсітэта, Новасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя), Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Рэспубліка Узбекістан). Асабліва памятным юбілейны паход стане для студэнта Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва Егінбая Адзіля, які плануе наведаць магілу свайго прадзеда, радавога Чырвонай Арміі, пахаванага ў вёсцы Шапуры Віцебскага раёна.

— У БДПУ больш за паўстагоддзя існуе цудоўная традыцыя. Кожны год пасля зімовай сесіі студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта адпраўляюцца па месцах баявой славы беларускага народа. Паход з’яўляецца інтэрнацыянальным і дае магчымасць студэнтам з розных краін аддаць даніну памяці тым, хто змагаўся на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вы, маладое пакаленне, з’яўляецеся захавальнікамі памяці пра тую Вялікую Перамогу, якая дасталася нам цаной вялікіх страт і ахвяр.

У вас ёсць унікальная магчы­масць наведаць месцы баёў, дзе разам з беларускімі воінамі змагаліся прадстаўнікі іншых народаў, — адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук.

Па словах міністра адукацыі, выпускніка БДПУ, неаднаразовага ўдзель­­ніка “Зорных паходаў” Ігара Васільевіча Карпенкі, “Зорны паход” з годнасцю прайшоў выпрабаванне часам і пацвердзіў статус неад’емнай часткі грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання студэнцкай моладзі. “Сімвалічна, што ў 75-годдзе Вялікай Перамогі ўрачысты мітынг, прысвечаны старту “Зорнага паходу”, праходзіць у музейна-паркавым комплексе “Перамога” каля памятнага знака ў гонар грамадзян усіх нацыянальнасцей, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нам важная памяць пра ўсіх, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, і наш абавязак — заўсёды помніць, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. Сёння, калі жывых сведкаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш, як ніколі, каштоўныя для нашчадкаў іх успаміны і вопыт”, — паведаміў Ігар Васільевіч і выказаў спадзяванне, што ўдзел у “Зорным паходзе” стане для мола­дзі не фармальнай разавай акцыяй, а ўсвядомленай патрэбай у дыялогу з прадстаўнікамі пакалення Вялікай Перамогі і іх спадчыннікамі.

“Я ганаруся асабістай далучанасцю да гісторыі слаўнага летапісу нашага ўніверсітэта. З’яўляючыся студэнтам, а потым працуючы ва ўніверсітэце, прымаў актыўны ўдзел у “Зорных паходах”. І мне прыемна, што традыцыя, якой ужо 55 гадоў, працягваецца, набывае новае, актуальнае гучанне. З кожным годам расце колькасць атрадаў і ўдзельнікаў, павялічваецца ахоп раёнаў. Сёлета ў маршрут паходу невыпадкова ўключаны Пінскі раён. Пінск прыме ад Оршы эстафету рэспубліканскага праекта “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь” 2020 года. Такім чынам, “Зорны паход” дасць старт шэрагу маштабных сацыяльна значных мерапрыемстваў у новай маладзёжнай сталіцы”, — адзначыў міністр адукацыі.

Пра важнасць інтэрнацыянальнага сяброўства, захаванне гістарычнай памяці гаварылі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, ветэранскіх арганізацый, сістэмы адукацыі, Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія нібыта ў агульнай малітве ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра тых, хто змагаўся за шчаслівую будучыню беларускай зямлі, набліжаў Вялікую Перамогу.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.