Казахстан: звыш 21 тысячы чалавек навучацца сёлета рабочым прафесіям

Бясплатная прафесійная тэхнічная адукацыя будзе прадастаўлена моладзі, якая пасля заканчэння школы не паступіла ў навучальныя ўстановы. Пра гэта паведаміў віцэ-міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Казахстан Біржан Нурымбетаў.

Б.Нурымбетаў падкрэсліў, што новай Праграмай развіцця прадукцыйнай занятасці і масавага прадпрымальніцтва да 2021 года прадугледжана навучанне і прывіццё навыкаў па запатрабаваных прафесіях і асновах прадпрымальніцтва, стварэнне ўмоў для масавага прадпрымальніцтва, развіццё рынку працы праз садзейнічанне ў працаўладкаванні і падтрымцы працоўнай мабільнасці. “У рамках першага напрамку праграмы будзе арганізавана бясплатная прафтэхадукацыя на базе каледжаў з тэрмінам навучання да 2,5 года, перш за ўсё, для моладзі, якая пасля заканчэння школы не паступіла ў навучальныя ўстановы. Сёлета плануецца ахапіць тэхнічнай і прафесійнай адукацыяй звыш 21 тысячы маладых казахстанцаў”, — агучыў ён бліжэйшыя планы. Акрамя гэтага, на базе каледжаў, навучальных цэнтраў Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў (НПП) “Атамекен” і навучальных цэнтраў прадпрыемстваў будуць праводзіцца кароткатэрміновыя курсы прафесійнага навучання тэрмінам ад 1 да 6 месяцаў. “Такім навучаннем у гэтым годзе будзе ахоплена 26 тысяч чалавек”, — удакладніў віцэ-міністр. Па другім кірунку праграмы будуць створаны ўмовы для стымулявання і развіцця масавага прадпрымальніцтва, як на вёсцы, так і ў гарадах. “Крэдыты будуць давацца ў памеры да 18 млн тэнге з тэрмінам пагашэння да 7 гадоў і захаваннем гадавой стаўкі за крэдыт на ўзроўні 6%”, — дадаў віцэ-міністр. Яшчэ адной новай мерай, скіраванай на пашырэнне даступнасці крэдытаў, з’яўляецца ўвядзенне механізма гарантавання крэдытаў: да 85% для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў і да 50% для дзеючых. Мікракрэдытаванне ў вёсцы і ў малых гарадах будзе ажыццяўляцца праз Фонд фінансавай падтрымкі сельскай гаспадаркі з прыцягненнем мікрафінансавых арганізацый. Мікракрэдытаванне ў гарадах будзе ажыццяўляцца праз банкі другога ўзроўню і мікрафінансавыя арганізацыі на тых жа ўмовах, што і ў вёсцы. Сёлета плануецца выдаць мікракрэдыты больш як 10 тысячам чалавек, паведамілі ў Мінпрацы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Навучанне асновам прадпрымальніцтва будзе праводзіцца праз праграму НПП “Бізнес-Бастау”, з прыцягненнем спецыяльных трэнераў і паспяховых бізнесменаў-практыкаў. Сёлета такім навучаннем плануецца ахапіць 15 тысяч чалавек.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *