Зразумей сябе, каб зразумець іншых

На жаль, праблема насілля над дзецьмі з году ў год набывае ўсё большую актуальнасць. Гэтым устрывожаны і бацькі, і педагогі, і спецыялісты адпаведных міністэрстваў і ведамстваў. Сваю пасільную дапамогу ў абароне нашых дзяцей аказваюць і грамадскія арганізацыі. Так, спецыялісты Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання па прадухіленні жорсткага абыходжання з дзецьмі “Дзеці — не для насілля”, якое ўзначальвае сацыяльны педагог член абласной камісіі па справах непаўналетніх Маргарыта Прахіна, упэўнены, што дарослыя могуць навучыць дзяцей клапаціцца пра сябе, усяго толькі развіваючы свой эмацыянальны інтэлект.

Небяспека стрыманых эмоцый

Праграма “Навучыся разумець сябе, каб разумець іншых” — самая любімая праграма Маргарыты Уладзіміраўны з усіх, якія рэалізуе яе арганізацыя. Яна паспела сябе добра зарэкамендаваць у навучальных установах Мінска і Мінскай вобласці як праграма першаснай прафілактыкі насілля дома, у школе і на вуліцы. Па сутнасці, гэта практычны дапаможнік, які ўключыў у сябе метадычныя рэкамендацыі па правядзенні гульнявых заняткаў з дзецьмі старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Яго аўтары ўпэўнены, што магчымасць здзяйснення насілля над дзіцем знаходзіцца ў прамой сувязі з узроўнем яго эмацыянальнага развіцця — здольнасці ўсведамляць уласныя эмоцыі і кантраляваць іх, умення паставіць сябе на месца іншага, бачыць у ім станоўчае. У дзяцей, якія маюць праблемы ў развіцці эмацыянальнай сферы, узнікаюць цяжкасці ў зносінах і з равеснікамі, і з дарослымі. Такое дзіця ў выпадку небяспекі не можа абараніць сябе ці звярнуцца па дапамогу і рызыкуе стаць ахвярай насілля. А рысы “эмацыянальнага аблічча” чалавека, па меркаванні аўтараў, закладваюцца ў першыя 7 гадоў жыцця.
“Няўменне нашых людзей, і ў прыватнасці дзяцей, выказваць свае эмоцыі — праблема, якая ляжыць у аснове больш глабальных праблем, — разважае Маргарыта Уладзіміраўна. — Мы часта гаворым дзецям, асабліва хлопчыкам: не плач, не крычы, не злуйся, і як вынік — яны проста баяцца выказваць свае пачуцці, эмоцыі. І чым даўжэй яны іх назапашваюць, тым мацнейшым будзе іх выкід. А ў тым, што будзе, можна не сумнявацца. Гэта можа нават выліцца ў псіхалагічныя захворванні. Акрамя таго, чалавек, які не можа выказваць свае эмоцыі, не можа распазнаваць і пачуцці іншага чалавека. Нездарма СМІ рэгулярна асвятляюць жудасныя злачынствы, забойствы, і, гаворачы пра віноўніка, яго блізкія і знаёмыя часта гавораць, што ён быў ціхім чалавекам, незадзірыстым. Такія выпадкі і ёсць самыя страшныя вынікі стрымлівання эмоцый. Таму відавочна, што мы неабгрунтавана мала ўвагі ўдзяляем гэтай праблеме”.

Падружы нас, Антошка-дапаможка

“Злачынцы — цудоўныя псіхолагі, якія імгненна знаходзяць хітрасці для дзіцяці, асабліва часта ахвярамі становяцца занядбаныя дзеці, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна. — Амаль у кожнай групе, дзе нам даводзілася працаваць, было адно-двое дзяцей ізгояў, для якіх сталі прывычнымі фразы аднакласнікаў накшталт: “Я не буду з ім сядзець”, “Не падыходзь да мяне”. Таму пачынаем Безымянн1 copy.jpg(Сайт)мы заняткі менавіта са згуртавання групы, з практыкаванняў на развіццё камунікатыўных здольнасцей”.
Падчас гульні “Планета шчасця” дзеці ў падгрупах малююць свае краіны, а потым клеяць іх на шар-планету. Заданне “Назаві ласкава таварыша” звычайна напачатку выклікае шэраг цяжкасцей, асабліва ў хлопчыкаў, але ўжо праз некалькі заняткаў яны асвойваюцца. Каб навучыць дзяцей разумець пачуцці іншых, аўтары праграмы выкарыстоўваюць карткі “Эмоцыі” з намаляванымі на іх выявамі гнома Антошкі-дапаможкі, якія выказваюць самыя розныя эмоцыі: сум, страх, крыўду, радасць. Дзіцяці трэба інтанацыяй, мімікай, рухамі паказаць эмоцыю з выцягнутай карткі, вымаўляючы фразу “Дружба пачынаецца з усмешкі” або спяваючы любую песню, а астатнія павінны яе адгадаць.
Цікава праходзіла практыкаванне “Маскарад”: дзеці, робячы на сваім твары нейкі выраз (маску), дэманструюць яго іншым і “перадаюць” суседу, той яго павінен паўтарыць, затым змяніць і “перадаць” наступнаму ўдзельніку. Маскі могуць быць страшнымі, смешнымі, сумнымі, злоснымі, здзіўленымі і г.д. Некалькі гульнявых практыкаванняў накіраваны на тое, каб выкараніць у дзіцячым асяроддзі смех як рэакцыю, калі іх аднакласнік падае, напрыклад, паслізнуўшыся на лёдзе ці скачучы праз гімнастычны снарад.
“Гэта ненармальна, што ў такой сітуацыі навакольныя смяюцца, — абураецца Маргарыта Уладзіміраўна. — Магчыма, у мяне ўжо прафесійная дэфармацыя, але цяпер я нават камедыі ўспрымаю інакш, не так, як у дзяцінстве. Бо многія моманты прызваны выклікаць у гледача смех толькі таму, што герою становіцца балюча. Тое ж і з відэападборкамі “гумарыстычных”, а за кадрам, можа, і трагічных падзенняў”.

Каб “не”маленькае стала вялікім

Асноўная частка ўсіх заняткаў (а іх, дарэчы, у праграме 16) — інсцэніроўкі зносін з выпадковымі дарослымі. Галоўная іх задача — сфарміраваць у дзяцей уменне паводзіць сябе ў сітуацыях, якія могуць мець для іх цяжкія наступствы. Часам бацькі прытрымліваюцца меркавання, што інфармацыя пра насілле можа напужаць дзіця, азмрочыць яго свет. А як яно будзе ведаць, як паводзіць сябе ў крытычнай сітуацыі, калі яно не ведае нават, што такая сітуацыя можа ўзнікнуць? Правільныя стратэгіі дапамагаюць выпрацаваць ролевыя гульні з серыі “Незнаёмец”, падчас якіх дзеці даведваюцца, что такое небяспечны час сутак і небяспечнае месца, да каго можна звярнуцца па дапамогу і якую дапамогу можна аказваць дарослым (напрыклад, пратэсціраваць новую камп’ютарную гульню незнаёмца ці выбраць сабе ў магазіне новую цацку нельга, а дапамагчы набраць у двары вядзерца пяску для бабулі ці знайсці ключ, які ўпаў, можна), выпрацаваць стратэгію дзеянняў пры спробе іх выкрадання, засвойваючы такія правілы, як “бегчы супраць руху машыны” ці “бяжы-крычы-расказвай”.
Не ідзе на карысць дзіцяці і тое, калі дарослыя маюць для дзіцяці бясспрэчны аўтарытэт. Дзеці павінны ведаць, што яны маюць права сказаць сваё “не” нават даросламу. Для гэтага аўтары праграмы з дзецьмі робяць інсцэніроўку па матывах казкі Гізелы Браўн “Вялікае і маленькае “не”, у якой дзеці вучацца гаварыць “не” так, каб іх пачулі. У праграме ёсць цэлая серыя гульняў, якія дапамагаюць дзецям зразумець, каго лічыць даносчыкам і чым адрозніваецца папарэджанне аб небяспецы ад данясення, якія сакрэты добрыя, а якія — дрэнныя, і чаму нельга “сакрэтнічаць” з незнаёмымі “дзядзямі” і “цёцямі”.

Будуючы “ахоўную браню”

“Безумоўна, працаваць толькі з дзецьмі — недастаткова, таму мы прапаноўвалі бацькам папрысутнічаць на занятках, толькі ў групах іншых дзяцей, не сваіх, каб тыя адчувалі сябе больш вольна, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна. — Але за ўвесь час гэта было два ці тры разы: бацькі не прывыклі прымаць удзел у занятках садка. Таму мы просім татаў і мам дапамагаць нам і сваім дзецям дома: прыйшло дзіця, сказала, што малявала свае страхі, — спытайце ў яго, што менавіта яно намалявала, падтрымайце яго, раскажыце, чаго вы баяліся ў яго ўзросце, а можа, баіцеся і зараз. Паглядзіце ў яго сшытак, дзе яно малюе свае мары, зрабіце свае высновы, калі яно малюе сябра ў якасці падарунка на свой дзень нараджэння. Але самае галоўнае, што мы абмяркоўваем з бацькамі, каб яны дазвалялі дзіцяці выказваць свае пачуцці ў сям’і і каб паміж дзіцем і бацькамі не было забароненых тэм, каб дзіця адчувала, што з бацькамі можна абмеркаваць любую праблему.
Праўда, бываюць выпадкі, калі не пашкодзіла б дапамога спецыялістаў самім бацькам. Было пару выпадкаў, калі бацькі не дазвалялі нам працаваць з дзецьмі, а аргументам былі фразы накшталт: “Вы зараз як накапаеце пра нашу сям’ю!” Скажу шчыра, такім бацькам ёсць чаго баяцца, і капаць не прыходзіцца. Асабліва красамоўным заўсёды бывае практыкаванне з мяккімі цацкамі “Пакажы сваю злосць”. З аднаго боку, такое практыкаванне карыснае: узяць падушку ці грушу і спагнаць на ёй свае эмоцыі. З другога боку, тое, як дзеці іх білі (і рукамі, і нагамі, і аб сцяну) і якімі словамі гэта суправаджалі, наводзіць на вельмі сумныя вывады: відавочна, што гэтая мадэль адносін мае дачыненне да іх сям’і. Але ў нас былі іншыя мэты — не выявіць такіх бацькоў, а навучыць дзяцей спраўляцца са сваімі эмоцыямі”.
А вось педагогі дзіцячых садкоў і школ Мінскай вобласці, дзе праходзіла праграма, з задавальненнем пераймалі гульнявыя прыёмы Маргарыты Уладзіміраўны і яе калег, і многія з іх працягнулі рэалізоўваць праграмы ў іншых групах — усе матэрыялы для работы яны атрымалі. Набылі і інфармацыю пра тое, з якімі дзецьмі неабходна папрацаваць асобна. Дарэчы, гэтая праграма перакладзена на эстонскую мову і шырока выкарыстоўваецца ў садках і школах Эстоніі.
Так, нельга не пагадзіцца з аўтарамі праграмы, якія лічаць, што лепшы спосаб абараніць дзяцей — узброіць іх ведамі. Ды і вучыць дзяцей правілам бяспекі трэба пастаянна, толькі мяняючы формы і падыходы па меры сталення дзіцяці. І нават для старшых школьнікаў лепш выбіраць не курс лекцый, а сур’ёзныя практычныя заняткі. Толькі так іх веды стануць уменнямі, “ахоўнай бранёй”, якая будзе ахоўваць іх усё жыццё.

Святлана НІКІФАРАВА.