Зоя БЕЛАХВОСЦІК: “Педагогіка — гэта рэжысура”

Сёння ў гасцях у праекта “Мая школа” вядомая актрыса, якая ўвасобіла на сцэне больш за шэсцьдзясят роляў. Яе гераіні рамантычныя, але ў той жа час поўныя адвагі і гонару жанчыны — актрыса Купалаўскага тэатра ў трэцім пакаленні, заслужаная артыстка Беларусі і Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Зоя Белахвосцік.

— Зоя Валянцінаўна, што вам бліжэй: вучыцца ці вучыць? Ад чаго вы атрымліваеце большае задавальненне?
— Ні ад аднаго, ні ад другога. Відаць, бліжэй — вучыць, ведаючы, як вучыць нельга і што нельга рабіць, калі вучыш. Я вучу так, як мне здаецца правільным. І ад гэтага заўсёды адчуваю аддачу, але ж, як і кожнаму чалавеку, мне хацелася б большага.

— Вы ішлі на выкладчыцкую работу з асцярожнасцю. З чым гэта было звязана?
— Мне ніколі не хацелася стаць настаўнікам. Я заўсёды лічыла, што настаўнікі — гэта асаблівыя людзі (дарэчы, так яно і ёсць). Настаўнік — гэта, на мой погляд, самая складаная прафесія, што існуе ў гэтым свеце. І быць педагогам — не вузкім прадметнікам, рэпетытарам, але менавіта педагогам — вельмі цяжка. Я б усім людзям, якія займаюцца педагагічнай дзейнасцю, плаціла самую вялікую зарплату і за іх работу кожны дзень адорвала знакамі ўдзячнасці! Гэта такая канцэнтрацыя энергіі, незвычайная аддача сіл, таму што на ўроку работа педагога не заканчваецца і ўвесь час ён нешта абдумвае. Прафесіі педагога і акцёра вельмі падобныя: як па эмацыянальных затратах, так і па моцнай чалавечай аддачы. Гэта вельмі цяжка…

— Вам прасцей на сцэне?
— Так, прасцей. На сцэне — гэта я. Я сябе ведаю, кірую сабой. Рабочы інструмент акцёра — ён сам. Я яго сур’ёзна вывучала і вучылася яго выкарыстоўваць і зараз знаходжуся з ім у пэўным суладдзі. І ў такой сітуацыі я магу на сябе пасварыцца, сказаць сабе нешта добрае (хаця заўваг больш!). Мне прасцей адыграць некалькі цяжкіх спектакляў, чым правесці 5-6-гадзінныя заняткі са студэнтамі. Пры рабоце са студэнтамі і адказнасці больш, і нечаканасцей больш…
Прафесія акцёра вельмі цікавая: увесь час прыходзіцца “дах” трымаць, каб не з’ехаў. Бывае, глядзіш на кагосьці з калег і разумееш, наколькі трэба прасцей і з гумарам да сябе ставіцца…

— Ці любіце вы нечаканасці?
— Залежыць ад таго, што гэта за нечаканасці. Канечне, падабаюцца нечаканасці са станоўчым эфектам. Менавіта таму, відаць, я і выкладаю ў акадэміі мастацтваў. Акрамя гэтага, выкладанне дае мне магчымасць знаходзіцца сярод моладзі і заставацца ў актуалізаваным стане, разумець, чым зараз дыхае моладзь, з чаго вынікаюць тыя ці іншыя яе паводзіны, разумець мову сучасных маладых людзей. І, дарэчы, я вельмі многаму ад іх вучуся.

— Хто з педагогаў за працяглую гісторыю вашага навучання пакінуў у душы вялікі след?
— Сапраўды, вучылася я доўга і складана. Галіна Пятроўна Вішкарова, мой першы педагог па акцёрскім майстэрстве, была і першым педагогам (яшчэ ў інстытуце культуры), які дапамог мне ў прафесійным плане. Менавіта яна зрабіла са мной нейкія неверагодныя рэчы.
Па прыродзе я інтраверт. Заўсёды была вельмі закрытай, але пры гэтым жадала стаць артысткай, разумеючы, што ўва мне гэта ёсць. Я не ведала, як адкрыцца і як прарвацца ў экстравертнасць, як паказаць сябе. Ажыццявіць гэты прарыў, вызваліцца ад шэрагу заціскаў, ад вялікага самакантролю дапамагла мне менавіта Галіна Пятроўна. Яна не шкадавала сябе, прыдумваючы практыкаванні і эцюды, каб адкрыць мяне свету. Яна была вельмі творчым чалавекам з цудоўнай акцёрская школай (служыла ў Рускім тэатры), тонкім і чулым педагогам — усе, хто калісьці ў яе вучыўся, заўсёды яе будуць памятаць. Ужо стаўшы прафесіяналамі, мы заўсёды ішлі да яе па параду і падтрымку, запрашалі на свае спектаклі (апошні мой спектакль, які яна бачыла, — “Ідылія”). Я заўсёды ўспамінаю, як Галіна Пятроўна працавала: яна ўсё рабіла праз любоў. Бывае, што некаму трэба паставіць задачу, некага трэба пахваліць, а з кімсьці пасварыцца, дык вось яна ўсё гэта рабіла праз любоў.

— І як рэагавалі на такія заўвагі?
— Акцёрская прафесія такая, што ўвесь час праходзіць праз заўвагі, калі табе на кожнай рэпетыцыі кажуць: і гэта не так, і тое не гэтак… І так усё жыццё. І, акрамя таго, што табе навакольныя робяць заўвагі, ты яшчэ і сам сябе ў нечым накручваеш. Таму для педагога, які вучыць акцёраў (і, я думаю, для любога педагога), вельмі важна не спыніць чалавека, каб не адбіць у яго ахвоту да далейшых дзеянняў, каб захаваць у навучэнцы веру ў (хай сабе і аддалены ў часе) поспех.

— Як вы вучыліся ў школе? Ці была схільнасць да нейкага прадмета?
— У нас была цудоўная школа з лінгвістычным (як зараз кажуць) напрамкам. Гэта была 30-я мінская школа, якая потым ператварылася ў 24-ю. Знаходзілася яна на вуліцы Рэвалюцыйнай (раён быў “вымарачны”, і з часам дзяцей станавілася ўсё меней), і калі я скончыла 8 класаў, 30-ю школу ліквідавалі, а нас злучылі з 24-й, якую мы і заканчвалі. Педагогі былі добрыя, вучылася я добра, але досыць складана.

— У чым праяўлялася гэтая складанасць?
— Проста я не любіла школу… І прычына гэтага была вельмі простая: я добра бачыла і разумела, што для настаўнікаў было важна, а што — не. У прыватнасці, што тагачасныя настаўнікі не бачылі ў тагачасных вучнях асобу.
Са мной за партай сядзеў хлопец, які ў звычайным класе быў бы выдатнікам, але з-за таго, што агульны ўзровень нашага класа быў вельмі высокі (не было не толькі двоечнікаў, але і троечнікаў таксама!), у клас ён крыху не ўпісваўся. Ён не мог ніколі ўседзець на месцы і за гэта ўвесь час атрымліваў заўвагі. Але ж змаглі ў ім нешта разгледзець, дзякуючы чаму той хлопец стаў паспяховым у дарослым жыцці! У нас былі такія людзі. Адзін з іх — Майсей Самсонавіч Фарбераў. Цудоўны стары яўрэй, які геніяльна выкладаў матэматыку. Ён добра разумеў, што я не дурніца, не тупіца, але мне не хочацца траціць час на тое, што мне не будзе патрэбна, што я здольны чалавек, але не ў матэматыцы. І нават чацвёрка па матэматыцы (бывала, што і нацягнутая) мяне задавальняла (ну не магла ж я зняславіць сваіх бацькоў). І таму я сядзела за першай партай, і ён дазваляў мне рабіць накіды (я ў гэты час займалася яшчэ і ў мастацкай школе!): “Рысуй! Рысуй, дзевачка, рысуй!”, а ў гэты час выкладаў вышэйшую матэматыку тым, каму гэта было патрэбна і хто гэтым цікавіўся. Майсей Самсонавіч цудоўна разумеў, што было трэба мне (свой абавязковы мінімум ведаў па матэматыцы я атрымлівала) і што было трэба маім аднакласнікам, якія папросту патрабавалі ад яго ведаў звыш школьнай праграмы.
А вось калі была літаратура, я была “на кані”. Магла закрыць сабой сваіх “матэматыкаў”, што-небудзь пачытаць на ўроку ці проста задурыць настаўніцы галаву. Калі трэба было недзе выступіць, я ішла і выступала і за клас, і за школу. Прытым што ўсе мае аднакласнікі — людзі начытаныя і адукаваныя: адназначных боўдзілаў у нас не было.
Пры ўсім гэтым у маім разумным класе я адчувала сябе не вельмі камфортна. І толькі зараз ад аднакласнікаў даведалася, што мой асабісты рэйтынг у класе быў вельмі высокі. Сапраўды, у школьныя часы я гэтага не ведала і лічыла сябе ў нечым недасканалай, бо не магла, напрыклад, пагаварыць пра хімію ці матэматыку. Ды і пра любімую літаратуру і музыку я магла пагаварыць толькі з аднакласніцай Таццянай Рудой, хаця здольных да музыкі людзей у нашым класе было многа.
Шмат што мне было нецікава, ды і рамкі школы ўсё роўна сціскалі. Але пры ўсім гэтым са школай мне пашанцавала.

— Ці часта сустракаецеся з аднакласнікамі?
— Клас сустракаецца часта, і калі ў мяне выпадае час, я абавязкова прыходжу на такія сустрэчы. Гэта прыгожыя, разумныя, паспяховыя, актыўныя людзі. Лёс іх раскідаў па ўсім свеце: нехта — у Амерыцы, нехта — у Германіі, нехта — у Расіі. І прафесіі ва ўсіх розныя: нехта добры мастак, як Саша Даманаў, нехта цудоўны ўрач, нехта падарожнік ці географ, які пакарае горшныя вяршыні, нехта матэматык. Але галоўнае — кожны з іх моцна стаіць на нагах у сваёй прафесіі.

— Відаць, была ў вашым класе нейкая цэментуючая сіла?
— У нас быў цудоўны класны кіраўнік — Ала Аляксандраўна Гофман. Яна была вельмі блізкім нам чалавекам, асабліва мне, бо выкладала рускую мову і літаратуру. Памятаю, некаторыя бацькі выказвалі прэтэнзіі да таго, як яна вучыла нас рускай мове. На самай справе вучыла яна цудоўна, проста сама больш любіла літаратуру, чым мову. Пры гэтым рускую мову ўсе ведалі вельмі добра ў адрозненне ад таго, як яе ведае сённяшняя моладзь (калі мае студэнты выконваюць нейкую пісьмовую работу, валасы дуба становяцца). Чаму так? Мы чыталі значна больш і чыталі добрую літаратуру. Дзякуючы ёй, наш клас сустракаўся з паэтамі і пісьменнікамі, мастакамі і скульптарамі, мы хадзілі на выставы і вельмі добра (падкрэслю яшчэ раз!) вывучалі літаратуру: настаўніца аддавала перавагу не таму, як мы вучылі на памяць, а таму, наколькі мы паглыбіліся ў літаратурны твор, і размова на ўроку была сапраўдная: ёй было цікава, наколькі наша ўласная думка наконт Пушкіна ці Дастаеўскага супадае з хрэстаматыйнай. І калі ў нас было сачыненне, я заўсёды мела магчымасць напісаць так, як падабаецца менавіта мне, і ведала, што настаўніца гэта зразумее (неяк я нават напісала сачыненне ў вершах!).

— Ці ёсць нейкі літаратурны твор, які зрабіў на вас вельмі значны ўплыў?
— У мяне з ранняга дзяцінства (а ў нашым доме чыталі заўсёды і ўсё) засталіся ўражанні ад сямейнага чытання ўслых. Для мяне заўсёды існуе і будзе існаваць Антон Паўлавіч Чэхаў, пачынаючы з яго маленькіх апавяданняў, але асабліва калі ён стаў не Чэхантэ, а менавіта Чэхавым, яго драматургія. А асаблівым скарбам мудрасці я лічу яго лісты. На Чэхаве я вучылася.

— Ці давялося вам на сцэне сыграць каго-небудзь з гераінь Чэхава?
— У інстытуце я сыграла “Драму”, потым была Сара ў спектаклі “Іванаў”, маці ў п’есе “Дзядзя Ваня”, Наталля ў п’есе “Тры сястры”, Аркадзіна ў пластычным спектаклі “Вішнёвы сад”, потым быў пластычны варыянт Ранеўскай. У беларускамоўным тэатры асабліва з Чэхавым “не разгуляешся”.

— Скончыўшы школу, вы адразу ступілі на акцёрскую сцежку?
— Я паступіла ў першы год, але не туды, куды адразу спрабавала. Пасля чацвёртага тура мне сказалі, што я малайчына, але я вельмі “завыхаваная” і сарамлівая і што са мной рабіць, не ведаюць.

— У адным з інтэрв’ю вы адзначылі, што многія комплексы ў вас выхавала маці…
— Алё ўсё гэта мне вельмі дапамагло. Калі б у маім жыцці не было гэтага крытычнага моманту, відаць, у нечым мне было б лягчэй, але ў той жа час я не змагла б над сабой так упарта працаваць. Бо для артыста самае галоўнае — умець працаваць над сабой і рабіць гэта ўсё жыццё. Гэта не тая прафесія, што можна нешта “схапіць”, устаць на п’едэстал і — “дайце мне карону!”. Калі ты не працуеш, акцёрская ўдача сплывае з тваіх рук. Увесь час трэба падтрымліваць сябе ў тонусе, быць у трэнінгу, каб арганізм не забываўся пра тое, чаму яго навучылі. Магчыма, гэта мінус прафесіі, але гэта і плюс адначасова. Калі да мяне паступаюць не вельмі ўпэўненыя ў сабе людзі, я стараюся разгледзець іх знутры, і вельмі хочацца іх адкрыць, як некалі адкрылі мяне.

— Як правал на ўступных экзаменах паўплываў на ваш прафесійны выбар?
— Для мяне правал быў надзвычай вялікім ударам. Перажывала я вельмі моцна, бо думала, што на гэтым маё жыццё скончылася.
Ніхто з сям’і асабліва не хацеў, каб я стала актрысай: гэта вельмі цяжкая і складаная работа, асабліва для жанчыны. У гэтай прафесіі трэба або мець амбіцыі, моцна выдзяляцца і нечага дабівацца, або вельмі камфортна адчуваць сябе ў залежным (ад сцэнарыста, рэжысёра і інш.) стане.
Тым часам якраз адкрыўся Інстытут культуры, і ўступныя экзамены былі крыху пазней за экзамены ў Тэатральна-мастацкі інстытут. Я сабралася, напісала творчую работу: намалявала дэкарацыі, напісала рэжысёрскую эксплікацыю і паступіла на рэжысёрскі факультэт. І менавіта там сустрэлася з Галінай Пятроўнай Вішкаровай.
Я паспяхова там адвучылася тры гады, а пасля трэцяга курса з няскончанай рэжысёрскай адукацыяй мяне перавялі на акцёрскі факультэт Тэатральна-мастацкага інстытута на курс Зінаіды Іванаўны Браварскай і Лідзіі Аляксееўны Манаковай.
Мяне тады ўбачыў вядомы тэатральны рэжысёр Барыс Уладзіміравіч Эрын і абурыўся: “Што ж гэта за бязладдзе! Чаму чалавек не вучыцца на акцёра?”. А маім бацькам сказаў: “Куды вы глядзіце! Чаму такая актрыса — не актрыса?”. І яшчэ тры гады я вучылася на акцёра — у выніку шэсць.

— Не шкада было страчанага года?
— Як склалася, так і правільна.

— Ці з’яўлялася потым жаданне завяршыць рэжысёрскую адукацыю?
— Ніякага абсалютна! Я ніколі не хацела працаваць рэжысёрам, і гэта быў вымушаны крок. Справа ў тым, што працэс навучання амаль нічым не адрозніваўся: тыя ж прадметы, тая ж праграма, акрамя таго, што ў рэжысёраў былі яшчэ і іншыя спецыяльныя прадметы. І тое, што я гэта ўсё прайшла, мне абсалютна не замінае — і ў акцёрскай рабоце, калі працую над сабой і выбудоўваю ролю, і ў педагагічнай дзейнасці.
Педагогіка — гэта ў нечым рэжысура, асабліва ў акадэміі мастацтваў. Выкладаючы майстэрства акцёра, прыходзіцца вельмі многае ставіць: ад першых эцюдаў да курсавых спектакляў.

— Ці ёсць у вас ролі, якія вам асабліва дарагія?
— Безумоўна. Сярод іх — роля Раісы ў спектаклі “Жыццё Карыцыны, або Урокі хірамантыі” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна па п’есе Алены Паповай, Мэры ў “Крывавай Мэры”. Вельмі любіла ролю Юліі-Югасі ў “Ідыліі” В.Дуніна-Марцінкевіча і ролю каралевы Малгажаты ў спектаклі “Івона, прынцэса Бургундская” Вітальда Гамбровіча.
Як актрыса я не люблю вясёлыя, камедыйныя спектаклі, а вось “Ідылія” была вельмі прыемнай і для гледачоў, і для нас, акцёраў. У гэтым спектаклі была глеба для ўнутраных пераўтварэнняў, для тэатральнай эксцэнтрыкі. Ён патрабаваў вялікіх фізічных сіл.

— Калі ваша дачка пайшла па вашых слядах?
— Пачалося тады, калі бессаромныя бацькі пасля 8 класа “запхнулі” яе ў тэатральную школу, перавёўшы з харэаграфічнай, што была побач з домам. Аргументацыя была жалезная: што ж гэта вырасце, калі бацька з маці недзе носяцца і не ўдзяляюць дзіцяці (з нашага пункта погляду) часу, а ў тэатральнай школе ў любым выпадку дзяцей будуць заахвочваць да самаразвіцця, і яны хоць будуць кніжкі чытаць.
Хаця з самага пачатку Валянціна была настроена больш вузка, чым я: з дзяцінства яна была ў тэатры (я была ў параўнанні з гэтым далей ад тэатра): у дзяцінстве іграла ў спектаклях і прысутнічала амаль на ўсіх маіх рэпетыцыях. І калі невялікі скрутачак ляжаў на сцэне, Мікалай Мікалаевіч Яроменка прыходзіў і шэптам казаў: “Яна крэхкае”, я адказвала: “Не звяртайце ўвагі!” і працягвала рэпеціраваць. У мяне такога не было: так, я прыходзіла ў тэатр, але ў мяне была бабуля, якая не працавала і з якой мы прыходзілі на казкі, заходзілі за кулісы. Але так, як Валя, я не жыла з дзяцінства на сцэне: мой бацька працаваў у тэатры, маці — у кансерваторыі.
Валянціна з тых дзяцей, якія, пакуль ішоў спектакль, ціха (“Каб ні гуку не было чуваць!”) сядзелі ў грымёрцы. Бедныя нашы рэквізітары і касцюмеры фактычна на час спектаклаў станавіліся для “тэатральных” дзяцей нянькамі і выхавацелямі. І, акрамя тэатральнага закулісся, яна амаль нічога і не ведала.
Такім чынам, было абсалютна натуральна, што пасля школы яна паступіла на акцёрскі факультэт да Лідзіі Аляксееўны Манаковай (так выйшла, што ў нас з Валянцінай адна школа і мы вучыліся ў аднаго педагога).

— Плюсам ці мінусам было і для вас, і для вашай дачкі паходжанне з акцёрскай сям’і?
— Мінусаў было значна больш. Найперш, на такіх дзецях, на жаль, ляжыць вялікая адказнасць. Мне было цяжка даказваць, што я нешта магу, бо ў мяне быў дзядуля (славуты “купалавец” народны артыст СССР Глеб Глебаў) і бацька (не менш славуты народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік), а ў Валянціны была яшчэ і я. І ўсе чакалі, калі ж гэта прырода адпачне, на што я адказвала: “А вы не лічыце, што такога можа не быць?”. І дачцэ было вельмі цяжка, асабліва на першых курсах.
Калі дзеці выбіраюць, куды паступаць, а ўласна кажучы, і на першых курсах, яшчэ асабліва не відаць, ці выйдзе з гэтага што добрае. Напрыклад, мае студэнты: на першым курсе вельмі цяжка зразумець, які акцёр з чалавека атрымаецца — думаеш пра аднаго, а раскрываецца, аказваецца здольным да творчага росту зусім іншы. Акрамя гэтага, нехта ўмее вучыцца, а нехта нават не імкнецца гэта рабіць. Уменне вучыцца, браць, усмоктваць, перапрацоўваць рабіць сваім — вельмі важнае для кожнага чалавека. Калі такога ўмення і жадання няма — навучыць немагчыма. І ты можаш выварочвацца як хочаш, але гэта будзе дарма.

— Як вы адрэагуеце, калі вашы ўнукі падтрымаюць сямейную традыцыю?
— Усё гэта вельмі складана. Валянціне палкі ў колы не ставіла, а, наадварот, імкнулася дапамагчы (хаця яна такі чалавек, што асабліва ёй і не дапаможаш: увесь час “Я сама!”). Прафесія вельмі складаная і вельмі цікавая. І калі рабіць сваю работу сур’ёзна і па-сапраўднаму, жыццё будзе цікавае, насычанае і складанае, а што такое лёгкае жыццё (для мяне гэта тое ж, што і нецікавае), я не ведаю. Складанасць прафесіі — у яе залежнасці: цябе ўвесь час выбіраюць, і гэта не заўсёды адбываецца правільна і сумленна. Але час усё расставіць па месцах, і калі ты нешта з сябе ўяўляеш, ты будзеш.
Але пакуль я не бабуля, хаця вельмі гэтага хачу і ўяўляю, як буду выхоўваць унукаў. Мяркую, я буду добрай бабуляй, ва ўсялякім выпадку буду вельмі старацца.

— Як у вас складваліся адносіны з сябрамі па двары?
— Я была вельмі шкадлівай дзяўчынкай. Двор у нас быў вельмі маленькі, бо былі музычная і мастацкая школы. У мяне быў вельмі жорсткі расклад і рамкі, і выхоўвалі мяне досыць строга. Канечне, я назірала за ўсімі: хто яны такія і што за людзі. І я выхоўвалася на прыкладах маці, бацькі, бабулі і дзядулі (з ім я мела вельмі невялікія стасункі, бо дзядуля памёр, калі я была яшчэ зусім маленькая).
Не зрабіць, зрабіць, але не ў час, даць слова і не выканаць, не прыйсці, спазніцца, не дапамагчы — гэта ў нашай сям’і быў нонсэнс. Такое здаралася вельмі рэдка, відаць, таму кара за гэта была надзвычай запамінальнай. Бывала, што і лупцавалі. Усяго некалькі разоў дасталася ад бацькі. Калі яго рука прыкладалася да аднаго месца, гэта было вельмі крыўдна. Памятаю, што “адхапіла” за тое, што паабяцала класу зрабіць газету, але не зрабіла. Бацька тады сказаў: “Калі паабяцала, хоць усю ноч сядзі, але ты павінна ўсё выканаць — чаго б табе гэта не каштавала. Гэта твая годнасць! Людзі чакалі, а ты падвяла!”.
Неяк быў такі выпадак. Гэта быў чацвёрты ці пяты клас. У нашай школе вучыліся дзеці ваенных, і аднаго новага хлопчыка, які прыехаў у Мінск аднекуль з Расіі, вызвалілі ад вывучэння беларускай мовы (была колісь такая практыка). І я (вось дзе ідыётка!) прыйшла дадому і падчас сямейнага абеду пачала абурацца, чаму мяне дасюль не вызвалілі ад беларускай мовы. Канечне, гэта была звычайная дзіцячая дурасць: якая ў такім ўзросце можа быць свядомасць?
На некалькі хвілін усталявалася абсалютная цішыня. Страшэнная цішыня. Бабуля і мама паглядзелі на Валянціна Сяргеевіча Белахвосціка: ён застыў. Лыжка лягла побач, і мне стала страшна. Я не зразумела, што я зрабіла, але мне стала страшна. Ён, стрымліваючы сябе, падняў галаву, утаропіўся ў мяне сваімі карымі вачыма і сказаў: “Беларускі хлеб ясі?.. Мову каб ведала лепш за рускую”. Мне патрэбен быў адзін яго погляд.
Я бачыла, як яны адносяцца да сваёй прафесіі, як займаюцца дома, як бацька працуе над роляй, як мама суткамі рыхтуецца да канцэртаў (яна працавала ў кансерваторыі канцэртмайстрам, і вакалісты яе папросту разрывалі на часткі). Я чула, пра што яны размаўляюць і што гавораць, якія кнігі абмяркоўваюць, які артыкул чытаюць услых — усе гэтыя, на першы погляд, дробязі складалі сямейнае выхаванне.

— У чым для вас як для педагога самая вялікая вучнёўская няўдзячнасць?
— У адносінах да прафесіі, якой я вучу, — непатрабавальнасць, здрада прафесіі, парушэнне акцёрскай этыкі. Вельмі хочацца размаўляць са сваімі вучнямі (калі іх выпускаеш) на адной мове, хочацца, каб яны цябе разумелі. Сёння я ўжо не падманваюся (як гадоў 15 назад, калі толькі пачынала педагагічную дзейнасць), разумею, што ківанне галавой не з’яўляецца паказчыкам разумення на тонкім узроўні.

— Безумоўна, напярэдадні Новага года я не магу не запытацца, ці была ў вашай акцёрскай практыцы роля Снягурачкі?
— Канечне. Нават не раз. І, будучы маладой артысткай, я зарабляла такім чынам. Я гэта вельмі не любіла, бо чалавек я адказны і павінна быць падрыхтавана да ўсяго, а тут да ўсяго не падрыхтуешся. Для мяне больш прыемнай місіяй было іграць Снягурачку для сваёй Валі, а Саша (муж актрысы Аляксандр Гарцуеў. — У.Ф.) быў Дзедам Марозам.

— Ці ёсць нейкія асаблівыя сямейныя традыцыі святкавання Новага года?
— Традыцыі, відаць, такія, як ва ўсіх. Усе жанчыны ў нашай сям’і вельмі смачна гатуюць, таму праблемы накрыць святочны стол для нас не існуе. Усё павінна быць добра, смачна, прыгожа і многа (увесь час усе худзеюць, а на Новы год дазваляюць сабе крыху расслабіцца). Стараемся сабрацца ўсёй сям’ёй. Потым усе могуць раз’ехацца хто куды. Раней мы ўсе — бацькі, мая сям’я і сям’я маёй малодшай сястры Надзеі — збіраліся ў бацькоў, а зараз мы збіраемся дзвюма сем’ямі.
Вельмі люблю дарыць усім падарункі. Прычым раблю ўсе падарункі сваімі рукамі: мне падабаецца выдумляць і канструяваць: шыю, вяжу, малюю і г.д. Апошняе, што рабіла, — калядныя вянкі: пляла, расфарбоўвала, клеіла. Сапраўды, атрымалася лепш, чым у магазіне. Калі я ўсё гэта раблю? У вольны час, якога не так многа. Часам раблю гэта па начах, калі ў мяне бяссонніца, прычынай якой часта становяцца мае студэнты, я магу паўночы прасядзець і нешта “калупаць”.

— Ці ёсць у вас фірменная святочная сямейная страва?
— Каралеўскі торт з журавінамі. Яго рабілі яшчэ наша бабуля, маці, а зараз робім мы з Надзяй. Гэта вельмі смачна, вельмі карысна і не вельмі тлуста.

— Дзякуй вялікі за размову. Віншуем вас і вашых родных з надыходзячымі святамі. Хай у новым годзе вам спрыяе лёс, а вірлівае жыццё дорыць толькі акцёрскія і жыццёвыя радасці.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.