Зрабіць дзяцей шчаслівымі

- 11:02Нам пішуць

Сям’я аказвае самы моцны ўплыў на выхаванне дзіцяці. Ні адна дашкольная ўстанова, ні адна школа не змогуць самастойна, без дапамогі бацькоў сфармаваць гарманічную і ўсебакова развітую асобу. Калі ў сям’і ўсё добра, то і дзіця будзе развівацца добра, але ў той жа час, калі ў сям’і ёсць “падводныя камяні”, гэта не можа не адбіцца на дзіцяці. У шэрагу выпадкаў, як гэта ні сумна, адабранне дзяцей у бацькоў — сапраўды неабходная мера.

Ва ўсёй рэспубліцы дзейнічае сістэма сацыяльна-педагагічных цэнтраў. У нашым раёне адкрыты і функцыянуе з 2005 года Свіслацкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, галоўнай задачай яго з’яўляецца аказанне комплекснай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

За час дзеяння Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” з 2006 года ў Свіслацкім раённым СПЦ прайшлі рэабілітацыю больш за 270 дзяцей. 200 хлопчыкаў і дзяўчынак вярнуліся ў біялагічныя сем’і, 71 дзіця змешчана ў замяшчальныя сем’і: 42 дзіцяці ўладкованы ў прыёмныя сем’і, 29 малых трапілі пад апеку да сваякоў; 2 дзіцяці ўсыноўлены, 9 дзяцей былі накіраваны ў інтэрнатныя ўстановы. Аднак з 2010 года ў нашым раёне вызначылася станоўчая тэндэнцыя: ўсіх дзяцей, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх праў, мы перадаём у замяшчальныя сем’і, у інтэрнатныя ўстановы малыя не накіроўваюцца.

Праблемы дзіцяці ў нашым цэнтры вырашаюцца ў цесным узаемадзеянні ўсіх педагогаў і ў першую чаргу дзякуючы дапамозе педагога-псіхолага. У яго руках — найноўшыя тэхналогіі, якія дазваляюць неназойліва вырашаць дзіцячыя праблемы і цяжкасці, у прыватнасці, праблемы, звязаныя з эмацыянальным светам дзіцяці. Эмоцыі дзiцяцi, якое засталося без апекі бацькоў, дастаткова бедныя, адсюль і звязаныя з гэтым праблемы: адсутнасць суперажывання, жорсткасць, агрэсіўнасць, немагчымасць уявіць сябе на месцы іншага. Развіваючы эмацыянальны свет дзіцяці, мы вучым яго аналізаваць уласныя паводзіны, падводзім да разумення і ўсведамлення чужых перажыванняў і ўчынкаў, з прычыны чаго змяняюцца і паводзіны самога дзіцяці. Фарміраванне ў дзяцей эмацыянальнай стабільнасці, развіццё эмацыянальнай сферы з’яўляюцца неабходнай умовай сацыялізацыі.

Для таго каб забяспечыць псіхалагічны камфорт, стварыць у свядомасці дзіцяці вобраз дома, у нашай установе створаны ўмовы, набліжаныя да дамашніх: асобныя спальныя пакоі, мяккая мэбля ў групе, тэлевізар, дываны. Мэбля падабрана такім чынам, што можа быць выкарыстана як для прыёму ежы, так і для правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў, гутарак, круглых сталоў. Для дзяцей школьнага ўзросту сабрана бібліятэка, маецца сучасная аўдыё-, відэатэхніка. Для арганізацыі гульнявой дзейнасці дашкольнікаў у групе ёсць цацкі і гульнявыя наборы: “Няня”, “Кухня”, “Шпіталь”, развіццёвыя гульні, будаўнічыя наборы.

Бясспрэчна, усяго гэтага не было б без нашых спонсараў, людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, чулых і спагадлівых да чужых праблем. Дзякуючы ім штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, абнаўляецца склад гульнявых набораў для дзяцей. Штогод падчас правядзення дабрачынных акцый “Нашы дзеці”, “Збяром дзяцей у школу” нашых выхаванцаў падтрымліваюць дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі і ўстановы раёна.

Для зняцця напружання, стварэння мікраклімату, а таксама рэалізацыі выхаваўчых задач у цэнтры створана мастацкая майстэрня, у якой прадстаўлены разнастайны матэрыял для творчасці дзяцей: гліна, фарбы, папера, прыродны матэрыял, тканіна. Працуючы з матэрыялам рознай структуры, дзіця выказвае свае эмоцыі, расслабляецца, праяўляе творчасць і фантазію, думае пазітыўна.

Для навучання дзяцей асновам кулінарыі і навыкам вядзення хатняй гаспадаркі ў цэнтры арганізавана работа блока сацыяльнай адаптацыі, які абсталяваны ўсім неабходным. Па суботах пад кіраўніцтвам выхавальніка, альбо кагосьці з бацькоў дзеці рыхтуюць святочныя стравы, сустракаюць дні нараджэння, вывучаюць і асвойваюць беларускую кухню, знаёмяцца з традыцыямі свайго народа, рыхтуюць такія святы, як Масленіца, Вялікдзень.

Сем’і часта самі звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў нашага цэнтра. І тут нікому не адмовяць у падтрымцы і ўвазе. У гэтым напрамку цэнтр праводзіць сумесную работу з дзіцячымі садамі, школамі, установамі аховы здароўя, камісіяй па справах непаўналетніх. Акрамя таго, на базе цэнтра функцыянуюць клубы, гатовыя аказаць дапамогу дзецям і бацькам: “Крошкаа” (для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў), “Надзея” (для сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі), “Сямейны ачаг”(для прыёмных бацькоў), “Падлетак” (для непаўналетніх, якія маюць цяжкасці ў паводзінах).

Галіна ЖАРКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Свіслацкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.