“Зрабі сябе сам”, ці Першыя крокі ў праграмаванне

Дзеці, якія сабраліся на конкурс Make yourself (“Зрабі сябе сам”), выглядаюць меншымі за свае ноўтбукі, а іх рукі, здаецца, ледзь могуць абхапіць камп’ютарную мыш. Складана паверыць, што кожнае з іх ужо стварыла сваю першую праграму — адукацыйную гульню, якая дапаможа школьнікам вывучаць матэматыку. Конкурс дыдактычных аплетаў, створаных у асяроддзі візуальнага праграмавання Scratch, прайшоў у Мінску 12 мая.

Ксенія (на фота) паказвае мне сваю гульню Logical chest — начное неба, зоркі на якім трэба запаліць, абгуляўшы камп’ютар у шахматы. У кожным з сямі ўзроўняў — свая музыка, свой прыз у каляровай скрыні. Зусім як дарослы распрацоўшчык, дзяўчынка расказвае пра сваю мэтавую аўдыторыю, арганізацыю кода і планы па ўдасканаленні праграмы. І між іншым пытае, на якой мове мы будзем гуляць. Англійская таксама ёсць у настройках гульні, у XXI стагоддзі па-іншаму нельга.

За прэзентацыяй Ксеніі сочаць Багдан і Паліна Грыцавец, заснавальнікі адной з папулярных сёння дзіцячых анлайн-школ праграмавання. Пазней да Ксеніі падыдуць і іншыя прадстаўнікі журы — выкладчыкі, праграмісты, спецыялісты па кар’еры. Усе яны будуць разглядаць праграму з пункту гледжання яе карыснасці, зручнасці, дызайну. Але галоўнае — цікавы сюжэт, каб захапіць гульнёй нават самых заўзятых двоечнікаў.

— Уявіце, што я маці пяцікласніка, які зусім не цікавіцца матэматыкай. Вельмі хачу выбраць гульню, якая прымусіла б сына займацца з захапленнем, — апісвае свой сцэнарый псіхолаг Ганна Ісачанка. — Што вы можаце мне прапанаваць?

Любы стартап пачынаецца з запатрабаванняў аўдыторыі, і маленькіх праграмістаў ужо з малодшай школы прывучаюць адчуваць запыты часу і глядзець на камп’ютарны прадукт вачыма карыстальніка. Асобна журы абмяркоўвае з удзельнікамі рэакцыю першых гульцоў: якія былі пажаданні, што было дабаўлена ці спрошчана па іх заўвагах?

Калі водгукаў яшчэ не было, выправіць сітуацыю можна падчас самога конкурсу. У якасці тэсціроўшчыкаў выступаюць старшыя школьнікі, настаўнікі. Я таксама бяруся паспрабаваць некалькі аплетаў. Трэнірую вакамер і паўтараю віды вуглоў падчас гульні ў баскетбол, шукаю “х”, каб намаляваныя дзяўчынкі змаглі ператварыцца ў фей з нейкага папулярнага мульціка, рашаю прыклады з дробамі і гэтым дапамагаю Нязнайку трапіць на Месяц…

— Шмат часу сядзець за камп’ютарам шкодна! — строга папярэджваюць мае “мучыцелі”, уключаюць для мяне размінку для вачэй ці фізкультхвілінку, якую намалявалі самі, і ўладным тонам дадаюць: — Паўтарайце за танцорам!

Што рабіць? Рухаюся разам з хлопцам ці дзяўчынкай на экране, сачу вачыма за матыльком ці шарыкам, які малюе колы і васьмёркі. Пасля праходжу лабірынты, гляджу мульцікі. І гэта толькі першая намінацыя…

І тэсціроўшчыкам, і суддзям школьнікі задаюць пытанні, уважліва слухаюць адказы. На спецыяльных аркушах члены журы пакідаюць водгукі. Гэтыя нататкі, ці па-сучаснаму фідбэк, — і ёсць галоўны прыз конкурсу: прафесійныя праграмісты на роўных з вучнямі трэцяга, чацвёртага класа абмяркоўваюць іх аплеты, даюць слушныя парады і матывуюць дапрацоўваць гульню. Канечне, падчас узнагароджання тыя, хто атрымае сертыфікат удзельніка, а не дыплом пераможцы, засмуцяцца, але рук не апусцяць, бо ім увесь час нагадваюць: новыя поспехі яшчэ наперадзе, месца ў ІТ-сферы хопіць кожнаму.

А пакуль журы абмяркоўваюць за закрытымі дзвярыма працы, маленькія праграмісты зноў ператвараюцца ў звычайных дзяцей: зацікаўлена глядзяць фільм пра атамную энергію і наперабой адказваюць на пытанні віктарыны, якую праводзяць супрацоўнікі Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі, што прыняў спаборніцтва пад сваім дахам.

Куратар конкурсу Наталля Аляксандраўна Курсава, настаўніца інфарматыкі гімназіі № 37 Мінска, падкрэслівае, што першага ці другога месца ў Make yourself няма. Нават у бланках журы толькі дзве ацэнкі — “працуе выдатна” ці “трэба дапрацаваць”. А дыпламантаў вылучаюць для таго, каб вызначыць удзельнікаў фінальнага — міжнароднага — этапу, які адбудзецца ў верасні і збярэ маленькіх праграмістаў з розных краін. Яго мэта — пазнаёміць беларускіх школьнікаў з замежнай культурай праграмавання. Такі ранні старт, упэўнена Наталля Аляксандраўна, дапаможа дзецям знайсці ўласны шлях у індустрыю і цалкам рэалізаваць свой патэнцыял.

Напрыканцы дзеці разбіраюць падарункі ад асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”. Няцяжка здагадацца, што гэта кнігі — самавучыцелі розных моў праграмавання (JavaScript, Pithon, С++). Для тых, хто ўжо засвоіў вучэбнае асяроддзе Scratch і атрымаў асалоду ад стварэння сваёй першай праграмы, час рабіць наступны крок. І вельмі прыемна бачыць, з якой усвядомленасцю і адказнасцю робяць гэта нашы будучыя Маркі Цукербергі і Білы Гейтсы.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *