“Зубраня” сабрала ратавальнікаў

У верасні на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” праходзіў 21-ы Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных. Штогод юнакі і дзяўчаты збіраюцца на беразе Нарачы, каб прайсці праз самыя разнастайныя выпрабаванні і даказаць сваё права на гордае званне лепшых юных ратавальнікаў краіны.

Злёт сабраў восем каманд з усіх абласцей, Мінска і ліцэя МНС. Хлопцы і дзяўчаты прайшлі праз раённыя і абласныя этапы спаборніцтваў, і ў “Зубраня” прыехалі самыя лепшыя.

Спартыўныя, творчыя, камандныя і індывідуальныя спаборніцтвы пастаянна змянялі адно аднаго. Трэба было прабегчы пажарную эстафету ў поўным пажарна-ратавальным рыштунку, прайсці выпрабаванне ў баявым разгортванні ад мотапомпы, пераадолець 100-метровую паласу з перашкодамі, падняцца на другі паверх вучэбнай вежы. У конкурсе “Ратаванне на водах” — падняць манекен з дна басейна і адбуксіраваць яго на бераг, пры гэтым сачыць за тым, каб “пацярпелага” не накрыла хваляй.

Сапраўдным святам стаў конкурс “Хіт бяспекі”. У гэтым годзе кожная каманда згодна з жараб’ёўкай прадстаўляла адну песню па тэмах: “Прапаганда МНС — бяспекі прагрэс!”, “Прапаганда МНС — па бяспецы лікбез!”, “Прапаганда АБЖ — ахапіла свет ужо!”. Юныя ратавальнікі падышлі да задання творча, і кожнае выступленне было яркім, эмацыянальным і запамінальным. Ацэньваліся не толькі арыгінальнасць песень і вакал, але і артыстызм, харэаграфія.

Яшчэ адным незабыўным, вясёлым і творчым стаў конкурс “КВЗ”, да якога ўсе старанна і адказна рыхтаваліся. Каманды прадставілі гледачам і журы свае візітныя карткі, конкурс аднаго нумара з “зоркай” і дамашняе заданне. Дарэчы, конкурс з “зоркай” прайшоў сёлета другі раз, і яго наведаў вядомы тэлевядучы і спявак Георгій Калдун.

Зводныя палявыя вучэнні, якія складаліся з некалькіх этапаў, лічацца адным з самых цікавых і ў той жа час складаных і напружаных конкурсаў, як у плане фізічнай падрыхтоўкі, так і ў плане эмоцый. Для юнакоў былі змадэляваны надзвычайныя сітуацыі рознага характару. Правядзенне пошукава-выратавальных работ пры падзенні верталёта, выратаванне ў балоцістай мясцовасці і сярод лясных завалаў, на паверхні вады, эвакуацыя пацярпелага з дапамогай плавальных сродкаў, тушэнне пажару, а таксама пошук пацярпелага ў задымленым памяшканні — усе этапы вучэнняў каманды паспяхова пераадолелі.

Акрамя гэтага, удзельнікі злёту спаборнічалі ў конкурсах “Агляд строю”, “Аказанне першай дапамогі”, “Знаўцы АБЖ”, “Відэаролік”, “Фатаграфія”. Усяго юныя ратавальнікі прайшлі праз 11 выпрабаванняў, 2 з якіх ішлі па-за залікам.

На працягу трох тыдняў хлопцы і дзяўчаты вучыліся пераадольваць сябе, працаваць у камандзе, не баяцца цяжкасцей, сябраваць, суперажываць і радавацца сваім поспехам і поспехам сваіх сапернікаў.

Трэба сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў з кожным годам расце і лідараў становіцца ўсё больш. У гэтым годзе злёт быў асаблівым па колькасці лідараў — у конкурсе “Агляд строю” былі вызначаны адразу два пераможцы і два сярэбраныя прызёры, у конкурсе “КВЗ” першае месца занялі таксама дзве каманды. Апошні конкурс “Знаўцы АБЖ” стаў вырашальным адразу для трох каманд, якія падышлі да фінішу з аднолькавай колькасцю балаў.

Перамога дасталася камандзе “Экстрым” з Магілёўскай вобласці. 2-е месца заваявалі навучэнцы ліцэя пры УГЗ МНС, трэцяй стала “Тушылка” з Мінскай вобласці. Пераможцы атрымалі з рук міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі граматы і падарункі.

Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.