ЗША: яшчэ адна трагедыя ў амерыканскай школе

У выніку стральбы ў сярэдняй школе горада Санта-Фэ ў Тэхасе загінулі 10 чалавек, яшчэ 10 атрымалі раненні. Большасць загінуўшых — школьнікі.

Паліцыяназвала імя затрыманага падазронага — гэта 17-гадовы Дзімітрыяс Пагуртзіс. Паводле інфармацыі губернатара штата Грэга Эбата, падазроны адкрыў агонь з помпавай стрэльбы і рэвальвера 38-га калібру, якія ён, мяркуючы па ўсім, узяў у свайго бацькі. У бацькі быў дазвол на валоданне зброяй. Матывы злачынцы высвятляюцца.

Гэта другі выпадак страляніны ў школе ЗША за апошнія сем дзён.

11 мая 14-гадовы былы вучань школы Палмдэйл (Каліфорнія) прыйшоў да будынка школы і адкрыў агонь з паўаўтаматычнай вінтоўкі. Пад абстрэл трапіў другі вучань (15 гадоў) — куля трапіла яму ў плячо.

Па даных грамадскай арганізацыі Every Town, сёлета адбылося ўжо 24 выпадкі школьнай страляніны. Такім чынам, у сярэднім у ЗША падобныя інцыдэнты адбываюцца раз на тыдзень. З 2014 года былі зафіксаваны 300 выпадкаў страляніны ў школах ЗША, сцвярджаюць у арганізацыі.

Для параўнання: за ўсё ХХ стагоддзе ў школах ЗША стралялі 226 разоў.

Пасля нападу, які забраў жыцці 17 чалавек, 14 лютага гэтага года на школу ў Парклэндзе ў ЗША з’явіўся рух школьнікаў, што выступаюць за абмежаванне абароту зброі. Іх падтрымлівае мноства жыхароў краіны. Пры гэтым ЗША цвёрда займаюць першае месца па колькасці ўладальнікаў зброі сярод грамадзян. Амерыканцы маюць наруках каля 270 млн адзінак.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *