Звязаныя ніцямі сяброўства і супрацоўніцтва

Педагагічны форум па пытаннях узаемадзеяння адукацыйных сістэм гарадоў-пабрацімаў Баранавіч і Елгава (Латвія) прайшоў у горадзе над Шчарай. З вопытам работы ўстаноў адукацыі Баранавіч пазнаёмілася дэлегацыя, у склад якой увайшлі віцэ-старшыня гарадскога савета Елгавы Рыта Ветціранэ, намеснік начальніка гарадскога ўпраўлення адукацыі Ція Аляксандрава, старшыня Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок” Алена Грыслэ, настаўнікі школ. 

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Людмілы Скіндэр, знаёмства з латвійскімі калегамі адбылося падчас свята “Баранавіцкая вясна”, пасля якога кіраўніцтва сістэмы адукацыі горада ініцыіравала іх прыезд у Беларусь.

Двухдзённы форум пачаўся з наведання сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.Н.Халасцякова. Дырэктар установы Юлія Тарасава расказала пра асаблівасці адукацыйнай прасторы школы, пра калектыў настаўнікаў і вучняў, дасягненні ўстановы.

Госці з Латвіі былі прыемна здзіўлены таму, якая ўвага ўдзяляецца ў школе экалогіі Балтыйскага рэгіёна. Ужо шмат гадоў установа цесна супрацоўнічае з эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш”. У рамках гэтага супрацоўніцтва навучэнцы і педагогі школы ўцягнуты ў розныя мерапрыемствы міжнароднага і рэспубліканскага значэння: удзел у міжнародным праекце “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў “Балтыйскае мора пачынаецца тут”, рэспубліканскім праекце  “Гарадскі веларух у Беларусі”, глабальных акцыях Zoom, “Дзеці ў руху”, “ Батарэйкі — не адкіды”, “Дзень Зямлі”, “Я еду ў школу на веласіпедзе”, у конкурсах “Школа, дружалюбная для веласіпедыстаў”, “Я на Еўрапейскіх гульнях”, “Горад, зручны для кожнага”, у кліматычным саміце ААН “Зялёныя сляды”, у міжнародных святах і фестывалях. Настаўніца Наталля Язерская прадставіла вынікі школьнага навуковага праекта па вывучэнні колькасці мікрапластыку ў рачных водах.

Аднак не толькі па экалагічным напрамку працуе сярэдняя школа № 9 Баранавіч. Госці ўбачылі, што ўстанова славіцца сваёй мнагавектарнасцю дзякуючы функцыянаванню класаў ваенна-патрыятычнага напрамку, бяспекі жыццядзейнасці, спартыўна-педагагічнага напрамку, спецыялізаваных на спорце, класаў з інтэграваным навучаннем, з навучаннем на беларускай мове.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі Баранавіч са школамі і гімназіямі Елгавы па навуковых, культурных і спартыўных кірунках, азнаёміліся з экспазіцыяй музея Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова.

Затым дэлегацыя перамясцілася ў гімназію № 4, дзе ўбачыла адзін з першых у горадзе STEM-класаў. У творчай абстаноўцы адбыўся абмен вопытам па STEM-напрамку гарадоў-пабрацімаў. Навучэнцы гімназіі прадэманстравалі мадэлі робатаў. Педагогі падзяліліся распрацоўкамі праектаў “Кан­структар урока” і “STEM-гараж”. Мэта праекта “STEM-гараж” — развіццё цікавасці вучняў да тэхнічных дысцыплін, прымяненне ведаў у рэальным жыцці, развіццё праектных навыкаў, вызначэнне сваёй траекторыі развіцця, актыўная камунікацыя і камандная работа і г.д. У праграму дзейнасці STEM-гаража ўключаны заняткі па праграмаванні, навуковыя доследы і даследаванні, навуковыя квесты, рашэнне вынаходніцкіх і інжынерных задач (міні-праекты, творчыя праекты), выкарыстанне розных інтэрактыўных сімулятараў, прагляд і абмеркаванне вучэбных відэа і г.д. Вучэбна-гульнявая і групавая формы работы спрыяюць развіццю ключавых кампетэнцый.

“Канструктар урока” — гэта рэсурс, дзе спецыялісты розных напрамкаў і дысцыплін аб’ядноўваюцца для фіксацыі матэрыя­лаў, якія абапіраюцца на вывучэнне адных і тых жа законаў (схем, мадэлей, паняццяў, практычных задач) — якарных кропак. Не заўсёды можна знайсці нешта гатовае, а з гатовага матэрыялу атрымаць канкрэтны структурны элемент і падладзіць яго пад свае задачы. Настаўніку ў рамках свайго канкрэтнага ўрока патрэбны элементарныя тэматычныя факты, практычныя жыццёвыя прыклады і задачы  — дэталі канструктара, з якіх ён мог бы сканструяваць заняткі. Дзякуючы згаданаму рэсурсу, у педагога ёсць магчымасць знайсці гэтыя дэталі і арганізаваць свой непаўторны, паспяховы і пазнавальны ўрок, рэалізоўваючы міжпрадметную задачу. Рэсурс можа быць цікавы навучэнцам (для пашырэння кругагляду, падрыхтоўкі дадатковага матэрыялу, пошуку тэм і ідэй для праек­тнай дзейнасці), а таксама іншым карыстальнікам і спецыялістам.

Завяршыўся першы дзень сустрэчы наведваннем гімназіі № 5. Дырэктар установы Аляксей Бычкоўскі правёў экскурсію па ёй. Затым госці азнаёміліся з інавацыйнымі падыходамі ў гімназіі. Такія трэнды, як мейкерства, рознаўзроўневае праграмаванне, лічбавая прафарыентацыя, былі ў цэнтры ўвагі латвійскіх калег. Настаўніца фізікі А.К.Любас запрасіла іх здзейсніць экскурс у адукацыйную тэхналогію STREAM, раскрыла перавагі вучэбных сістэм будучыні — робататэхнікі і радыёэлектронікі. Латвійская дэлегацыя азнаёмілася з работай педагагічнай суполкі  “НООСФЕРА” (садруж­насць навук, выкарыстанне аль­тэрнатыўнай энергетыкі), рэалізацыяй эксклюзіўнага праекта “Вырошчванне клубніц у закрытым грунце вертыкальным спосабам з выкарыстаннем сістэмы аўтаматызаванага паліву і інтэлектуальнага асвятлення”. Гасцям былі прадстаўлены магчымасці рознаўзроўневага праграмавання ў рамках дзейнасці CodeClub на базе гімназіі, а таксама работа ў інавацыйным праекце “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі” (прадэманстраваны лічбавы прафарыентацыйны часопіс у структуры дыстанцыйнага курса “На шляху да прафесіі”). Па выніках сустрэчы прайшоў круглы стол “Інтэграцыя інфармацыйных тэхналогій і інжынерных навук у адукацыйным працэсе”.

У другі дзень дэлегацыя з Латвіі наведала сярэднюю школу № 13, дзе яе дырэктар Марына Купцова правяла майстар-клас па фарміраванні інклюзіўнай культуры ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (дзеці, педагогі, бацькі), падчас якога прадэман­стравала вопыт работы школы ў гэтым кірунку. Прадстаўнікі Елгавы азнаёміліся са стварэннем безбар’ернага адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для ўсіх навучэнцаў.

Гасцям вельмі спадабалася школа. Яны адзначылі, што гэтую навучальную ўстанову сапраўды можна назваць інклюзіўнай: тут розныя дзеці атрымліваюць роўную адукацыю.

У канцы візіту латвійскім калегам у Палацы дзіцячай творчасці была прадстаўлена панарама педагагічнага вопыту  “Дадатковая адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”. Быў арганізаваны сардэчны прыём з элементамі тэатралізацыі і займальным інтэрактывам.

Асаблівую ўвагу педагогі ўдзялілі сучасным напрамкам тэхнічнай творчасці. Удзельнікі азнаёміліся з пілотным праектам “Укараненне мадэлі адукацыйнага кластара як умова перадпрофільнай падрыхтоўкі аператараў беспілотных авіяцыйных комплексаў і робататэхнікі”, што ўяўляе сабой інжынернае адукацыйнае асяроддзе для школьнікаў з рэальнай магчымасцю далейшага навучання і працаўладкавання.

Яркія ўражанні пакінулі выступленні  творчы­х калектываў палаца, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў: узорны ансамбль эстраднага танца “Ваяж”, узорны ансамбль харэаграфічных мініяцюр “Імпульс”, танцавальны калектыў “Самія”, вакалісты ўзорнай студыі “Крыніцы дабрыні”, вакальная студыя “Артмікс”. Госці азнаёміліся з узорным тэатрам-студыяй “Паралель”, прынялі ўдзел у інтэрактыўных занятках, адчуўшы сябе акцёрамі на сцэнічнай пляцоўцы. Навучэнцы ўзорнай студыі моды “Сілуэт” прадставілі педагогам калекцыі стылізаваных беларускіх касцюмаў “Міраслава” і “Калядкі”, якія неаднаразова станавіліся дыпламантамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У працяг знаёмства з нацыянальным каларытам ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мастацкая цацка” прайшоў майстар-клас па вырабе лялек-мотанак, і кожны ўдзельнік форуму змог зрабіць для сябе абярэг.

Памятныя сувеніры з беларускім зубром і “Караваем дружбы” не пакінулі абыякавымі ўдзельнікаў дэлегацыі. У завяршэнні візіту ўдзельнікі форуму замацавалі на сімвалічным ручніку гербы гарадоў-пабрацімаў Елгавы і Баранавіч, злучыўшы нябачнай ніццю культуру і традыцыі брацкіх народаў. Латвійскія калегі былі прыемна здзіў­лены тым, што некаторыя новаўвя­дзенні, якія ўкараняюцца ва ўстановах адукацыі Елгавы, ужо паспяхова выкарыстоўваюцца ў Баранавічах, і запрасілі беларускіх педагогаў у латвійскія ўстановы. Начальнік упраў­лення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак запэўніла, што беларуская дэлегацыя ажыццявіць у хуткім часе візіт у адка­з.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.