Зваротная сувязь наладжана

Сустрэчы з педагагічнымі калектывамі — гэта заўсёды хвалююча і цікава. Прычым хвалюемся і мы, журналісты, і настаўнікі. Нам заўсёды хочацца пачуць меркаванні чытачоў, а педагогам атрымаць адказы на свае пытанні. Выдатна, калі адбываецца дыскусія. Абмен поглядамі, абмеркаванне набалелага карысна для ўсіх. У выніку мы, як не раз падкрэсліваў дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў, газету робім разам. Таму, каб бачыць і разумець адно аднаго, мы павінны сустракацца.

Змястоўнай стала сустрэча з настаўнікамі гімназіі Мсціслава. Педагагічны калектыў гэтай навучальнай установы найперш нацэлены на сацыяльную адаптацыю сваіх вучняў, таму ў гімназіі рэалізуецца шмат тэматычных праектаў. Разам з тым педагогі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі агульнай адукацыйнай сістэмы краіны, таму іх хвалююць адпаведныя праблемы.

У прыватнасці, па іх меркаванні, не зусім карэктна ацэньваць настаўніка і вучня па выніках удзелу ў алімпіядах і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Іх сумесная дзей­насць значна шырэйшая. І, напэўна, сацыялізацыя вучня, яго ўменне працаваць у камандзе, сфарміраваная грамадзянская пазіцыя важней, чым алімпіядны дыплом.

А вось з тым, што настала пара сумясціць выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы з цэнтралізаваным тэсціраваннем, мсціслаўскія педагогі згодны. Яны ўпэўнены, што гэта дапаможа знізіць нагрузку на старшакласнікаў. Акрамя таго, шматгадовы вопыт пераконвае, што ўжо да 10 класа вучні павінны ўсведамляць і разумець свой далейшы прафесійны шлях. А каб дапамагчы ім разабрацца, дапрофільная падрыхтоўка павінна пачынацца з 6—8 класа.

У размове з настаўнікамі мы не змаглі абмінуць і тэму этычнага кодэкса педагога. Большасць лічыць, што тыя правілы, якія прапісаны ў гэтым дакуменце, — унутраны стан настаўніка. Настаўнікаў без трывалых маральных прынцыпаў, унутранай культуры, без цярпімасці быць не можа. Але сёння, каб спраўляцца і заўсёды быць на вышыні, педагог павінен быць у кантакце з псіхолагам.

Увогуле, школьная псіхалагічная служба павінна ўзмацняцца, каб эфектыўна дапамагаць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Сучасны імклівы час вельмі патрабавальны, таму задача псіхолагаў — дапамагчы адаптавацца.

Асобнае пытанне — узаемадзеянне з бацькамі. Мсціслаўскія педагогі, як, зрэшты, і ўсе астатнія, лічаць, што ў кожнай навучальнай установы павінны быць выбудаваны канструктыўныя адносіны з бацькамі. Вельмі часта бацькі перакладваюць свае абавязкі на школу, чаго быць не павінна. Бацькоўская грамадскасць павінна разумець сваю сацыяльную адказнасць.

Праблемай сельскіх рэгіёнаў начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама назвала закрыццё школ. На думку Алены Паштовай, трэба думаць, як дагрузіць настаўнікаў такіх школ, бо закрыццё навучальнай установы вядзе да вымірання вёскі.

Дарэчы, на Мсціслаўшчыне якасці адукацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць не толькі ў аддзеле. Высокія паказчыкі хвалююць і кіраўніцтва раёна. Прынамсі, з намі ўвесь дзень быў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў.

Творчая сустрэча з педагогамі сярэдняй школы № 34 Бабруйска таксама стала змястоўнай, хоць акцэнт быў змешчаны на работу рэдакцыі  выдання. Але ж нашы патэнцыяльныя аўтары і чытачы павінны ведаць і разумець рэдакцыйную палітыку. Мы мяняемся згодна з запытамі часу, і цяпер магчымасці “Настаўніцкай газеты” значна пашырыліся.

Мы першыя ў краіне зарэгістравалі педагагічнае электроннае сеткавае выданне, дзе аператыўна размяшчаюцца інфармацыйныя матэрыялы з рэгіёнаў. За апошнія гады змянілася рэдакцыйная палітыка газеты. Наша журналісцкая работа найперш нацэлена на пашырэнне прафесійнага кругагляду педагогаў. Акрамя дакументаў, неабходных для арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, у газеце друкуецца шмат метадычных распрацовак. Мы імкнёмся, каб вы, паважаныя чытачы, былі ў курсе ўсіх навінак і на сваіх занятках прымянялі самыя перадавыя тэхналогіі.

Не менш насычаны і інфармацыйны блок нашай газеты. Прынамсі, усе падзеі і факты, якія адбываюцца ў педагагічнай прасторы краіны, мы стараемся друкаваць своечасова. Аднак мы не здольны рабіць сучасную і запатрабаваную газету без вашага, паважаныя педагогі, ­удзелу. Ваша чытацкая і аўтарская актыўнасць дазваляе нам быць актуальнымі.

Вочныя сустрэчы падчас прэс-тураў дазваляюць нам пазнаёміцца бліжэй, убачыць адно аднаго, зараджацца энергіяй, каб атрымліваць новы матывацыйны імпульс для далейшага развіцця і супрацоўніцтва. Вярнуўшыся з прэс-туру па ўстановах адукацыі Магілёўшчыны, мы атрымалі не толькі шмат эмоцый і ўражанняў. Мы атрымалі зваротную сувязь.

Гэты тэрмін прыйшоў да нас з тэхналогіі “Актыўная ацэнка”, якая, як вядома, павышае адказнасць вучняў за сваё навучанне, робіць яго больш усвядомленым. І нам вельмі хочацца, каб чытачы і аўтары нашай газеты часцей рабілі свой усвядомлены выбар на карысць “Настаўніцкай газеты”. Узаемадзеянне і супрацоўніцтва могуць аб’яднаць нас у дасягненні адзінай мэты — рабіць высокапрафесійнае выданне.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.