Зрабіць магчымае і немагчымае

- 13:03Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Гэтае лета Алене Мікалаеўне Хаміцэвіч запомніцца асаблівай падзеяй. Яе шматгадовая праца ў сістэме прафесійнай адукацыі адзначана высокай узнагародай: дырэктар Салігорскага дзяржаўнага каледжа ўдастоена медаля “За працоўныя заслугі”.  

 Алена Мікалаеўна, па-першае, дазвольце павіншаваць вас з такой значнай падзеяй!  Падзяліцеся эмоцыямі: што для вас азначае гэтая ўзнагарода? 

— Я ўсхваляваная і шчаслівая, адчуваю радасць і гордасць. Я ўдзяч­на за ацэнку маёй працы на такім высокім узроўні. Хачу ска­заць, што ўзнагароду, якой удастоена, я лічу не толькі сваёй, але і ўсяго калектыву каледжа, у якім кожны робіць свой уклад у агульную справу.

Назва медаля — “За працоўныя заслугі” — кажа сама за сябе. Дзякуючы працы, людзі дасягаюць вышынь у прафесіі. Да такіх вынікаў я таксама імкнуся, спаўна аддаюся працы, натхняюся і працягваю натхняць іншых захопленасцю сваёй справай, пастаянным творчым пошукам, дасягненнямі і клопатам пра людзей.

— Ваш працоўны шлях, які прывёў да такой значнай узнагароды, звязаны менавіта з Салігорскім каледжам. Як даўно вы працуеце ва ўстанове? 

— Я пачынала свой працоўны шлях у 1990 годзе з выкладчыка інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі. Тады гэта было Салігорскае сярэдняе гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 72 будаўнікоў. З таго часу ўстанова не раз была рэарганізавана і мяняла сваю назву. З 1998 года я працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, пазней — па вучэбна-вытворчай рабоце. А ў 2018 годзе я ўзначаліла Салігорскі дзяржаўны каледж.

— Вы кіруеце паспяховай установай адукацыі, якая карыстаецца павагай у калег з усёй краіны і попытам у дзяцей і іх бацькоў. Што, на ваш погляд, у першую чаргу неабходна для эфектыўнай работы? 

— Для паспяховасці ўстановы кожны кіраўнік вызначае для сябе самыя актуальныя і прыярытэтныя напрамкі дзейнасці. Для мяне гэта перш за ўсё стварэнне ўмоў для прафесійнага здароўя адміністрацыйнай каманды і ўсяго педагагічнага калектыву. Сёння мы па праве можам ганарыцца згуртаваным калектывам, дзе пануе атмасфера высокай адказнасці, прафесійнай кампетэнтнасці, ініцыятывы, крэатыўнасці, узаема­разумення і даверу як паміж членамі педагагічнага калектыву, так і паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

А вынік такога ўзаемадзеяння — высокая якасць падрыхтоўкі выпускнікоў, будучых спецыялістаў і рабочых і іх канкурэнтаздоль­насць на рынку працы. Арганізаваны ў каледжы адукацыйны пра­цэс дазваляе навучэнцам не толькі атрымаць якасныя сучасныя практыка-арыентаваныя веды, але і рэалізаваць сябе ў многіх відах дзейнасці — ад прафесійнай да творчай і спартыўнай.

У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі Салігорска. Гэта таксама неабходна для эфектыўнай работы.  Дзякуючы таму, што нашы дзеці навучаюцца на вытворчых пляцоўках высокатэхналагічных сучасных прадпрыемстваў, яны знаёмяцца з самымі перадавымі вытворчымі тэхналогіямі, атрымліваюць добрую прафесійную базу, а значыць, могуць быць упэўнены ў заўтрашнім дні. 

— Якімі дасягненнямі ўстановы найбольш ганарыцеся? 

— На шчасце, іх шмат, усё пералічыць не атрымаецца. Раскажу толькі пра апошнія. У красавіку 2022 года ў першай рэспубліканскай алімпіядзе па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” каманда Салігорскага дзяржаўнага каледжа заняла 1-е месца. 

Мы ганарымся  паспяховымі выступленнямі сваіх навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа на конкурсах прафмайстэрства ў розных кампетэнцыях. 

Пацвярджэннем паспяховай працы калектыву каледжа па пад­рыхтоўцы рабочых кадраў з’яўляюцца і вынікі штогадовага рэспубліканскага конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэс­публікі Беларусь”. Наш каледж тройчы адзначаны ўзнагародамі ў намінацыі “Арганізацыя года”. У 2019 і 2021 гадах мы атрымалі дыпломы лаўрэата, у 2020-м — ганаровы дыплом пераможцы.

Супрацоўнікі каледжа вя­дуць 30 аўтарскіх адукацыйных блогаў, распрацавалі 4 віртуальныя праекты, у тым ліку тры музеі, 14 аўтарскіх электронных сродкаў навучання.

Штогод пацвярджаюцца высокія спартыўныя дасягненні: першыя месцы ў абласной спартакіядзе, штогадовыя дыпломы за асабістае і каманднае першынство ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

У рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Выхаваўчае асяроддзе як фактар станаўлення і развіцця асобы” трэці год запар педагагічны калектыў займае лі­дзіруючыя пазіцыі (па пяць дыпломаў I ступені на абласным і рэспубліканскім этапах). На 18-й і 19-й рэспубліканскай выставе педагагічнага вопыту нашы работы адзначаны дыпломамі I ступені.

Такія ж добрыя вынікі (дыпломы I, ІІ, III ступеней) удзелу ў рэспубліканскіх аглядах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, конкурсах “Энергамарафон”,
“ПРАФ-БУМ”, “ПрафАрт” і інш. 

Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам і развівацца ў інавацыйнай плыні. Супрацоўнікі каледжа вя­дуць 30 аўтарскіх адукацыйных блогаў, распрацавалі 4 віртуальныя праекты, у тым ліку тры музеі, 14 аўтарскіх электронных сродкаў навучання. Чатыры гады запар нашы электронныя адукацыйныя рэсурсы ў конкурсе інфармацыйных тэхналогій адзначаліся дыпломамі I, ІІ, III ступеней. У 2022 годзе электронны вучэбны дапаможнік “Граматыка ў гульнях” у намінацыі “Інклюзіўная адукацыя” на заключным этапе конкурсу заняў 1-е месца.

— Зроблена сапраўды многа. А якія задачы ставіць перад сабой калектыў на будучыню?

— Лічу, што мы павінны пастаянна працаваць над захаваннем свайго іміджу і прэстыжу. Трэба развіваць і ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа — плануем рабіць гэта за кошт пазабюджэтных сродкаў, аказання платных паслуг, прыцягнення арганізацый — заказчыкаў кадраў да сумеснага фінансавання падрыхтоўкі кадраў. 

Актуальнай застаецца работа па ўдасканаленні якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснага ўзроўню інавацыйнага развіцця галін эканомікі. Акцэнт будзем рабіць на сумеснай рабоце з заказчыкамі кадраў і актывізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Сярод задач — працаваць над удасканаленнем форм і метадаў праф­арыентацыйнай работы, удзяляць асаблівую ўвагу прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод навучэнцаў. Фарміраваць і разві­ваць адаптыўнае асяроддзе для лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі, развіваць інклюзіўнае асяроддзе — таксама адзін з нашых прыярытэтаў на будучыню. 

І галоўнае ва ўсе часы — фарміраваць грамадзянска-патрыя­тыч­ныя, духоўна-маральныя кам­петэнцыі, садзейнічаць усебаковаму і гарманічнаму выхаванню будучага спецыяліста, грамадзяніна і патрыёта.

— Раскажыце аб вашых прынцыпах работы як кіраўніка. 

— Кіраўнік, на маю думку, павінен усведамляць, што ключ да поспеху ўстановы — гэта яго калектыў. Мабыць, самая вялікая ўдача ў маім жыцці — гэта работа ў стабільным, прадукцыйным калектыве. Калі працуеш поруч з такімі на­дзейнымі, прыстойнымі людзьмі, атрымліваецца магчымае і немагчымае. Наша каманда — гэта саюз аднадумцаў, таленавітых выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, людзей з адзінымі каштоўнасцямі, поглядамі і перакананнямі. 

Напэўна, галоўны сакрэт, чаму нас выбіраюць дзеці і іх бацькі, — гэта паважлівае стаўленне да традыцый і пастаянны пошук новых магчымасцей для развіцця.

Інавацыі і ініцыятывы, клопат пра людзей, стварэнне камфортных умоў для развіцця творчага патэнцыялу педагогаў і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, выхаванне дастойных грамадзян роднай Беларусі — вось арыенціры маёй кіраўніцкай дзейнасці. Ба­чыць мэты, прагназа­ваць вынікі, браць на сябе адказнасць за калектыў, разумець людзей, ба­­чыць у кожным асобу, здольную самаўдасканальвацца, — галоўнае ў працы кіраўніка. Адказнасць, ініцыятыўнасць, валоданне сучаснымі інавацыйнымі тэхналогіямі, рацыянальнае планаванне як уласнай дзейнасці, так і калектыўнай, пастаноўка дакладных мэт, адкрытыя і сумленныя зносіны і, вядома ж, прызнанне дасягненняў кожнага — абавязковыя ўмовы каманднай работы на вынік. Пры гэтым важна ўмела расстаўляць прыярытэты і вызначаць першачарговыя задачы ва ўмовах
жыцця, якія імкліва мяняюцца.

— На што звяртаеце ўвагу пры прыёме на работу? Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб стаць часткай вашага калектыву? 

— Выбар педагога — адно з самых надзённых пытанняў, бо ад педагога залежыць вельмі многае ў навучальнай установе. Ён павінен быць добразычлівым і прафесійным, артыстычным і арганізаваным, уважлівым да дробязей і тактоўным, прыстойным і сумленным…  А самае галоўнае — любіць і разумець дзяцей!

— А з  моладдзю як выбудоўваеце зносіны? 

— Сучасныя маладыя лю­дзі адрозніваюцца рознабаковасцю поглядаў, меркаванняў, захапленняў. Але ў той жа час кожны з іх хоча быць пачутым, заўважаным, таму, па магчымасці, стараюся да кожнага падыходзіць індывідуальна. Выбудоўваю адносіны на даверы, прымаю іх такімі, якія яны ёсць. Бачу ў іх асобу і стараюся на роўных весці дыялог. Лічу, што ў рабоце з сучаснай моладдзю неабходна быць паслядоўным, выразна выбудоўваць лінію патрабаванняў і абавязацельстваў, тады і вынік бу­дзе бачны.

— Вы даўно працуеце ў сістэме прафадукацыі і назіраеце яе развіццё знутры. Наколькі эфектыўна, на ваш погляд, працуе сістэма ПТА і ССА ў цяперашні час?

— Пераканана, што ў нашай краіне склалася сістэма адукацыі, якая дазваляе кожнаму рэалізаваць сваё права на адукацыю, каб быць паспяховым і запатрабаваным у грамадстве.  

Што тычыцца сістэмы прафесійнай адукацыі, варта адзначыць адно з самых важных яе дасягненняў — гэта выразная практыка­арыентаванасць. Добрым спецыя­лістам можна стаць, толькі калі пастаянна і сістэмна развіваць і ўдасканальваць практычныя кампетэнцыі навучэнцаў, таму больш за 60% вучэбнага часу юнакі і дзяўчаты асвойваюць вучэбныя праграмы на практычных занятках.

Эфектыўна працуе створаная ў краіне сетка рэсурсных цэнтраў. На іх базе ў вучэбны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы ў сферы прафесійнай адукацыі: ствараюцца сучасныя вучэбна-вытворчыя майстэрні, сфарміраваны банк нацыянальных вучэбных дапаможнікаў па масавых спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку і электронных адукацыйных рэсурсаў, наладжана сістэма ўзаемадзеяння паміж установамі прафесійнай адукацыі па абмене вопытам і трансляцыі лепшых педагагічных знаходак, па павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў, аператыўна развіваецца практыка дыстанцыйнага навучання. Сёння больш за 80% семінараў і навучальных курсаў для педагогаў праходзяць у дыстанцыйнай форме.

Сістэма ПТА і ССА сёння вельмі чуйна рэагуе на змены патрэб эканомікі дзякуючы гнуткаму прававому механізму, які забяспечвае ўзаемасувязь патрэб арганізацый — заказчыкаў кадраў, з аднаго боку, і аб’ёму падрыхтоўкі кадраў на розных узроўнях прафесійнай адукацыі — з другога. 

— Над чым, на ваш погляд, яшчэ трэба працаваць? Якія напрамкі развіцця прафадукацыі ў нашай краіне вы назвалі б прыярытэтнымі?

— Думаю, трэба ўмацоўваць і развіваць ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Так, сёння сувязі з рэальным сектарам эканомікі наладжаны, але іх трэба пашы­раць, каб аператыўна рэагаваць на змяненні на рынку працы. Заказчыкі кадраў павінны не толькі дапамагаць у фарміраванні лічбаў прыёму і потым удзельнічаць у размеркаванні, але і браць удзел непасрэдна ў працэсе навучання: дапамагаць удасканальваць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, павы­шаць якасць праходжання вучэбнай практыкі і вытворчага навучання. Прадпрыемствам і арганізацыям варта далучацца і да прафарыентацыйнай, выхаваўчай работы. Лічу, што такая сумесная работа дасць максімальны эфект. 

Гутарыла Дар’я РЭВА. 
Фота з уласнага архіва гераіні.