Зрабіць каледжы больш прывабнымі для моладзі – адна з надзённых задач сталічнай адукацыйнай галіны

- 9:43Актуально

Пашырыць спектр паслуг дадатковай адукацыі, павялічыць колькасць абітурыентаў па кірунках профільных класаў — важныя тэмы сталічнай адукацыі абмеркавалі на выніковым пасяджэнні калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пасяджэнні разглядалася развіццё класаў профільнай і прафесійнай накіраванасці.

— Што тычыцца класаў прафесійнай накіраванасці, то паказчыкам іх работы павінна быць не колькасць навучэнцаў і не колькасць гэтых класаў, а коль­касць і працэнт тых, хто паступіў па профілі адпаведнага класа, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Гэтай тэме было прысвечана і выступленне першага намесніка старшыні камітэта па адукацыі Людмілы Барысенка. Па яе словах, сёння пасля заканчэння 9 класа каля 60—65% навучэнцаў вяртаюцца ў 10-ы, але далёка не для ўсіх з іх трэцяя ступень агульнай сярэдняй адукацыі аказваецца паспяховай. Таму, адзначыла яна, неабходна арыента­ваць дзяцей на атрыманне рабочых прафесій. Па яе словах, работа па перабудове адукацыйных маршрутаў навучэнцаў павінна весціся больш шчыльна і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі, і кале­джамі.

Пры гэтым Людміла Барысенка расказала пра якасныя зрухі ў сістэме прафесійнай адукацыі сталіцы:

— Па-першае, значныя змяненні закранулі адукацыйную інфраструктуру вучэбна-матэрыяльнай базы кале­джаў. Толькі за апошнія тры гады выдаткі на набыццё абсталявання павялічаны амаль у 15 разоў. Асабліва паказальны ў гэтых адносінах 2024 год. Па-другое, выбудавана мабільная, гнуткая і шматпрофільная структура падрыхтоўкі кад­раў, якая практычна сінхранізавана са структурай эканомікі горада. Па-трэцяе, сур’ёзны акцэнт зроблены на практыкаарыентаванасці навучання: каля 65—70% вучэбных планаў склада­юць вытворчае навучанне і практыка, прычым з улікам асаблівасцей канкрэтных прадпрыемстваў.

Абазначаючы задачы на 2025 год, Л.Барысенка адзначыла:

— Неабходна нарасціць аб’ёмы падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна. Прыярытэт — спецыяльнасцям, неабходным на вытворчасці. Толькі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі мы плануем набраць каля 5,2 тысячы школьнікаў (у мінулым годзе іх было каля 4,5 тысячы). Каб наблізіць падрыхтоўку навучэнцаў каледжаў да ўмоў рэальнай вытворчасці, на прадпрыемствах будуць створаны дзевяць вучэбных майстэрань і ўчасткаў.

Станоўчая дынаміка намецілася і ў дашкольнай адукацыі. На сёння напаўняльнасць дзіцячых садоў у сталіцы вагаецца ў межах 50—140% ад праектнай магутнасці. Самыя запатрабаваныя ў бацькоў установы знаходзяцца ў раёнах новай жылой забудовы, але пры гэтым у асобных раёнах горада ёсць дзіцячыя сады, якія, наадварот, дзяцей недабіраюць. Па меркаванні ўдзельнікаў пасяджэння калегіі, стаць больш прывабнымі для бацькоў і выхаванцаў гэтыя ўстановы змогуць дзякуючы пашырэнню пераліку адукацыйных паслуг і аснашчэнню сучасным абсталяваннем.

Абазначаючы перспектывы работы з адоранымі навучэнцамі, Вольга Смірнова, намеснік старшыні камітэта па адукацыі, падкрэсліла, што хоць у 2024 годзе Мінск выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і конкурсу работ даследчага характару, усё ж у гэтым кірунку неабходна выкарыстоўваць і новыя фарматы па развіцці інтэлектуальнай адоранасці. У прыватнасці, яна адзначыла, што следам за ваенна-патрыятычнымі клубамі, медыяцэнтрамі ў школах і гімназіях варта стварыць і клубы “Што? Дзе? Калі?”, школы юных даследчыкаў, навуковыя таварыствы, цэнтры інтэлектуальных гульняў.

У межах пасяджэння калегіі адбылося ўзнагароджанне лепшых педагогаў. Так, нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” атрымалі дырэктар сярэдняй школы № 155 Алена Гіль, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маскоў­скага раёна Таццяна Ізотава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 146 Наталля Калыхан, настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 3 Валянціна Пазнякова.

Установамі адукацыі, удастоенымі найвышэйшай узнагароды “Знак якасці”, сталі дзіцячы сад № 250, сярэдняя школа № 155, гімназія № 41 імя В.Х.Ся­рэбранага, спецыяльная школа № 14, ЦДАДіМ “Маяк”, Мінскі дзяржаўны каледж кулінарыі, Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Ленінскага раёна.

Сярод раённых упраўленняў 1-е месца атрымала ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Ленінскага, 2-е — упраўленні Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў, 3-е месца падзялілі ўпраўленні Партызанскага і Савецкага раёнаў.

У рамках пасяджэння калегіі працавала выстава “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця”. На ёй педагогі сталічных устаноў адукацыі прэзентавалі свае інавацыі і новыя выхаваўчыя праекты, дзяліліся вопытам ранняй прафарыентацыі, арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, пашырэння спектра прафесій у прафесійнай падрыхтоўцы асоб з АПФР.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара