Зразумець і ўсвядоміць кожнаму

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Праблемы навакольнага асяроддзя закранаюць у той ці іншай ступені ўсе краіны і кантыненты. Але ёсць праблемы глабальнага характару: перанос таксічных рэчываў на далёкую адлегласць, забруджванне акіяна, змены ў азонавым слаі атмасферы, павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу, пагроза парніковага эфекту і г.д. Усё гэта не ведае палітычных меж.

Школа і экалагічная культура вельмі цесна звязаны паміж сабой. Педагогі (найперш настаўнікі біялогіі, хіміі і фізікі) даюць вучням экалагічныя веды, развіваюць экалагічнае мысленне і светапогляд, вучаць экалагічнай культуры. Задача гэтая цяжкая, і хутка вырашыць яе немагчыма. Неабходны сістэмная работа, эфектыўныя метадычныя прыёмы, пераканаўчы факталагічны матэрыял. Адной з эфектыўных форм работы з’яўляюцца экалагічныя акцыі. Штогод у нашай школе ў рамках прадметных метадычных тыдняў біялогіі, хіміі, геаграфіі і фізікі праводзяцца экалагічныя акцыі, у якіх удзельнічаюць педагогі, вучні і іх бацькі: “Дапамажы крылатаму сябру”, “Упрыгожым свет кветкамі”, “Свет супраць наркотыкаў”, “Без вады пражыць на свеце немагчыма!”, “Беларусь — краіна з блакітнымі вачыма”, “Ачысцім планету ад смецця” і інш. Падчас іх правядзення дзеці не толькі набываюць карысныя веды, але і выказваюць свае адносіны да экалагічных праблем.
Сёлета вучні 1—11 класаў з дапамогай бацькоў і педагогаў высадзілі ў гонар Вялікай Перамогі алею вечназялёных дрэў. Акцыя пад дэвізам “Ніхто не забыты і нішто не забыта” садзейнічала выхаванню не толькі беражлівага стаўлення да прыроды і фарміраванню экалагічнай культуры школьнікаў, але і развіццю патрыятызму, павагі да гісторыі роднага краю.
Дзякуючы экалагічным акцыям у свядомасці моладзі фарміруецца вобраз Зямлі, якую трэба зберагчы для наступных пакаленняў. Ад разумных паводзін людзей залежыць лёс планеты, краіны, малой радзімы.

Ірына КАВАЛЬКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Пінска.
Фота з архіва школы.