ЗША: школьнік стварыў папулярны сайт пра каранавірус

The New Yorker адзначае, што Аві Шыфман задумаўся пра новую інфекцыю да таго, як на яе звярнулі ўвагу палітыкі і звычайныя людзі. Работа над сэр­вісам Ncov2019.live пачалася напрыканцы снежня 2019 года, калі ў Кітаі было зарэгістравана менш за тысячу выпадкаў заражэння, а вірус яшчэ не пакінуў меж Азіі. Ідэя стварэння сэрвісу ўзнікла ў юнака падчас канікул на лыжным курорце, дзе ён адпачываў з баць­камі. Па словах маці, хлопец прапусціў цэлы дзень катання, але “ззяў так, як быццам вынайшаў лекі ад раку”.

“Я хацеў зрабіць простую крыніцу інфармацыі пра колькасць заражаных. Да гэтага шукаць інфармацыю было складана — за самымі свежымі лічбамі трэба было ісці на ўрадавыя сайты Кітая, а там усё на кітайскай. Таму я вырашыў вынуць лічбы і дадаць іх да больш шырокага набору даных. І так для кожнай краіны”, — расказаў Шыфман у інтэрв’ю Bloomberg. Сайт Аві працуе па тэхналогіі вэб-скрэйпінгу — ён выкарыстоўвае даныя са старонак розных крыніц па ўсім свеце. Сюды ўвахо­дзяць Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC), медыцынскія арганізацыі практычна ўсіх краін свету, а таксама навінавыя парталы.

Галоўная старонка абнаўляецца кожную мінуту — на яе выводзяцца актуальныя даныя аб колькасці тых, хто захварэў, загінуў і паправіўся. Каб усё галоўнае было навідавоку, Аві распрацаваў элементарны інтэрфейс: у цэнтры — табліцы, па­дзеленыя па кантынентах, краінах, для некаторых краін — па штатах і абласцях. Яшчэ на сайце ёсць раз­дзел з агульнай інфармацыяй пра каранавірус і інтэрактыўная карта, на якой адзначаны выпадкі за­ражэння па ўсім свеце. Усё гэта — на дзесяці мовах.

Ncov2019.live быў распрацаваны даволі хутка, але яго аўтар сутыкнуўся з вельмі сур’ёзнай праблемай: праверка даных. У любы момант на сайце маглі з’явіцца няправільныя лічбы. Напрыклад, аднойчы з-за памылкі колькасць захворванняў, паказаная на галоўнай старонцы, па­двоілася. Таму Аві зрабіў так, каб сэрвіс звяраў інфармацыю з дзясяткамі крыніц, і, да таго ж, пакінуў форму зваротнай сувязі для карыстальнікаў, каб яму маглі адразу ж паведаміць пра некарэктныя даныя. У дзень яму прыходзіць больш за сотню электронных лістоў.

Чым хутчэй распаўсюджваецца інфекцыя, тым больш наведвальнікаў на Ncov2019.live. За першы месяц работы на старонцы быў зафіксаваны 1 мільён наведвальнікаў. Але ўжо зараз у дзень набіраецца каля 30 мільёнаў.

Такі ахоп аўдыторыі прыцягвае ўвагу рэкламадаўцаў і буйныя фінансавыя прапановы — штодня на пошту школьніка прыходзяць дзясяткі лістоў ад патэнцыяльных партнёраў. Адзін з самых буйных офераў складаў 8 млн долараў. Шыфман не сказаў, якая кампанія прапанавала яму такую велізарную суму і што канкрэтна яна хацела прарэкламаваць, аднак стваральнік сайта ёй адмовіў. Паводле яго слоў, ён нават як след не абдумаў прапанову.

“Мне даволі лёгка адмаўляцца ад рэкламы проста таму, што мне няма асаблівай справы да вялікіх грошай. Для дарослых гэта спосаб раней сысці на спакой, але я не хачу сыходзіць на спакой у 17 гадоў”, — заявіў школьнік. А ў Twitter ён растлумачыў, што гэты шматмільённы кантракт прымусіў бы яго абляпіць сайт назойлівымі банерамі, што знішчыла б галоўнае — магчымасць лёгкага і зручнага доступу да статыстыкі па СОVID-19.

Зрэшты, цалкам адмаўляцца ад даходаў ён не збіраецца, таму пакінуў на сайце спецыяльную кнопку Buy me a Coffee (“Купі мне кавы”) для ахвяраванняў.

Аві нават не думаў, што яго праца прынясе такі плён. “Я хацеў проста зрабіць даныя лёгкадаступнымі, але нават не думаў, што яны атрымаюцца такімі вялікімі”, — прызнаўся хлопец у інтэрв’ю часопісу The New Yorker.

Пасля такога аглушальнага поспеху юнак упэўнены, што яго распрацоўка можа спатрэбіцца ў будучыні, пры іншых пандэміях ці прыродных катастрофах. У Шыфмана з’явілася мэта — зрабіць нешта неверагоднае за адзін дзень і змяніць свет. “Мая любімая цытата належыць Стыву Джобсу: “Лю­дзі, якія даволі вар’яты для таго, каб думаць, што яны могуць змяніць свет, — адзіныя, хто гэта робіць”, — прызнаецца 17-гадовы школьнік.