Звон жалобны над краем

Зямля беларуская — самы ўтульны і чароўны куток. Залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі і чырвань спелай восеньскай рабіны, азёры і рэкі з чыстай вадой, поўныя рыбы, пахучыя лугі з духмянымі травамі і прыгожымі кветкамі, блакіт нябёсаў і белыя ветразі крылаў буслоў. “Зямля пад белымі крыламі” — так пяшчотна назваў Беларусь Уладзімір Караткевіч. “Чорныя крылы” ахінулі нашу Бацькаўшчыну 26 красавіка 1986 года.

1986-ы… Што ж ты зрабіў з зямлёй блакітных рэк і азёр? Чаму не падумаў пра таго, хто, быццам лісток, адарваны ад дрэва, жыве далёка ад сваёй радзімы і не мае магчымасці вярнуцца? Ён павінен быў выбраць смерць ад радыяцыі або жыццё на чужыне. Забытыя хаты, лясы, рэкі… Не, не забытыя. Той, хто перажыў чарнобыльскае гора, ніколі не забудзе шэрыя сялібы, чорную зямлю, мокрыя ад слёз твары. Праходзяць гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але боль не сціхае. Памяць аб гэтай жудаснай трагедыі перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Кожны год 26 красавіка ва ўсёй краіне арганізоўваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці пра трагічную старонку гісторыі нашай Беларусі. Красавіцкімі днямі і ў нашай установе адукацыі ладзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, выставы, конкурсы малюнкаў, відэалекторыі. Для вучняў малодшых класаў была праведзена пазнавальная гадзіна “Звон жалобны на краем: Чарнобыль…”, галоўнай мэтай якой было паказаць значнасць экалагічнай трагедыі на прыкладзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС, фарміраваць пачуццё адказнасці да навакольнага асяроддзя, пачуццё патрыятызму, спагады, уменне суперажываць. Вучні выразна чыталі вершы, пазнаёміліся з выставай кніг, даведаліся аб аварыі праз фотаздымкі.

Пройдзе яшчэ не адзін дзясятак гадоў, але аварыя на ЧАЭС так і застанецца для нас балючым пытаннем, незагойнай ранай і несуцішнай трывогай. Няхай на нашай зямлі гэтая трагедыя не паўторыцца!

Наталля БОДАЛЬ,
настаўніца пачатковых класаў
Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.