Зрабіць БДУ правадніком па ўзаемадзеянні ва Усходняй Еўропе з кітайскімі ВНУ

БДУ і Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт плануюць адкрыць інстытут дыстанцыйнага навучання. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка Старшыні КНР Ван Цішаня з рэктарам Белдзяржуніверсітэта Андрэем Каралём.

Рэктар БДУ ў час сустрэчы падзяліўся найбліжэйшымі планамі па паглыбленні і пашырэнні беларуска-кітайскіх сувязей. “Стратэгічнай задачай з’яўляецца імкненне зрабіць БДУ ў маштабах Усходняй Еўропы пляцоўкай, правадніком па ўзаемадзеянні з кітайскімі ВНУ, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Плануецца таксама адкрыць інстытут дыстанцыйнага навучання сумесна з Даляньскім політэхнічным універсітэтам”. Акрамя таго, БДУ мае намер падпісаць з ім дадатковае фінансавае пагадненне. У ВНУ нагадалі, што БДУ і Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт стварылі сумесны інстытут, які працуе ўжо год.

Ван Цішань падкрэсліў, што Беларусь — адна з дзяржаў, дзе надаецца вялікае значэнне развіццю адукацыйнай сістэмы. Ён адзначыў дальнабачнасць і правільнасць такой пазіцыі для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым.

Намеснік Старшыні КНР у час наведвання БДУ азнаёміўся з яго фундаментальнай бібліятэкай — найстарэйшай і найбуйнейшай на тэрыторыі Беларусі. Яе віртуальны аналаг уваходзіць у сотню лепшых бібліятэк свету. Кітайскаму госцю расказалі аб асноўных этапах станаўлення бібліятэкі. Ван Цішань наведаў выставу кніг, прымеркаваную да 200- годдзя вялікага мысліцеля Карла Маркса, дзе былі прадстаўлены арыгінальныя выданні, якія датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя.

Акрамя таго, высокі госць пабываў у музеі гісторыі, дзе азнаёміўся з летапісам першага беларускага ўніверсітэта, сусветнымі навуковымі адкрыццямі вучоных БДУ, удзелам прафесараў ВНУ ў стварэнні ААН. У Музеі землязнаўства яму прадставілі ўнікальныя калекцыі мінералаў, горных парод і палеанталагічных экспанатаў. Знаёмства з БДУ завяршылася экскурсіяй па галерэі ўніверсітэта, прысвечанай выдатным асветнікам Беларусі і сусветна вядомым мысліцелям, у шэрагу якіх і вялікі кітайскі філосаф Канфуцый.