Звоняць трывожна ў Хатыні званы…

За акном вясна… Кожны дзень усё часцей і часцей у блакітным небе мы бачым птушак, чуем радасныя галасы гусей і журавоў… Птушкі вяртаюцца да нас, на свае родныя гнёзды. Кожны чалавек ці жывая істота радуецца прыходу вясны, цяпла і сонца. Вясна — гэта час жыцця, абуджэння прыроды. У такія моманты асабліва хочацца жыць. Для Беларусі сакавіцкія дні 2018 года адзначаны сумнай датай: 75 гадоў таму не стала Хатыні. Знікла ціхая гасцінная беларуская вёсачка. Ад рук нацыстаў загінулі амаль усе яе жыхары.

З мэтай актывізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў, ушанавання памяці загінулых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў рамках 75-годдзя з дня хатынскай трагедыі ў Азёркаўскай сярэдняй школе быў праведзены конкурс чытальнікаў вершаў “З памяццю ў сэрцы”, урок мужнасці “Памяць Хатыні”, выстава малюнкаў “Памяць аб Хатыні. Памяць аб вайне”, класныя і інфармацыйныя гадзіны. Гадзіну гісторыі, прымеркаваную да гэтай сумнай і знакавай даты, у чытальнай зале школьнай бібліятэкі для вучняў 5—8 класаў падрыхтавала і правяла бібліятэкар Ж.Я.Яхно.

Змястоўна і эмацыянальна прайшла інфармацыйная гадзіна “Звоняць трывожна ў Хатыні званы”. Гэта мерапрыемства мела форму рэпартажу-рэквіема. Вучні 9 класа Павел Пчэльнік і Аляксей Куршук выконвалі ролю журналістаў, бралі інтэрв’ю ў сваіх аднакласнікаў. Навучэнцы даведаліся пра жудасны лёс жыхароў лясной вёсачкі. Аповед суправаджаўся слайд-прэзентацыяй “Попел Хатыні”. Прысутным быў прадэманстраваны відэаролік з цяжкімі ўспамінамі адзінага дарослага сведкі хатынскай трагедыі Язэпа Камінскага. Хроніка-дакументальны фільм “Цяпер Хатынь уся з граніту” расказаў пра стварэнне мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Да мерапрыемства таксама была падрыхтавана кніжна-ілюстрацыйная выстава “Хатынь: трагедыя і памяць”, дзе прадставілі літаратуру аб лёсе вогненных вёсак Беларусі. Закончылася інфармацыйная гадзіна словамі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!”. На фоне відэакліпа “Званы Хатыні” юнакі і дзяўчаты запалілі свечкі ў памяць аб загінулых жыхарах спаленых вёсак, усіх ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.

Стогнуць званы Хатыні, горам адгукаючыся ў душах людзей, якія перажылі жудасныя гады акупацыі, і тых, хто нарадзіўся пасля вайны. Удзячнае чалавецтва заўсёды павінна памятаць пра стойкасць, мужнасць, подзвіг беларускага народа.

Таццяна ГАЛАВАЧ,
педагог, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка 9 класа
Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.