“Зубраня” збірае сяброў

- 10:34Актуально, Апошнія запісы

Сёння Нацыянальнаму дзіцячаму адукацыйна-аздараўленчаму цэнтру “Зубраня” споўнілася 50 гадоў. Краіна дзяцінства, як традыцыйна называюць цэнтр, віруе ўсмешкамі, віншаваннямі, святочнымі мерапрыемствамі.

50 гадоў назад у такі ж ясны і сонечны дзень сярэбраныя піянерскія горны абвясцілі аб адкрыцці Рэспубліканскага піянерскага лагера “Зубраня”, які стаў школай мужнасці, патрыятызму і грамадзян­скай адказнасці.

Урачыстасці пачаліся ўчора са святочнай лінейкі, у якой узялі ўдзе­л намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Віктаравіч Петрышэнка і міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Таксама на лінейцы прысутнічалі старшыня Мядзельскага райвыканкама Анатоль Мар’янавіч Вайнілка, прадстаўнікі Міжнароднага цэнтра “Артэк” і ўсерасійскіх дзіцячых цэнтраў, удзельнікі міжнародных форумаў, супрацоўнікі цэнтра і, вядома, дзеці, якія зараз адпачываюць у “Зубраняці”, — актывісты БРПА і БРСМ, камандзіры атрадаў, юныя карэспандэнты, валанцёры, прадстаўнікі профільных педагагічных класаў і творчых калектываў, юныя спартсмены і шматлікія госці цэнтра.

Віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі зачытаў І.В.Петрышэнка:

“Віншую вас з 50-годдзем з дня заснавання Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.

За паўстагоддзя гэты гасцінны і жывапісны маленькі куток Беларусі на беразе Нарачы ператварыўся ў дзівосны астравок шчаслівага дзяцінства і моцнай дружбы. Сюды з задавальненнем прыязджаюць ініцыятыўныя і таленавітыя дзеці з нашай краіны і замежжа.

“Зубраня” стала сапраўдным сімвалам дзіцячай дыпламатыі. Тут пабывалі юныя грамадзяне больш чым 45 дзяржаў. І кожная міжнародная змена — новы крок насустрач агульнай будучыні, мірнай і бяспечнай.

Упэўнены, што, дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагагічнага калектыву, захаваны і памножаны ўнікальныя традыцыі, што дазваляе цэнтру заставацца лідарам у адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення.

Жадаю вам новых здзяйсненняў, увасаблення самых смелых планаў і надзей, шчасця і дабрабыту”, — гаворыцца ў віншавальным адрасе.

20 чэрвеня гэтага года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асобыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, арганізацыі навучання, выхавання і аздараўлення дзяцей НДЦ “Зубраня” быў прысуджаны Ганаровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які падчас лінейкі ўручыў калектыву цэнтра І.В.Петрышэнка.

Шэраг супрацоўнікаў НДЦ “Зубраня” атрымалі высокія ўзнагароды. Віцэ-прэм’ер уручыў Га­наровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь настаўніцы біялогіі школы НДЦ “Зубраня” Маргарыце Ігараўне Блізнюк і загадчыцы аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Святлане Станіславаўне Красоўскай (на здымку). Педагог дадатковай адукацыі Наталля Анатольеўна Андрэева, загадчык аддзела вучэбнай работы Уладзімір Паўлавіч Гардзей, настаўнік біялогіі Аляксандр Аляксандравіч Кароль і загадчыца аддзела культурна-масавай работы і дзіцячай творчасці Святлана Іванаўна Хільман атрымалі з рук міністра адукацыі нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Таксама ў гэты дзень была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя “Наш важаты — таварыш і сябар” (архітэктар А.Сардараў, скульптар К.Шапо), якая па праве стане адным з сімвалаў “Зубраняці”.

Учора ў цэнтры таксама стартаваў шэраг буйных мерапрыемстваў: VIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая праходзіць пад дэвізам “50 гадоў разам: сацыяльнае партнёрства як рэсурс для пабудовы паўнавартаснага шматвектарнага і адкрытага адукацыйнага працэсу”, XV Міжнародны маладзёжны форум “Дружба без меж”, Міжнародны фестываль гульнявых праграм “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”, Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Дзве краіны — адзін лёс”, Рэспубліканскі фестываль аздараўленчых летнікаў “Летні маршрут: малая радзіма”, юбілейны форум лідараў.

Святочныя мерапрыемствы працягваюцца і сёння. Сярод найбольш значных падзей сённяшняга дня — падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве з прызнаннем статусу цэнтраў-пабрацімаў з аналагічнымі ўстановамі Расіі, Украіны і Казахстана і прэзентацыя юбілейнага выдання “Краіна дзяцінства, радасці і мары”. Дзяцей і дарослых чакаюць экскурсіі па цэнтры, гульнявыя і забаўляльныя праграмы, традыцыйны юбілейны касцёр, а таксама лазернае шоу і святочны феерверк.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.