ЗША: студэнты знайшлі схаваны тэкст на манускрыпце XV стагоддзя

Студэнты Рочэстэрскага інстытута тэхналогій вывучылі манускрыпт XV стагоддзя з дапамогай сістэмы візуалізацыі, якую яны распрацавалі яшчэ на першым курсе, і выявілі схаваны тэкст. Як паведамляе Phys.org, манускрыпт аказаўся палімпсестам — пергаментам, першапачатковы тэкст на якім сцёрлі, а пасля нанеслі новы.

У часы напісання манускрыпта выраб пергаменту быў вельмі дарагім, таму лісты выкарыстоўвалі па некалькі разоў. Сцёрты тэкст нельга заўважыць няўзброеным вокам, але сляды напісанага можна знайсці ў іншых сегментах спектра.

Сістэма візуалізацыі, якая выкарыстоўвалася падчас даследавання, была распрацавана 19 студэнтамі, што паступілі ў Цэнтр інавацый для першакурснікаў. Маладыя людзі працавалі над праектам, у рамках якога праграмы візуалізацыі, кінематаграфіі і фатаграфіі аб’ядноўваюцца для вырашэння складаных задач.

Паколькі ў сакавіку з-за пандэміі каранавіруса студэн­ты былі вымушаны перайсці на дыстанцыйнае навучанне, яны не змаглі завяршыць работу. Разам з тым трое з іх атрымалі грант, дзякуючы якому працягвалі сваё даследаванне летам.

Стывен Гэлбрэйт, куратар Cary Graphic Arts Collection, сказаў, што ён быў вельмі ўсхваляваны, калі выявіў, што ліст рукапісу быў палімпсестам. Падобныя выпадкі былі старанна вывучаны навукоўцамі па ўсёй краіне, але ніколі не тэсціраваліся з дапамогай ультрафіялетавага святла.

Адзначаецца, што манускрыпт належыць да так званай калекцыі Эге. На гэты момант вядома пра 30 старонак, якія ўваходзяць у яе. У далейшым студэн­ты хочуць вывучыць і іншыя лісты ў надзеі, што ім удасца прачытаць увесь тэкст, які раней быў запісаны на іх.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.