Зорныя мары і поспехі юных астраномаў

З 2 па 10 жніўня ў Кестхеі і Хевізе (Венгрыя) праходзіла XIII Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы (IOAA). У ёй прынялі ўдзел 260 прадстаўнікоў з 47 краін свету. Каманду Рэспублікі Беларусь прадстаўлялі 5 удзельнікаў — пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Астраномія” ў 2018/2019 навучальным годзе.

С.С.Секержыцкі, С.Гамельскі, М.Булгакава, І.Бялоцкі, А.Хомчанка, А.Цімафееў, А.В.Лавыш.

IOAA — штогадовае спаборніцтва навучэнцаў, якое складаецца з трох тураў: тэарэтычнага, аналізу даных і назіральнага (практычнага), які ўключае назіранні за зорным небам няўзброеным вокам, з дапамогай тэлескопа, а таксама выпрабаванні ў планетарыі. Час, адведзены на выкананне заданняў, складаў ад 45 хвілін да 5 гадзін. Акрамя таго, дадаткова былі арганізаваны спаборніцтвы паміж камандамі.

Кіраўнікамі беларускай каманды з’яўляліся Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, і Андрэй Валянцінавіч Лавыш, старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

“Сукупнасць ведаў, неабходных школьнікам для паспяховага выступлення на алімпіядзе па астраноміі, значна большая, чым ва ўдзельнікаў алімпіяд па іншых прадметах, — заўважыў Станіслаў Станіслававіч. — Акрамя ведаў па астраноміі, яны павінны ўмець рабіць складаныя матэматычныя вылічэнні, ведаць законы фізікі, разбірацца ў пытаннях гісторыі і геаграфіі”.

Першы алімпіядны тур сёлета быў прысвечаны аналізу эксперыментальных даных. Тур уключаў 2 вялікія задачы, на рашэнне якіх было адведзена 5 гадзін. У змесце задач былі прадстаўлены вынікі астранамічных вымярэнняў і назіранняў, якія патрабавалася апраца­ваць, зрабіць вылічэнні і на іх падставе — канчатковыя высновы. Другі тур — назіральны. Удзельнікаў алімпіяды ўначы запрасілі на пляцоўку, дзе знаходзілася 88 тэлескопаў. Столькі сузор’яў можна ўбачыць і ў зорным небе. Алімпіяднікам прапанавалі практычныя заданні, якія складаліся з некалькіх варыянтаў. Быў выбраны той, які адпавядаў умовам надвор’я. Юныя астраномы назіралі праз тэлескоп двайныя зоркі, шукалі планетарную туманнасць Месье 57 і адзначалі на лісце з зорным небам месца яе размяшчэння. Юнакі і дзяўчаты самі настройвалі тэлескоп, а ў першую чаргу — яго прыстасаванне “шукальнік”. У адным з заданняў патрабавалася паназіраць у тэлескоп за Сатурнам. Па выніках убачанага алімпіяднікі зрабілі малюнак планеты і яго кольцаў, а самы буйны спадарожнік планеты Тытан яны размясцілі на малюнку з улікам праведзеных вымярэнняў.

Тэарэтычны тур уключаў 14 задач рознай складанасці і аб’ёму. Задачы былі ў асноўным стандарт­ныя, хаця кожная мела сваю адметнасць. Вось прыклад цікавай задачы, якая мае два рашэнні — простае і складанае. Вандроўнік спачатку ідзе тысячу кіламетраў на поўдзень, пасля — тысячу кіламетраў на ўсход, затым — тысячу кіламетраў на поўнач і трапляе ў пэўную кропку з зададзенымі каардынатамі. Патрабавалася намаляваць траекторыю яго руху. Было і даволі нечаканае тэарэтычнае заданне, якое ўключала 11 гістарычных падзей астранамічнай навукі. Іх трэба было размясціць у храналагічным парадку.

Усе заданні першапачаткова былі напісаны на англійскай мове. Кожны з кіраўнікоў каманд-удзельніц перакладаў іх на мову роднай краіны. Такім чынам, падчас алімпіядных тураў беларускія школьнікі мелі перад вачыма і рускі, і англійскі варыянт заданняў. Веданне англійскай мовы спатрэбілася алімпіяднікам і пры правядзенні назіранняў, калі эксперты давалі ім пэўныя ўказанні па-англійску.

Сёлета на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі лепш за ўсіх выступіў прадстаўнік В’етнама: у яго — абсалютнае першае месца з вялікім адрывам. Другое месца — у прадстаўніка Расіі. З тэарэтычнымі заданнямі беларускія школьнікі справіліся лепш, чым з практычнымі. Кіраўнікі нашай каманды ўпэўнены, што вынікі іх выступленняў маглі быць і лепшымі, калі б не залішняе хваляванне і недахоп астранамічных назіранняў пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

“Асаблівасць падрыхтоўкі да алімпіяды па астраноміі ў нашай краіне ў тым, што праходзяць гэтыя спаборніцтвы толькі для адзінаццацікласнікаў, паколькі вучэбны прадмет выкладаецца ў выпускным класе, — адзначае Станіслаў Секержыцкі. — Даволі рэдка ў гэтай алімпіядзе выступаюць дзесяцікласнікі. Адпаведна, навучэнцы не маюць багатага алімпіяднага вопыту па гэтай дысцыпліне”.

Удзельніца беларускай каманды Міраслава Булгакава, выпускніца Ліцэя БДУ, заваявала бронзавы медаль на ХІІІ Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Андрэй Цімафееў, выпускнік сярэдняй школы № 2 Гомеля, і Сяргей Гамельскі, выпускнік гімназіі № 1 Жодзіна, адзначаны пахвальнымі водзывамі. Сяргей Гамельскі таксама заваяваў бронзавы медаль у камандных спаборніцтвах, якія праходзілі напрыканцы алімпіяды. Удзельнікі алімпіяды былі падзелены на каманды па 6 чалавек. У кожную ўваходзілі прадстаўнікі розных краін — каб замацаваць сяброўства і супрацоўніцтва паміж моладдзю з розных кантынентаў. У зборную нашай краіны ўвайшлі таксама навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Алег Хомчанка і Ліцэя БНТУ Ігнацій Бялоцкі.


У Венгрыі школьнікаў чакала насычаная культурная праграма. У Кестхеі яны наведалі цудоўны палац Фештэцічаў і парк, які прылягаў да яго. Выязджалі на экскурсіі ў гарады Ціхані і Шумег, дзе пабачылі ўсе знакавыя гістарычныя мясціны, пабывалі ў музеі лаванды і нават наведалі коннае шоу. Галоўнай адметнасцю алімпіяды была сяброўская інтэрнацыянальная атмасфера, якая панавала на працягу ўсіх дзён, праведзеных юнакамі і дзяўчатамі ў Венгрыі.

Усе беларускія школьнікі, якія выступілі на Міжнароднай алімпія­дзе па астраноміі, ужо з’яўляюцца студэнтамі прэстыжных універсітэтаў краіны — БДУ, БНТУ, БДУІР. Міраслава Булгакава выбрала спецыяльнасць “Інфарматыка” на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Яна хацела вучыцца ў Беларусі, але астранамічнай спецыялізацыі ў ВНУ ў нас няма.

“Цікавасць да астраноміі з’я­вілася ў мяне падчас факультатыўных заняткаў па гэтым прадмеце ў Віктара Васільевіча Малышчыца, які прапанаваў наведваць іх ліцэі­стам 10 класа, тым, хто захапляўся фізікай, матэматыкай і інфарматыкай, — гаворыць Міраслава. — Заняткі Віктара Васільевіча былі цікавыя, дынамічныя, змястоўныя і праводзіліся па-беларуску. Настаўнік некалькі разоў вазіў каманды ліцэя і Мінска на начныя назіранні з тэлескопам. Немагчыма заставацца абыякавым да гэтага прадмета, калі бачыш зорнае неба і так многа даведваешся аб ім! Пры гэтым я вельмі ўдзячна іншым настаўнікам ліцэя, якія падтрымлівалі маю цікавасць і шчыра радаваліся маім поспехам. У будучыні мне хацелася б займацца навуковай дзейнасцю, звязанай з абедзвюма навукамі: астраноміяй і інфарматыкай. Напрыклад, стварыць свой анлайн-планетарый”.

Надзея ЦЕРАХАВА.