ЗША: школьнікі патрабуюць абмежаваць гандаль зброяй

- 15:03Паралелі

Навучэнцы амерыканскай школы імя Марджары Стоўнман Дуглас у Парклендзе, штат Фларыда, праходзілі падрыхтоўку на выпадак нападу з выкарыстаннем зброі. У школе праводзіліся спецыяльныя вучэнні, былі ўсталяваны сістэмы відэаназірання і вызначаны аварыйныя выхады. І ўсё ж такі 14 лютага, у Дзень Святога Валянціна, у выніку ўзброенага нападу на школу загінулі 17 чалавек.

Адразу пасля трагедыі сярод навучэнцаў гэтай і іншых амерыканскіх школ узнік стыхійны рух, актывісты якога патрабуюць узмацніць законы аб гандлі агнястрэльнай зброяй. Дзякуючы сацыяльным сеткам, тысячы падлеткаў, многія з якіх пакуль не маюць права галасаваць, далучыліся да гэтага руху.

Іх патрабаванні да заканадаўцаў мала чым адрозніваюцца ад іншых, якія звычайна гучаць пасля масавых забойстваў у амерыканскіх школах. Аднак новы рух амаль адразу набыў сілу і сталасць, якія выгадна адрозніваюць яго ад папярэдніх пратэстаў.

15-гадовы Алекс Уінд, які перажыў гэтую трагедыю, спадзяецца, што на гэты раз пратэсты школьнікаў будуць больш арганізаванымі і эфектыўнымі. Алекс і чатыры яго сябры распачалі кампанію пад назвай “Ніколі больш”. І зараз некалькі дзясяткаў падлеткаў вядуць нястомную работу, у тым ліку на амерыканскіх кабельных тэлеканалах, заяўляючы, што яны не здадуцца і будуць да канца патрабаваць забароны на гандаль зброяй.

“Гэта поўнае вар’яцтва, калі 19-гадовы чалавек не мае права купляць спіртное ў краме, але можа з лёгкасцю набыць аўтаматычную вінтоўку АР-15, баявую зброю, — кажа Алекс. — Такая вінтоўка не патрэбна, абсурдна прадаваць яе як сродак самаабароны”.

Удзельнікі руху абвясцілі пра намер правесці 24 сакавіка марш “За наша жыццё” ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі, якія выступаюць за ўвядзенне мер кантролю над гандлем зброяй.