Зусім не глуш

У даўнія часы, калі Глушчына была па-сапраўднаму глухім лясным краем, адправіўся сын князя на паляванне ды прапаў. Тры тыдні блукаў бацька разам з дружыннікамі па тутэйшых пушчах. Выпадкова натрапілі на невялікае паселішча, дзе ў хаце на звярыных шкурах і ляжаў княжыч. Аказваецца, яго патаптаў паранены зубр. Знясіленага юнака знайшла мясцовая дзяўчына-прыгажуня, вылечыла, выхадзіла. “Будзе яна маёй жонкай”, — сказаў княжыч. “Добра. Але ж і глуш тут!” — адказаў бацька. Не напужала княжыча глуш, вырашыў застацца ў гэтым куточку. З часам паселішча разраслося, а назва яго якраз і ўтварылася ад слова “глуш” — Глуск.

Бурлівае жыццё

“Але ж і глуш тут!” — гэтыя словы, сказаныя калісьці, згодна з легендай, князем, сёння неактуальныя. Так, Глускі раён па-ранейшаму славіцца лясным багаццем, але ў ХХІ стагоддзі глухім гэты край ніяк не назавеш, нават нягледзячы на тое, што знаходзіцца раён на самым ускрайку Магілёўшчыны, на мяжы з Мінскай і Гомельскай абласцямі. Жыццё тут, можа, не настолькі мітуслівае, як у абласных цэнтрах або найбліжэйшым Бабруйску, але ўсё роўна бурлівае. І ўсё дзякуючы працавітым людзям, асабліва моладзі, што не спакусілася жыццём у вялікім гора­дзе, а праслаўляе сваёй працай родны край. Віруе жыццё і ва ўстановах адукацыі раёна, у тым ліку ў плане выхаваўчай работы, фарміравання ў навучэнцаў любові да роднай зямлі.

Другая радзіма

Закладваецца гэтая любоў штодзённымі подзвігамі, у тым ліку настаўнікаў. Хіба не подзвіг практычна з нуля сярод лесу ўзвесці пасёлак, пабудаваць там новыя вуліцы, школу, клуб, іншыя аб’екты сацыяльнай сферы? Падобныя подзвігі здзяйснялі хіба што нашы далёкія продкі, калі сярод лясоў і балот засноўвалі паселішчы, якія з часам разрасталіся і ператвараліся ў вялікія прыгожыя гарады. Ці ператворыцца Заеліца ў вялікі горад, сказаць складана, аднак тое, што аграгарадок, заснаваны на глускай зямлі перасяленцамі са Слаўгарадскага раёна, адзін з самых прыгожых і ўтульных у Магілёўскай вобласці — факт. Усё гэта стала магчымым толькі дзякуючы шчырай любові да новай малой радзімы ўраджэнцаў Слаўгарадчыны, любові, якая пацвярджаецца канкрэтнымі справамі.

Карэліцкая рабінка на брацкай магіле ў Катцы.

— Гэта быў, напэўна, адзіны прыклад у Магілёўскай вобласці, калі з пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыі ўвесь калгас, амаль усе жыхары вёсак Кульшычы, Рабінаўка, Пчэльня, Курганне пераехалі ў іншы раён. Часам я думаю, гэта ж столькі гадоў мінула, ужо 28, а здавалася, што нядаўна пераехалі. Калі прыязджаю на Слаўгарадчыну, то ўжо адчуваю сябе чужой, там ні родных не засталося, ні бацькоўскага дома. Мы ўжо тутэйшыя і любім Заеліцу нават да фанатызму, заўсёды з гордасцю гаворым, што мы заеліцкія. Для мяне лепшых мясцін, чым ваколіцы Заеліцы, няма. Не прыжылася ў вялікім горадзе і мая дачка, вярнулася ў Зае­ліцу, жывуць тут і мае ўнукі. Дзякуй мясцовым жыхарам, якія прытулілі нас, з разуменнем аднесліся да нашага гора. У 1991 го­дзе для пераезду прапаноўвалася шмат мясцін, можна было выбраць і бліжэй да чыгункі, і да магістралі (у любой кропцы вобласці можна было пабудаваць пасёлак), аднак мае землякі вырашылі пасяліцца менавіта тут, у лясным краі, у сапраўдным мядзведжым кутку, як мы жартаўліва называем Заеліцу, — падзялілася дырэктар Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Святлана Аляксееўна Лабадаева.

Можа, калісьці і была Заеліца мядзведжым кутком, але толькі не сёння. Дзякуючы сваёй працавітасці, вялікаму жаданню пабудаваць для сябе і сваіх дзяцей новае шчаслівае жыццё, Заеліца была ператворана перасяленцамі са Слаўгарадскага раёна ва ўтульны аграгарадок. Глухія лясы ў ваколіцах Заеліцы паўплывалі на гісторыю гэтага краю. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты край выбралі для сваёй дыслакацыі не толькі шматлікія партызанскія атрады, але і падпольныя райкам партыі і камсамола, а таксама рэдакцыя раённай газеты “Сацыялістычная вёска”. У 1944 годзе акупанты правялі карную аперацыю. Каля вёскі Сцяг быў разбіты адзін з атрадаў партызанскай брыгады імя Гуляева. Вялікую колькасць дзяўчат і хлопцаў пасля аблавы пагналі ў Германію, Чэхію і Славакію. Старых жа і дзяцей чакаў лёс жыхароў Хатыні. Раніцай 5 лютага 1944 года каля 120 чалавек, большасць з якіх былі дзецьмі, карнікі спалілі ў калгасным хляве. Пасля вайны Заеліца была адноўлена, а дзякуючы перасяленцам са Слаўгарадчыны, яна набыла асаблівы росквіт.

Пра подзвіг земляка Аляксандра Юневіча расказвае С.М.Кіпель.

Сёння Заеліца — сучасны добраўпарадкаваны аграгарадок, у якім жывуць працавітыя людзі. А яшчэ яны вельмі гасцінныя, ахвотна прымаюць прыезджых, таму што самім калісьці давялося быць перасяленцамі. Яны цудоўна ведаюць, што значыць — страціць сваю ра­дзіму. Другой радзімай стала Заеліца, напрыклад, для ўраджэнкі Харкаўскай вобласці Украіны вучаніцы 8 класа Ганны Смушковай. Асабліва падабаюцца дзяўчыне тутэйшыя лясы, азёры, чыстае паветра. “Калі прыязджаю ад бабулі з Харкаўскай вобласці, дзе шмат заводаў, прамысловых аб’ектаў, то адразу адчуваю, як лёгка тут дыхаецца. Глушчына — мая другая радзіма, тут у мяне ўжо шмат сяброў”, — падзялілася Ганна. Што цікава, за 5 гадоў дзяўчына настолькі цудоўна вывучыла беларускую мову, што праводзіць экскурсію па школьным этнаграфічным музеі не горш за свайго аднакласніка ўра­джэнца Заеліцы Мікіты Філіпенкі.

Карэліцкая рабінка

Менавіта людзі, працавітыя, шчырыя, гасцінныя, адданыя роднай зямлі, з’яўляюцца галоўным багаццем Глушчыны. Пра іх (настаўнікаў, урачоў, ваенных, работнікаў сельскай гаспадаркі) расказвае музей народнай славы Каткаўскага дзіцячага сада — базавай школы. Па словах дырэктара ўстановы Сяргея Мікалаевіча Кіпеля, на працягу 25 гадоў матэрыялы для музея збіраў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік БССР, былы дырэктар школы і начальнік райана Цярэнцій Савіч Яльчык. Гэтай справай ён пачаў займацца адразу пасля вяртання з арміі. Каткаўскі музей — а­дзін з першых школьных музеяў не толькі Глускага раёна, але і краіны. Ён быў адкрыты ў далёкім 1961 го­дзе. Папаўненне фондаў вялося актыўна і рэгулярна, таму, калі месца ў школе для экспазіцыі стала недастаткова, музей пераехаў у будынак сельскага клуба. У 1990 го­дзе музейнай тэматыкай зацікавіўся былы старшыня калгаса “Зара” Дзмітрый Кірылавіч Гаўрыленка. Дзякуючы яго намаганням, была распрацавана новая канцэпцыя музея. Сёння матэрыялы размяшчаюцца ў чатырох залах.

Пры ўваходзе ў музей наведвальнікаў сустракае галерэя партрэтаў перадавікоў сельскай гаспадаркі, якія ўзнагароджаны ордэнамі. Другая зала расказвае пра гісторыю краю са старажытных часоў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тут і археалагічныя, і этнаграфічныя матэрыялы, і аповед пра жыццё памешчыцкіх сядзіб, пра лёс землякоў у Першую сусветную і грамадзянскую войны. Сярод экспанатаў унікальнымі (іх, напэўна, не сустрэнеш ні ў адным іншым школьным музеі краіны) з’яўляюцца цяжкія металічныя кайданы. Яны тут знаходзяцца невыпадкова, звязаны з тэмай дзекабрыстаў. Сын мясцовага памешчыка Міхаіл Лапо быў асуджаны на 25 гадоў ссылкі, а потым адпраўлены салдатам на Каўказ.

С.Я.Сяргееў.

Трэцяя зала прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Цэнтральнае месца займае аповед пра ўраджэнца Глушчыны капітана Аляксандра Якаўлевіча Юневіча — камандзіра легендарнай разведроты. Гэта быў адзіны ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чалавек, які тройчы выклікаў агонь на сябе. Першы раз у 1943 го­дзе падчас штурму вышыні “Яйка”, што на паўвостраве Рыба­чы. Другі і трэці разы  29—30 сакавіка 1944 года. Атрад Аляксандра Юневіча быў акружаны фельд’егерскім нямецкім палком, давялося двойчы выклікаць агонь на сябе. Калі скончыліся боепрыпасы, 11 байцоў, што засталіся ў жывых, узялі аўтаматы ППШ і з пустымі магазінамі пайшлі ў атаку на нямецкія кулямёты. Такія дзеянні сёння могуць падацца неразважлівымі, нават вар’яцкімі. Але на той час яны былі цалкам апраўданы, паколькі трапіць у палон да немцаў было раўнацэнна расстрэлу, катаванням, у лепшым выпадку канцлагеру. Жывым пасля таго бою з 48 байцоў застаўся толькі Аляксандр Бакін. Калі немцы дабівалі параненых, ён прыкінуўся мёрт­вым, яго нават праткнулі штыком для ўпэўненасці, але, перамагаючы жудасны боль, ён ляжаў моўчкі. Потым некалькі дзён збіраў бярвёны, звязваў іх салдацкімі рамянямі, каб зрабіць плыт і пераправіцца на супраць­леглы бераг заліва Малая Валакавая да сваіх.

Памятны знак у Заеліцы.

— Абледзянелага, яго знайшлі савецкія салдаты. Аднак Бакіным тут жа зацікавіліся СМЕРШаўцы. Як гэта выжыў адзін з 48 салдат? За байца заступіўся генерал Кабанаў, і Аляксандра Бакіна накіравалі ў шпіталь, дзе яму ампутавалі часткі ступняў. Але на гэтым вайна для мужнага разведчыка не скончылася. Яму было забаронена паступаць у інстытут, працаваць дазвалялася толькі ў качагарцы. Самае горшае, што яго дзяцей дражнілі дзецьмі здрадніка, ім часта даводзілася мяняць школы. Жонка прапаноўвала перае­хаць у Архангельскую вобласць, аднак ён адмаўляўся, паколькі лічыў нявыкананай сваю галоўную місію — вярнуцца на месца бою і пахаваць целы баявых таварышаў. Зрабіць гэта ўдалося толькі ў 1976 го­дзе, праз год пасля таго, як Бакіна апраўдалі. Як расказваў нам мурманскі пошукавік, Бакін літаральна на каленях поўзаў на месцы бою ад цела да цела, называў па імені кожнага свайго таварыша. У 1977 годзе на месцы, дзе загінуў атрад капітана Юневіча, быў усталяваны абе­ліск і высаджана алея з 48 рабін. Да 100-год­дзя з дня нараджэння Аляк­сандра Юневіча з Карэліі нам прывезлі рабінку. Сёння яна расце каля школы на тэрыторыі брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў, — паведаміў Сяргей Мікалаевіч Кіпель.

Пра адметнасці сваёй другой радзімы расказвае Ганна Смушкова.

Гэта толькі адна з дзясяткаў гісторый, якія падчас экскурсіі дырэктар школы расказвае наведвальнікам музея. Багаты матэрыял сабраны і ў чацвёртай зале, прысвечанай пасляваеннаму часу. Дзясяткі партрэтаў, і пра кожнага героя Сяргей Мікалаевіч можа паведаміць цікавыя факты. Плануецца, што тут з’явіцца нават партрэт Максіма Багдановіча. Не здзіўляйцеся! Паэт, канечне, не ўраджэнец Глускага раёна, аднак менавіта на гэтай зямлі — яго карані. Аказваецца, дзед паэта калісьці перасяліўся з Глушчыны на Міншчыну.

З любоўю да школы

Кожная экскурсія можа доўжыцца некалькі гадзін. Прыкладна столькі ж часу можа доўжыцца экс­курсія ў музеі гісторыі сярэдняй школы № 2 Глуска, які з’явіўся дзякуючы намаганням сённяшняга начальніка аддзела па адукацыі, спорце і турызме Святланы Мікалаеўны Лісіцы, калі яна працавала дырэктарам установы.

С.А.Лабадаева.

— Шкада, што доўгі час не было такога музея, бо гісторыя школы пачынаецца з 1922 года, яна моцная традыцыямі, славіцца выпускнікамі. Мне гэты музей блізкі яшчэ і тым, што пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла менавіта ў другую школу і працавала тут 12 гадоў. На першых стэндах — вялікая колькасць старых фотаздымкаў, якія збіраліся заслужаным настаўнікам БССР Іванам Іванавічам Захарэнкам. Гэты будынак быў узве­дзены дзякуючы яго намаганням. Што тычыцца традыцый школы, тут варта адзначыць моцных настаўнікаў хіміі і біялогіі. Многія выпускнікі звязалі сваё жыццё з медыцынай. На макеце старой школы можна пабачыць пчальнік, стаяла цяпліца. Слава школы, як кажуць, грымела, працаваць і вучыцца тут заўсёды прэстыжна. Стэнды расказваюць пра розныя пакаленні настаўнікаў. Сярод іх можна назваць заслужаную настаўніцу Марыну Майсееўну Буеўскую. Яна давала вельмі грунтоўны ўзровень падрыхтоўкі навучэнцам па матэматыцы. Яе вучні пакаралі вядучыя ўніверсітэты Савецкага Саюза. Працягваліся традыцыі і ў канцы 90-х — пачатку 2000-х, пра што гаворыць наступны раздзел музея. Тут мы бачым партрэт Васіля Васільевіча Басяка, які 23 гады кіраваў школай, а вось цудоўная настаўніца хіміі Ніна Іванаўна Ермаліцкая, — расказала дырэктар школы Алена Рыгораўна Слічонак.

Турысты-гімназісты з плакатамі, прысвечанымі малой радзіме.

У гэты перыяд у школе былі адкрыты адны з першых у краіне ліцэйскія класы, заключана дамова з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Так, у 1999 годзе амаль увесь выпускны клас паступіў у гэтую ўстанову. Асобныя стэнды прысвечаны школьнай камандзе КВЗ “Глуская шпана” і выпускніку, знакамітаму біятланісту, залатому прызёру зімовай Параалімпіяды Юрыю Голубу. Ён падтрымлівае са школай цесную сувязь і з’яўляецца частым госцем. Дарэчы, сярод ганаровых грама­дзян Глуска многія з’яўляюцца выпускнікамі другой школы. Цікавы экспанат — працоўны станок, які належыць народнаму мастаку Івану Булгакаву, а пэндзаль — яго вучня Вячаслава Захарынскага. Наогул, з сярэдняй школы № 2 Глуска выйшла цэлая плеяда мастакоў — паслядоўнікаў Івана Пятровіча. Нездарма ў наступным навучальным годзе ў школе плануецца адкрыццё мастацкай галерэі.

М.С.Пастушонак.

— У мінулым годзе ў нас прахо­дзіў злёт выпускнікоў. Гэта яны ўклалі ў стварэнне музея шмат сіл, сваю душу. Дасылалі эскізы, выказвалі прапановы. Дзякуючы выпускнікам, распрацаваны сцяг школы, зрабілі ў фае чатыры прэзентацыйныя стэнды з гімнам, сімволікай установы. Пры стварэнні музея асабліва складана было знахо­дзіць даваенныя фотаздымкі. Калі цяпер неабходна было ствараць з нуля падобны музей, то гэта была б нерэальная праца. Аднак калісьці ў Івана Іванавіча Захарэнкі быў ленінскі пакой, які і стаў асновай для музея гісторыі школы, — паведаміла Алена Рыгораўна.

Замак над Пціччу

Менавіта з любові да роднай школы, знаёмства з жыццём знакамітых землякоў пачынаецца любоў да малой радзімы. У гімназіі Глуска падобная работа вядзецца ўжо не першы год. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Сцяпанаўна Пастушонак, гасцямі ў гімназіі былі пісьменнік і журналіст Навум Сандамірскі, вядомыя паэты і пісьменнікі Магілёўшчыны, фалькларыст Аляксей Ненадавец. Пра жыццё гэтых людзей вучням расказваюць на інфармацыйных і класных гадзінах “Мая малая радзіма”, “У родным пасёлку я ведаю”, “Нашу Глушчыну праславілі…”. Пра адметнасці роднага краю дзеці даведваюцца падчас удзелу ў такіх праектах, як “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”, “Героі Савецкага Саюза — нашы землякі”, “Імі ганарыцца глуская зямля”, “Славутасці Глушчыны”. У Год малой радзімы ва ўстанове праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Напрыклад, нядаўна завяршыўся турыстычны злёт, адным з конкурсаў якога было стварэнне плакатаў на тэму малой радзімы, захапляльнай была віртуальная экскурсія “Па мясцінах Глушчыны”, у­дзельнікі якой змаглі пагля­дзець на знаёмыя мясціны з вышыні птушынага палёту. Асабліва насычаным быў Тыдзень малой радзімы, з якім мы ўжо знаёмілі чытачоў “Настаўніцкай газеты”.

А.Р.Слічонак са сцягам сярэдняй школы № 2 Глуска.

Сярод аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Глушчыны асаблівае месца займае Глускі замак, выява якога змешчана на гербе Глуска. На жаль, ад былой велічы замка засталіся толькі рэшткі земляных умацаванняў. Аднак на працягу многіх гадоў навучэнцы Глуска разам з сённяшнім дырэктарам гімназіі Сяргеем Яўгенавічам Сяргеевым пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўдзельнічалі ў раскопках на месцы замка. На летніх канікулах падлеткі не толькі з карысцю праводзілі час — раскопкі былі для іх выдатнай магчымасцю зарабіць грошы. Адпачынак сумяшчаўся з грамадска карыснай і фінансава выгаднай справай. Канечне, працаваць пад спякотным сонцам няпроста, але дзецям падабалася. Удзел у раскопках Глускага замка запаліў у дзіцячых сэрцах агеньчыкі цікавасці да гісторыі. У некаторых сэрцах гэтыя агеньчыкі разгарэліся да вялікага вогнішча, і вучні пасля заканчэння гімназіі паступілі на гістарычныя факультэты ўніверсітэтаў.

— Глускі замак быў адной з цікавых і важных фартэцый. Дакументаў і матэрыялаў пра яго не менш, а то і больш, чым пра Мірскі замак. На жаль, сістэмныя даследаванні замка не вяліся. Кніга, выдадзеная Ірынай Ганецкай па выніках археалагічных раскопак, з’яўляецца першай спробай сістэматыза­ваць гэтыя даследаванні. Як і ў кожнага замка, у Глускага таксама ёсць легенды. Адна з іх гаворыць, што ад замка на супрацьлеглы бераг Пцічы вёў падземны ход. Хоць дакументальнага пацвярджэння няма, аднак многія мясцовыя старажылы расказва­юць, што бачылі падземны ход і нават былі там. На месцы замка цяпер знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс і стадыён. Пры іх будаўніцтве было выкапана шмат археалагічных прадметаў, якія, на жаль, былі страчаны для навуковага даследавання. На тэрыторыі замка ў 1667 годзе быў пабудаваны касцёл, які прастаяў да 1945 года. Падчас раскопак знаходзілі шмат цікавых рэчаў, напрыклад, косці тыгра. Напэўна, ва ўладальнікаў замка калісьці жыў гэты экзатычны для нашага краю звер. Валодалі замкам і Гальшанскія, і Палубінскія. Апошнія — Ра­дзівілы. Была нават асобная галіна гэтага роду — глускія Радзівілы, — падзяліўся Сяргей Яўгенавіч.

Юныя краязнаўцы сярэдняй школы № 2 Глуска ў музеі гісторыі ўстановы.

Самы цэнтр

У параўнанні з многімі іншымі раёнамі, на тэрыторыі Глушчыны няшмат захавалася помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны мінулых эпох. Час і людзі не былі да іх літасцівымі. Аднак тая захопленасць, з якой настаўнікі расказвалі пра адметнасці малой радзімы, пра знакамітых землякоў, той узровень выхаваўчай работы, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі раёна, яскрава свед­чаць пра бурлівае жыццё гэтага краю. А словы “Але ж і глуш тут!”, сказаныя князем у даўнія часы, ужо даўно страцілі сваю актуальнасць. Глуск не глуш. Глуск — гэта цэнтр. Адкрыйце хаця б палітыка-адміністрацыйную карту Беларусі і пераканайцеся!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.