Начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас прайшла вялікі шлях да сваёй цяперашняй пасады. З адукацыйнай галіной яна трывала звязана звыш дваццаці гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Першыя крокі ў прафесіі рабіла як настаўнік. Пасля была завучам і дырэктарам школы. Разнастайны працоўны вопыт дапамагае вынікова кіраваць раённай сферай адукацыі. На пасадзе начальніка я ўжо амаль шэсць гадоў. За гэты час нашы навучальныя ўстановы неаднаразова выходзілі ў лік перадавых у вобласці і краіне. Лепшымі прызнаваліся дзіцячы сад аграгарадка Кадзіна, Кадзінская і Мяжысецкая сярэднія школы.
У раёне функцыянуюць 37 устаноў адукацыі, у кожнай ёсць пэўныя дасягненні. Педагагічныя калектывы працуюць плённа, самааддана.
— Наталля Уладзіміраўна, зараз у дзяцей перыяд адпачынку. Як арганізавалі іх аздараўленне і занятасць?
— Свабодны ад вучобы час нашы вучні праводзяць ярка і актыўна. У кожнай навучальнай установе прадугледжаны шырокі пералік заняткаў для адпачынку. У чэрвені працавалі лагеры з дзённым знаходжаннем. Пяць змен пройдзе за лета ў кругласутачным стацыянарным лагеры “Каласок”. Дзейнічаюць палатачныя лагеры, лагеры працы і адпачынку. Усяго аздараўленнем за канікулы будуць ахоплены звыш 1,6 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.
Запланаваны і разнастайныя варыянты занятасці. Для навучэнцаў, якія хочуць папрацаваць, створаны студэнцкія атрады і вытворчыя брыгады. На базе школ дзейнічаюць гульнявыя пляцоўкі, штодня ладзяцца цікавыя мерапрыемствы на стадыёнах і ў бібліятэках. Вучням прапануюцца захапляльныя экскурсіі. Праграму летняй аздараўленчай кампаніі склалі так, каб у верасні дзеці прыйшлі ў школы поўныя сіл, энергіі і незабыўных уражанняў.
— Дарэчы, пра верасень. Пачатак новага навучальнага года ўжо зусім хутка. Як установы рыхтуюцца да сустрэчы з вучнямі?
— Пакуль дзеці адпачываюць, ва ўстановах ідуць рамонты. На гэтыя мэты з бюджэту выдзелена звыш 4,3 млн рублёў. З пералікам неабходных работ вызначыліся яшчэ вясной, тады ж былі складзены і графікі іх выканання.
Сёлета праводзім капітальныя рамонты ў дзіцячым садзе аграгарадка Буйнічы і Вендаражскай сярэдняй школе імя М.Я.Раманькова. Істотная частка работ там завершана. Цалкам скончыць мадэрнізацыю плануем да 10 жніўня.
У многіх школах рамонты ўжо на фінішнай прамой. Некаторыя ўстановы нават атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года. Між тым работы былі выкананы значныя. Напрыклад, у Княжыцкай школе перафарбавалі фасад, у Рэчкаўскай — абнавілі актавую залу і замянілі дзверы ў вучэбных памяшканнях, у Мастокскай — правялі рамонт агароджы і каналізацыйнай сістэмы, у Вяйнянскай — адрамантавалі ўваходную групу і цеплапункт. У трох школах абноўлены бегавыя дарожкі на стадыёнах. Шмат дзе з’явілася сучасная аўтаномная пажарная сігналізацыя. Школы забяспечаны сістэмай відэаназірання, усюды закуплены стэлажы для захоўвання мабільных тэлефонаў. Змяненні закранулі і дзіцячыя сады. У дашкольных установах устаноўлены новыя ценявыя навесы, гульнявыя модулі і комплексы.
— Бягучы год праходзіць пад знакам добраўпарадкавання. Ці ўдзяляецца належная ўвага акультурванню прылеглых да навучальных устаноў тэрыторый?
— На добраўпарадкаванне накіравалі звыш 50 тысяч рублёў. Педагогі загадзя склалі арыгінальныя планы па азеляненні. Многае ўжо зроблена. Быў створаны шэраг ландшафтных аб’ектаў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. У Мастокскай школе высадзілі парк у гонар юных герояў-антыфашыстаў, у Семукацкай — заклалі парк Перамогі і зрабілі тэматычны кветнік. У чатырох установах заклалі яблыневыя сады і алеі ў гонар салдат-вызваліцеляў. За лета ў рамках азелянення ў школах і дзіцячых садах высаджана звыш 2,7 тысячы маладых дрэў і кустоў. Знакавай падзеяй стала масавая ўстаноўка кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. З’явілася мноства прыгожых малых архітэктурных форм. Дзякуючы творчасці, крэатыву і ініцыятыўнасці нашых педагогаў, тэрыторыі навучальных устаноў сталі выглядаць больш эстэтычна і прывабна.
Усёй настаўніцкай супольнасцю чакаем Дзень ведаў. У гэтым годзе за парты ў школах раёна сядуць больш за 4,6 тысячы дзяцей, у тым ліку 417 першакласнікаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





