Звароты грамадзян — адна з форм удзелу насельніцтва ў кіраванні

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

Такое меркаванне выказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч у ходзе пасяджэння прэзідыума верхняй палаты парламента, дзе разглядалася работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

“Звароты грамадзян — адна з крыніц інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным становішчы розных груп насельніцтва. Яны ўяўляюць сабой адну з форм удзелу насельніцтва ў кіраванні, у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння”, — заўважыла Святлана Герасімовіч.
На яе думку, заканадаўчая база ў сферы работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб адпавядае рэаліям часу і патрэбам дзяржавы і грамадства. Так, у адпаведным законе ад 18 ліпеня 2011 года і іншых нарматыўных актах даволі поўна ўрэгуляваны грамадскія адносіны ў гэтай сферы. Апошнія змяненні ў законе аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб былі адобраны Саветам Рэспублікі ў чэрвені 2015 года і падпісаны прэзідэнтам. “Такім чынам, заканадаўчая база па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у нас у краіне дакладная і, галоўнае, працуючая”, — лічыць сенатар.
“Аналіз работы па зваротах грамадзян паказаў, што сістэмных парушэнняў і недахопаў на месцах няма. Работа выбудавана і наладжана належным чынам”, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. Стан работы ў гэтай сферы, паводле яе слоў, на планавай аснове разглядаецца на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў і выканкамаў усіх тэрытарыяльных узроўняў, апаратных нарадах, прычым не толькі ў аблвыканкамах, райвыканкамах, райсаветах, але і на планёрках пры старшынях сельскіх саветаў.
Акрамя іншага, ва ўсіх мясцовых органах улады ў зручны для насельніцтва час вядзецца асабісты прыём грамадзян. “Матэрыялы абагульняюцца, аналізуюцца, і па іх прымаюцца адпаведныя меры. Арганізаваны папярэднія запісы на асабісты прыём, што, вядома, дае магчымасць своечасова вывучаць праблемы грамадзян, прымаць неабходныя меры па вырашэнні і задавальненні абгрунтаваных скаргаў да правядзення асабістага прыёму”, — заўважыла Святлана Герасімовіч, дадаўшы, што дэпутаты штомесяц вядуць прыём выбаршчыкаў у акругах, даюць справаздачу перад імі аб сваёй дзейнасці, выязджаюць на сустрэчы з насельніцтвам у рэгіёны і г.д. Найбольш праблемныя пытанні бяруцца на кантроль, для разгляду самых вострых з іх ствараюцца рабочыя групы, вынікі работы якіх публікуюцца ў сродках масавай інфармацыі.