У Навагрудку прэзентавалі новую экалагічную ініцыятыву, якая рэалізоўвалася па праекце ЕС “Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Беларусі” і на 80% была прафінансавана Еўрапейскім саюзам. Гаворка ідзе пра адкрыццё сучаснай станцыі па сарціроўцы цвёрдых побытавых адходаў з мэтай іх будучай перапрацоўкі. Навагрудскі райвыканкам адзначае, што насельніцтва ахвотна падтрымала згаданую ініцытыву, і спадзяецца, што добрае пачынанне ў хуткім часе будзе даведзена да дасканаласці.
Сёння Наваrрудак трымае ўпэўненае лідарства ў нашай краіне ў сферы “зялёнай эканомікі”. У 2012 годзе ён стаў другім горадам пасля Полацка, які далучыўся да пагаднення мэраў. Дзякуючы гэтаму, з’явіліся новыя магчымасці для супрацоўніцтва з еўрапейскімі структурамі ў рамках розных праектаў па ахове навакольнага асяроддзя і прадухіленні кліматычных змен.
У раёне ўжо рэалізавана некалькі энергаэфектыўных праектаў па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі. Старшыня райвыканкама Анатоль Маркевіч заўважыў, што Навагрудак — самы высокі населены пункт Беларусі, які знаходзіцца на вышыні 323 м над узроўнем мора. Натуральна, што кіраўніцтва раёна звярнула ўвагу на магчымасць развіцця ветраэнергетыкі і ўжо зрабіла важныя крокі ў гэтым напрамку.
Сёння на Навагрудчыне дзейнічае першы ў нашай краіне ветрапарк магутнасцю 9 МВт. А ўсяго ў раёне працуе 12 ветраўстановак сумарнай магутнасцю 15,5 МВт. Акрамя таго, паспяхова развіваецца сонечная энергетыка. Ужо ў гэтым годзе ў раёне будзе ўстаноўлена абсталяванне, якое выпрацоўвае 1,25 МВт электраэнергіі.
І вось цяпер, з 1 ліпеня, тут пачала працаваць сучасная станцыя па сарціроўцы цвёрдых побытавых адходаў. Агульны кошт згаданага праекта — звыш 1 млн еўра. Уклад Еўрапейскага саюза склаў 795 935 еўра. На гэтыя сродкі былі закуплены кантэйнеры для збору адходаў, смеццявозы, пагрузчык, прэс. За беларускія сродкі (6,5 млрд рублёў) былі праведзены праектныя і мантажна-будаўнічыя работы, а таксама набыта частка абсталявання.
Плануецца, што новая станцыя дазволіць істотна знізіць нагрузку на экалогію раёна. Ужо зараз, прынамсі, палова смецця будзе трапляць сюды на сарціроўку, каб пазней быць накіраванай на перапрацоўку. Праўда, на гэтым этапе другасная сыравіна будзе перапрацоўвацца ў іншых рэгіёнах, але навагрудскія ўлады спадзяюцца знайсці інвестараў і стварыць адпаведныя вытворчасці на тэрыторыі раёна. Зрэшты, ужо цяпер дзякуючы адкрыццю станцыі сарціроўкі тут створана 12 новых працоўных месцаў.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новай станцыі прынялі ўдзел паслы еўрапейскіх дзяржаў і прадстаўнікі Еўрапейскага саюза ў Беларусі, кіраўнікі Гродзенскай вобласці і Навагрудскага раёна.
— Наша супрацоўніцтва з Навагрудчынай вельмі плённае. Мабыць, гэта таму, што пытанні рэгіянальнага развіцця вельмі блізкія сэрцам мясцовай улады і мясцовага насельніцтва, — заўважыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі пасол Андрэа Віктарын. — Праект, які мы рэалізавалі, — гэта прыклад таго, як пры актыўным удзеле мясцовых улад могуць ажыццяўляцца добрыя ідэі. Цяпер у Навагрудскім раёне паяўляюцца дадатковыя эканамічныя магчымасці, ствараюцца новыя працоўныя месцы, паляпшаецца ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва. І гэта можа стаць узорам для іншых беларускіх гарадоў.
— Мы рады супрацоўніцтву з еўрапейскімі партнёрамі, якія зацікаўлены ў экалагічным балансе на нашым кантыненце і пашырэнні выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, — адзначыў у сваю чаргу старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. — Спадзяёмся, што наш праект на гэтым не завершыцца і што ў будучыні побач са станцыяй сарціроўкі з’явіцца міні-завод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў.
— “Зялёная эканоміка” — гэта канцэпцыя эканамічнага развіцця, якая, наносячы мінімальную шкоду навакольнаму асяроддзю, павышае дабрабыт людзей, — тлумачыць кіраўнік праекта “Зялёная эканоміка” Вольга Чаброўская. — І тое, што ў нашай краіне актыўна развіваецца новая галіна — перапрацоўка адходаў, пашыраецца раздзельны збор смецця, — гэта і ёсць “зялёная эканоміка” ў дзеянні. Наша задача — прааналізаваць лепшую практыку, якая ёсць у краіне, і папулярызаваць яе ва ўсіх рэгіёнах.
Вельмі важна таксама праводзіць асветніцкую работу з насельніцтвам, бо толькі намаганнямі грамадзян горад і раён могуць стаць чыстымі і большая частка смецця можа трапіць на паўторную перапрацоўку.
— Калі мы хочам атрымаць станоўчы эфект, то трэба дайсці да кожнага чалавека і патлумачыць важнасць справы, — заўважыла Вольга Чаброўская. — А пачынаць трэба са школьнікаў, якія разам з чытаннем і пісьмом павінны засвойваць экалагічныя веды. Адукаваныя ў гэтым напрамку дзеці заўсёды ўкажуць бацькам, калі тыя робяць экалагічна непрымальныя рэчы, а ў будучыні самі стануць стваральнікамі “зялёнай эканомікі”.
Дарэчы, ад пачатку лета ў Навагрудку прайшоў ужо цэлы шэраг экалагічных мерапрыемстваў. Напрыклад, з 13 па 17 чэрвеня тут ладзіўся Тыдзень энергаэфектыўнасці. А завяршыла экалагічны месячнік гарадское свята “Зялёная эканоміка” як беларускі культурны код”, арганізатарамі якога выступілі Навагрудскі райвыканкам і прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.
На цэнтральнай плошчы Навагрудка адбылася прэзентацыя 8 “зялёных” праектаў, якія рэалізоўваюцца ў розных рэгіёнах Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Госці свята маглі паўдзельнічаць у віктарынах, пры дапамозе анлайн-калькулятара навучыцца эканоміць на паслугах ЖКГ, азнаёміцца з устройствам сонечнай батарэі і электрабайка.
Адметна, што сёлета гэта ўжо другое “зялёнае” свята, арганізаванае ў нашай краіне пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. 28 мая падобнае мерапрыемства праходзіла ў Полацку. Плануецца, што на працягу лета “зялёныя” праекты пабываюць і ў іншых гарадах краіны.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі мерапрыемства.