“Зубраня-2019”: насустрач святу

На мінулым тыдні адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2019 годзе мерапрыемстваў, прысвечаных 50- годдзю ўстановы адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Члены аргкамітэта на чале з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам вызначылі асноўныя кірункі падрыхтоўкі да святочных падзей, галоўныя з якіх адбудуцца напрыканцы жніўня.

Урачыстае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага лагера “Зубраня” адбылося 17 жніўня 1969 года. Першыя супрацоўнікі і жыхары летніка мелі ў карыстанні спальны корпус, школу з актавай і спартыўнай заламі, сталовую, лячэбны корпус, шэраг абслуговых памяшканняў.

Сёння НДЦ “Зубраня” ўяўляе сабой сучасны шматпрофільны комплекс еўрапейскага тыпу з развітой інфраструктурай, які займае тэрыторыю 76 гектараў. І калі на першую змену ў “Зубраняці” ў жніўні 1969 года прыехалі 160 дзяцей, то зараз у цэнтры адначасова могуць адпачываць да 700 дзяцей у асенне-зімовы перыяд і да 1250 летам.

За гады існавання “Зубраня” стаў цэнтрам міжнароднага дзіцячага супрацоўніцтва: за апошнія гады тут пабывалі дзеці з больш як 20 краін свету, праходзяць традыцыйны міжнародны дзіцячы форум “Сяброўства без меж”, міжнародныя фестывалі “Гуляюць дзеці — гуляем мы”, “Дзве краіны — ад зін лёс”, “Адысея розуму”. За год “Зубраня” прымае каля 16 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Шматлікія праграмы выхавання па розных профілях дзейнасці дзіцячага актыву дазваляюць ажыццяўляць эфектыўнае выхаванне, навучанне і аздараўленне дзяцей, паспяховых у навучанні, спорце і грамадскай дзейнасці. На базе цэнтра праходзіць больш як 50 міжнародных і рэспубліканскіх злётаў, форумаў і конкурсаў. Значнае месца ў дзейнасці калектыву цэнтра займае метадычнае забеспячэнне аздараўленчых летнікаў краіны.

У аргкамітэт, створаны па распараджэнні Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса, увайшлі першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, кіраўнікі і спецыялісты Міністэрства адукацыі, Мінаблвыканкама, грамадскіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі.

Напярэдадні святочных мерапрыемстваў па ўсёй краіне адбу­дзецца конкурс сачыненняў “Зубраня” ў маім жыцці”, у навучальных установах і аздараўленчых летніках пройдуць тэматычныя інфармацыйныя гадзіны і фотавыставы. Разгорнуць інфармацыйную кампанію і сродкі масавай інфармацыі.

У сярэдзіне кра­савіка ў рамках Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцаў НДЦ “Зубраня” прадставіць інавацыйны вопыт па стварэнні высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.

Улетку ў цэнтры адбудзецца шэраг спартыўных мерапрыемстваў з удзелам вядомых алімпійцаў Беларусі пад агульнай назвай “Юбілейны зубраняцкі марафон”, юбілейны злёт педатрадаў, якія супрацоўнічаюць з летнікам.

Запланавана таксама шмат міжнародных сустрэч. Сярод іх — міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, міжнародныя форумы, круглыя сталы, сустрэчы супрацоўнікаў цэнтраў-пабрацімаў з Расіі, Украіны і Казахстана.

Фіналам святкавання стануць юбілейныя ўрачыстасці, што пройдуць у НДЦ “Зубраня” 16—18 жніўня бягучага года.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.