ЗША: ўлады абвінавацілі Google ў сачэнні за непаўналетнімі

Генеральны пракурор амерыканскага штата Нью-Мексіка абвінаваціў кампанію Google ў незаконным сачэнні за непаўналетнімі школьнікамі. Афіцыйнае абвінавачанне прад’яўлена 21 лютага.

Па сцвярджэнні пракурора, Google незаконна збірала і выкарыстоўвала інфармацыю пра тое, якія сайты наведваюць школьнікі, якія відэа праглядаюць. Акрамя таго, пракурор ставіць пытанне аб неправамоцным доступе Google да асабістага спіса кантактаў удзельнікаў, а таксама іншай асабістай інфармацыі.

Сабраныя даныя, сцвярджае пракурор, выкарыстоўваліся ў камерцыйных мэтах, што парушае закон аб абароне канфідэнцыяльнасці дзяцей у інтэрнэце. Акрамя гэтага, Google атрымлівала інфармацыю пра дзяцей, якія яшчэ не дасягнулі трынаццацігадовага ўзросту, без згоды з боку іх апекуноў або баць­коў, што таксама парушае амерыканскае заканадаўства.

Адзначым: асноўны масіў інфармацыі пра школьнікаў паступаў праз сэрвісы, устаноўленыя на ноўтбуках Google Chromebook, а таксама з дапамогай воблачных сэрвісаў G Suite, якія бясплатна выкарыстоўваюць больш за палову навучэнцаў штата Нью-Мексіка.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.