Зразумець дзіця

- 10:09Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

У дзяцінстве Алена Яраслаўская марыла аб прафесіі перакладчыка, а стала настаўніцай выяўленчага мастацтва і лагапедам. Але, у пэўным сэнсе, заўсёды адчувала сябе перакладчыкам. 

Як педагогу дадатковай адукацыі Быхаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці і настаўніку спецыяльнага класа ЦКРНіР Алене Генадзьеўне даводзіцца шукаць паразуменне з так званымі замежнікамі — дзецьмі, якія маюць цяжкасці ў вымаўленні і размаўляюць на сваёй тарабарскай мове.  

— Самае прыемнае ў маёй рабоце — гэта бачыць, з якой радасцю і гордасцю дзіця расказвае і паказвае бацькам, што ў яго сёння атрымалася, чаму яно навучылася, — гаворыць Алена Генадзьеўна. — Лагапед, як ніякі іншы педагог, ба­чыць індывідуальнасць дзіцяці. У цэнтры дзіцячай творчасці я право­джу індывідуальныя заняткі з дашкольнікамі і вучнямі пачатковых класаў па развіцці маўлення. У іх, як правіла, нязначныя маўленчыя парушэнні, напрыклад, дыслалія. 

А 3 гады назад да мяне на заняткі прывялі Ульяну, якой было 4,5 года. Спецыялісты псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі ставілі ёй агульнае недаразвіццё маўлення ІІ узроўню. У дзяўчынкі была парушана складовая структура, у маўленні адсутнічала шмат гукаў, быў маленькі запас слоў, яна не рабіла абагульненняў і г.д. У дзіцячым садзе педагогі наогул думалі, што дзяўчынка глуханямая. Два месяцы ў мяне пайшло на тое, каб яе проста разгаварыць. Ульяна плакала, нічога не хацела ра­біць. Але мама настойліва прыводзіла дачку. Чаго толькі я не рабіла, каб далучыць яе да заняткаў! 

Сёння Ульяна — маё дасягненне, гордасць і вялікая радасць. Яна скончыла 1 клас, адна з лепшых вучаніц. Тэхніка чытання ў яе складае 33 словы ў мінуту, чытанне ўсвядомленае, дзяўчынка ўмее пераказваць прачытанае. Усе гукі ва Ульяны пастаўлены, яна добра размаўляе. 

Гэты прыклад сведчыць пра тое, што калі дзіця своечасова тра­піць да спецыяліста, то і вынік абавязкова бу­дзе. Прыводзяць да мяне малых, якія, як і Ульяна, плачуць, адмаўляюцца займацца, і мамы ў пэўны момант здаюцца, настойлівасці ў занятках не праяўляюць. А тут павінна быць воля і цярпенне з боку дзіцяці і баць­коў і вялікае жаданне педагога дапамагчы. 

Калі дзіця своечасова трапіць да спецыяліста, то і вынік абавязкова будзе.

Заняткі з дзецьмі Алена Генадзьеўна часта пачынае з малявання, што не толькі стварае добры настрой, але і дапамагае ў карэкцыйнай рабоце. Напрыклад, бярэ кардонны шаблон, на якім намалявана кошка. Дзіця падкладае яго пад лісточак і простым алоўкам або васковай крэйдай прамалёўвае абрысы жывёлы. Прыдумвае ёй мянушку, напрыклад, Мурка, у якой павінен быць гук, які дзіцяці трэба аўтаматызаваць (гук “р”). Далей — гульня. Калі кошка задаволена, яна вымаўляе “мур, мур, мур”. Каб паклі­каць яе, гавораць “кіс, кіс, кіс” (аўтаматызуецца гук “с”). Калі кошка злуецца, яна шыпіць (работа з гукам “ш”). 

— Сучасныя дзеці не імкнуцца маляваць каляровымі алоўкамі, часцей выкарыстоўваюць фламастары, бо так лягчэй, не трэба націс­каць на паперу. Ды і бацькі часцей купляюць дзецям менавіта фламастары, — адзначае Алена Гена­дзьеўна. — Але маля­ваць алоўкамі неабходна для развіцця дробнай маторыкі, умацавання мышцаў кісці рукі, каб у школе дзіця ўпэўнена пісала шарыкавай ручкай. Часта баць­кі забыва­юць пра магчымасці аква­рэльных фарбаў. Колькі пазітыўных эмоцый яны до­раць! Змяшаў фарбы і атрымаўся новы колер, дадаў больш вады, колер зноў змяніўся. Ці маляванне далонькамі. Калі абвесці далоньку на паперы (вялікім пальцам уверх), і дамаля­ваць дзюбу, то атрымаецца лебедзь (аўтаматызуем мяккі гук “ль”). Калі абвесці левую далоньку (вялікім пальцам у правы бок), атрымаецца пеўнік (петушок). Дамалюем бародку і можна адпрацоўваць гук “ш”. А калі ўзяць звычайны дзіцячы сандаль і абвесці яго па контуры падэшвы, а затым абвесці далонькі дзвюх рук, дамаляваць вочы, то атрымаецца лось (адпрацоўваем цвёрды гук “л”). Так весела і з карысцю праходзяць нашы заняткі.  

Самая цікавая для педагога ­работа з дзецьмі, чыё маўленне амаль немагчыма зразумець. Напрыклад, ­“да-да-да”— дадочет дусь” (га-га-га — гогочет гусь) ці “собата и пают” (собака и паук), “любилей” (юбилей), “шабака, шамолёт, шушки” (собака, самолёт, сушки), “кашалад” (шоколад). Тут патрэбна карпатлівая работа, бо дзіця немагчыма прымусіць, яго трэба зацікавіць. 

— Вучу непасед слу­хаць і чуць гукі маўлення, кантраляваць свой язычок, а не падпарадкоўвацца яму, — заўважае Алена Генадзьеўна. — Боль­шасць дзяцей так шчыра ­здзіўляюцца, што язык умее выконваць пэўныя практыкаванні. Толькі трэба яго крышку навучыць. Безумоўна, пачынаю ад самых простых заданняў, такіх як “Пакла­дзі язычок спаць, “Блінок”, “Арэшкі”, паступова ўскладняючы — “Арэлі”, “Грыбок”, “Маляр”. Час, неабходны для пераадолення маўленчых парушэнняў, для кожнага дзіцяці свой. 

Увогуле, работа ў лагапеда творчая. Некалькі дзяцей могуць мець праблему з гукам “л”. Але адно дзіця яго замяняе на гук “в” (высина — лысина), а другое на “у” (уысина), а трэцяе проста прапускае ў маўленні (ысина). Таму і працаваць з дзецьмі трэба па-рознаму, з кожным па індывідуальнай праграме. Неабходна развіваць граматычны лад маўлення, ву­чыць утвараць новыя словы і змяняць іх па ліках, склонах і родах. Папаўняць актыўны слоўнік дзяцей прыметнікамі і дзеясловамі. Даваць навыкі гукавога аналізу і сінтэзу, дзялення слоў на склады, а гукаў на галосныя і зычныя, цвёрдыя і мяккія, пераказу кароткіх тэкстаў. Праз гульню Алена Генадзьеўна ву­чыць выхаванцаў арыен­тавацца ў схеме ўласнага цела, адрозніваць права-лева, працаваць па клетках на аркушы паперы і арыентавацца на ім, развівае кісцевую маторыку. Педагог гуляе з дзецьмі ў вучэбныя настольныя і друкаваныя гульні, складае лагапедычныя пазлы, размалёўвае развіццё­выя карцінкі каляровымі алоўкамі.  

Надзея ЦЕРАХАВА.