“Зялёнае” свята хімфака

Мінулы тыдзень стаў значнай падзеяй у жыцці хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 21—23 лістапада тут праходзіў ІІ Міжнародны студэнцкі экалагічны кангрэс, які аб’яднаў удзельнікаў з 8 краін.

Арганізатары — хімічны кластар БДУ і моладзь з каманд студэнцкіх праектаў “Віртуозы навукі БДУ” і “Экастыль БДУ” — у праграме мерапрыемства ўлічылі розныя складнікі: тут можна было паказаць сябе (конкурс экаідэй), пераняць вопыт (лекцыі і майстар-класы ад старэйшых калег і аднагодкаў) і адпачыць у коле новых знаёмых (паэтычны вечар).

Конкурс экалагічных ідэй — адно з ключавых і значных мерапрыемстваў кангрэса. За выхад у фінал сёлета спаборнічалі каля 30 ініцыятыў, аднак прайсці адборачныя этапы змаглі толькі пяць праектаў. Усе яны ахопліваюць розныя напрамкі жыцця, але галоўны стрыжань у іх агульны — паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў свеце ці папярэджанне наступстваў, выкліканых неабачлівым стаўленнем чалавека да навакольнага асяроддзя. Нездарма дэвізам кангрэса сталі словы “Ад зялёнай хіміі — да зялёнага свету”. Так, студэнт БДТУ Аляксей Лосік расказаў пра новыя спосабы анаэробнай (пры адсутнасці кіслароду) перапрацоўкі ападкаў сцёкавых вод, а работа магістранта гістарычнага факультэта БДУ Вячаслава Фурса ўвабрала ў сябе ідэю стварэння турыстычнага комплексу “Беларускія Мальдзівы” на тэрыторыі Краснасельскіх вапнавых кар’ераў. Прадстаўніцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віталіна Ваўкарэзава і Ганна Касьянава прапанавалі ідэю атрымання сухіх экстрактаў на аснове перапрацоўкі расліннай сыравіны і вырабу з іх напіткаў. Марына Рапінчук абмеркавала з прысутнымі магчымасці выкарыстання шматразовай тары для напіткаў у пунктах харчавання БДУ.

Адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 1 Мінска Яўгенія Корзун на конкурсе — адзіная школьніца. Першая задума падрыхтаваць выступленне на навуковую канферэнцыю ўзнікла ў дзяўчыны, калі яна пачала наведваць школу юнага хіміка БДУ. Жэні хацелася, каб тэма была не проста цікавай, але яшчэ і карыснай. Так ідэя з канферэнцыяй трансфармавалася ў праект “Безадходнай школьнай лабараторыі”, і дзяўчынка даказала, што школьнікі таксама могуць зрабіць адчувальны ўклад у паляпшэнне экалагічнай сітуацыі.
Зацікаўленасць хіміяй Жэня адчула ў 7 класе, як толькі пачала ўдзельнічаць у алімпіядным руху. З таго часу яна сочыць за падзеямі і адкрыццямі ў галіне. І, як паказала атрыманне гран-пры на конкурсе ідэй, робіць гэта прадукцыйна.

— Хваляванне, канечне, прысутнічала, — дзеліцца ўражаннямі школьніца. — Я разумела, што па аб’ёме ведаў не магу сапернічаць са студэнтамі, амаль выпускнікамі ўніверсітэта. Але ведала, што гэтая тэма цікавая для мяне, таму хочацца расказаць пра яе іншым. Гэта падбадзёрвала.

Перавесці дух пасля двух дзён мерапрыемства дазволілі экаквіз і паэтычны вечар. Сёлета гульня, якая за два гады стала неад’емным спадарожнікам кангрэса, уключыла ў сябе пытанні з кіно, коміксаў і нават дзіцячых песенек. Але гэта не спыніла чацвёртакурсніцу Дар’ю Пагарцаву, якая вырвала галіну першынства на апошнім пытанні.

Заключны дзень кангрэса сабраў вучняў 4—10 класаў, якія працавалі над дакладамі, прысвечанымі ранняму фарміраванню экалагічнага ладу жыцця. Выбраць цікавы напрамак і правільна пабудаваць выступленне дзецям дапамагалі студэнты-хімікі.

— Мы стараемся працаваць з дзецьмі розных узростаў, бо, калі абітурыенты прыходзяць ва ўніверсітэт, яны ўжо сфарміраваныя асобы, якіх трэба не выхоўваць, а накіроўваць, — заўважыла куратар праекта намеснік дэкана хімічнага факультэта па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жанна Цабкала. — Гэта дапамагае не толькі развіваць экалагічную культуру дзяцей і падлеткаў, але і мяняць адносіны да яе бацькоў. У дарослым жыцці мяняць свае звычкі, нават не самыя добрыя, няпроста, але з дапамогай дзяцей рэальна.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.