Зроблены чарговыя крокі для паглыблення інтэграцыі

- 10:07Інфармацыйная гадзіна

Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) па выніках саміту ў Бішкеку падпісалі 11 дакументаў.

Было прынята рашэнне па звароце Малдовы аб прадастаўленні ёй статусу краіны-наглядальніка ў саюзе. Таксама былі зацверджаны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў — членаў саюза на 2017—2018 гады. Акрамя таго, лідары адобрылі ратацыю двух членаў калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі і ўнеслі шэраг змяненняў у рэгламент яе работы. Таксама кіраўнікі краін саюза зацвердзілі вынікі знешняга аўдыту ў органах ЕАЭС у 2016 годзе і прынялі распараджэнне аб часе і месцы правядзення чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Яно адбудзецца 11 кастрычніка 2017 года ў Маскве.

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон назваў важным атрыманне прынцыповай згоды лідараў Еўразійскага эканамічнага саюза на атрыманне яго краінай статусу дзяржавы-наглядальніка пры ЕАЭС і выказаў упэўненасць, што адпаведнае рашэнне будзе аформлена ў найбліжэйшы час. “Для нас сённяшняя падзея вельмі важная”, — сказаў ён на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ігар Дадон адзначыў, што, згодна з усімі сацапытаннямі, большасць грамадзян краіны адкрыта выступае за інтэграцыю з ЕАЭС. “Я разумею, што ў ЕАЭС няма вопыту прадастаўлення статусу наглядальніка, мы своеасаблівыя першапраходцы, — адзначыў Прэзідэнт Малдовы. — Але я хачу падзякаваць прэзідэнтам пяці краін за тое, што сёння вы прынялі прынцыповае рашэнне, згодны разгледзець гэтую заяўку і ў найбліжэйшы час прыняць рашэнне”. “Я ўпэўнены, што гэта толькі першы крок да больш паглыбленых інтэграцыйных працэсаў”, — прадоўжыў Ігар Дадон. Ён таксама падкрэсліў, што дзеючае пагадненне Кішынёва аб асацыяцыі з ЕС не супярэчыць заключэнню іншых дамоўленасцей, у тым ліку з ЕАЭС.