Зялёны агеньчык школьных дарог

- 11:32Выхаванне

“Ганарымся, што навучылі” — многія, канечне, памятаюць гэтую сацыяльную рэкламу. Гаворка ў ёй ідзе пра бацькоў, якія вучаць сваіх дзяцей правілам бяспечных паводзін. І гэта правільна: самы лепшы прыклад — бацькоўскі. Але яшчэ больш эфектыўным навучанне становіцца, калі ў ім задзейнічаны і бацькі, і школа, і МНС, і ДАІ, і іншыя зацікаўленыя арганізацыі, якія могуць аб’ядноўваць свае намаганні, на базе, напрыклад, рэсурсных цэнтраў. Такіх, як рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце па кірунку “Фарміраванне ў навучэнцаў культуры бяспекі жыццядзейнасці”, што паспяхова працуе ў сярэдняй школе № 208 Мінска.

На новых шляхах

Цэнтр у яго сённяшнім выглядзе дзейнічае ў навучальнай установе з лютага 2016 года, але яшчэ ў 2015 годзе ў школе адкрылі цэнтр бяспекі дарожнага руху.

— Гэта кірунак работы, якім мы заняліся сумесна з ДАІ, з ДТСААФ. Пачыналі з арганізацыі інфармавання, прафілактыкі дзіцячага дарожнага траўматызму, а потым цэнтр даў штуршок да іншай дзейнасці, дазволіў ушчыльную падысці да тэмы бяспечнага знаходжання дзяцей у школе і не толькі да яе, бо бяспека не абмяжоўваецца тэмай прафілактыкі ДТЗ, — узгадвае дырэктар установы адукацыі Людміла Георгіеўна Філімонава. — Развівалі цэнтр не толькі для сябе, але і для ўсіх школ Маскоўскага раёна па пашыранай праграме, звярнуліся і да прапаганды здаровага ладу жыцця, і да прафілактыкі камп’ютарнай залежнасці, і г.д.

Так, у цэнтры на роўных існуюць складнікі па прафілактыцы пагроз як фізічнаму, так і маральнаму здароўю дзяцей і падлеткаў, бо бяспека — паняцце шырокае, уключае самыя розныя кірункі, патрабуе самых розных падыходаў.

Задачы рэсурснага цэнтра:

— аказваць інфармацыйную і метадычную падтрымку педагогам па эфектыўнай арганізацыі работы па фарміраванні культуры бяспечнай жыццядзейнасці навучэнцаў;

— каардынаваць дзейнасць па ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі з зацікаўленымі структурамі;

— удасканальваць работу па захаванні бяспечнай жыцця­дзейнасці дзяцей і падлеткаў;

— прыцягваць увагу грамадскасці да праблем захавання бяспекі жыццядзейнасці падрастаючага пакалення.

Работай цэнтра кіруе Каардынацыйны савет у складзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагога-псіхолага, сацыяльных педагогаў, кіраўніка метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. А падтрымліваюць яго работу Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”, АДАІ Маскоўскага раёна, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённыя арганізацыі АСВОД, ДТСААФ і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ІСН. Як бачыце, толькі па пераліку арганізацый-партнёраў зразумела, наколькі шырокі спектр прафілактычных задач вырашае цэнтр.

— Раней, пакуль не было вучэбных гадзін па бяспецы жыццядзейнасці, мы на базе цэнтра рыхтавалі кадры для работы з дзецьмі, — дадае Л.Г.Філімонава, — прычым не толькі для школ раёна, але і для горада. Праводзілі гэтую работу, лічу, дастаткова эфектыўна, вопыт у нас ужо добры.

Трэба дадаць, цэнтр нядрэнна абсталяваны, перш за ўсё для работы па прафілактыцы ДТЗ: наглядныя дапаможнікі, інфармацыйныя вучэбныя стэнды па правілах дарожнага руху, 13 ноўтбукаў, падключаных як да ўнутранай сеткі, так і да інтэрнэту, аснашчаныя як праграмамі для падрыхтоўкі вадзіцеляў, так і праграмамі для работы з дзецьмі рознага ўзросту, пачынаючы з 7 гадоў. Ёсць тут інтэрактыўная сістэма для апытання ў камплекце з інтэрактыўнай дошкай і мультымедыйным праектарам, тэлевізар.

На базе цэнтра арганізавана работа атрада ЮІР “Дарожны патруль”. Для навучэнцаў раёна праводзяцца заняткі “Перакрыжаванне”, “Рух на веласіпедах” (практычныя таксама), “Правы і абавязкі вадзіцеля”, “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху” і інш. А летам у рамках раённага праекта “Я — будучы вадзіцель”,  арганізаванага сумесна з ДТСААФ, падлеткі пасля навучання атрымліваюць сертыфікаты “Будучы вадзіцель”. Праект уключае не толькі тэарэтычныя, але і практычныя заняткі на базе аддзялення добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Маскоўскага раёна — “Картынг”, “Матацыкл”, “Аўтамабіль”.

Ажыццяўляецца тут і сацыяльны праект “За бяспеку разам”, разлічаны на 1 год і арыентаваны на 14—17-гадовых падлеткаў, у тым ліку тых, хто патрабуе асаблівай увагі. Праект сумесны, яго сувыканаўцамі з’яўляюцца ўпраўленне па адукацыі і Камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Пачаўся ён у лістападзе і працягнецца да канца навучальнага года, навучэнцы ўсіх школ раёна  — і звычайныя, і тыя, хто патрабуе асаблівай увагі, раз у тыдзень прыходзяць у школу, дзе для іх арганізаваны заняткі па бяспецы жыццядзейнасці (а яшчэ выязджалі ў пажарную часць, у ДТСААФ, вучыліся ва­джэнню карта), у іншых навучальных установах арганізаваны заняткі на іншыя тэмы.

Акрамя таго, на базе рэсурснага цэнтра праходзяць мерапрыемствы ў рамках акцыі “Канікулы — пара актыўная”, раённыя конкурсы “Зялёны агеньчык”, “Зялёная хваля”, у якіх навучэнцы школы № 208 нязменна аказваюцца ў ліку лепшых.

З пачатку гэтага навучальнага года ў школе дзейнічае аўтагарадок з дарожнай разметкай, знакамі і г.д., дзе класныя кіраўнікі і выхавальнікі груп прадоўжанага дня вучаць школьнікаў правілам дарожнага руху. Задзейнічаны таксама спецыялісты ДАІ і цэнтра “Бяспечнае дзяцінства” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Вывучэннем ПДР з малодшымі школьнікамі таксама актыўна займаюцца старшакласнікі.

У гэты ж час на базе цэнтра адкрылася аб’яднанне па інтарэсах “Аўтамадэляванне”, больш за 3 гады працуюць аб’яднанні “Юны інспектар дарожнага руху” і “Школа ЗЛЖ”, клубы юных ратавальнікаў-пажарных і падраздзяленне Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. АСВОД жа дапамагае даць школьнікам практычныя навыкі ратавання на вадзе. Яшчэ тут распрацавалі бяспечны маршрут ад дому да школы і наадварот для навучэнцаў і бацькоў, устанавілі электронную прапускную сістэму.

Не спыняцца — развівацца

— Мы шмат працуем з бацькамі нашых навучэнцаў, — гаворыць сацыяль­ны педагог Ала Мікалаеўна Сінюк. — Так, шмат размаўляем з імі наконт бяспекі дзяцей у інтэрнэце, бо тэма надзвычай актуальная. У нас і клуб ёсць —“Сямейны савет”, на пася­джэннях якога мы часта разглядаем пытанні бяспекі, бывае, праводзім сумесныя трэнінгавыя заняткі для бацькоў і дзяцей.

Наогул работа шматлікіх школьных клубаў цесна звязана з работай рэсурснага цэнтра, яны дапаўняюць і падтрымліваюць адно аднаго. Рэсурс­ны цэнтр знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Так, восенню, у тым ліку на яго базе праводзілася пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі “Аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў сістэме адукацыі”, дзе была прадстаўлена прэзентацыя вопыту работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы ў рамках праектнай дзейнасці. Таксама госці ўбачылі фрагмент заняткаў з выкарыстаннем падыходу “роўны вучыць роўнага: канфлікты і бескан­фліктныя паводзіны. Інтэрнэт”, што тутэйшым педагогам і вучням удалося зрабіць надзвычай паспяхова, атры­маўшы высокую ацэнку ўдзельнікаў і арганізатараў пасяджэння.

У школе, а значыць і ў цэнтры, лічац­ь, што ўнікальнасць прынцыпу  “роўны вучыць роўнага” ў тым, што валанцёрская адукацыйная дзейнасць стварае прастору для развіцця не толькі тых, з кім праводзіцца прафілактыка, але і для развіцця навучэнцаў, якія арганізоўваюць гэтую работу. Адукацыйны ж падыход, заснаваны на такім прынцыпе, забяспечвае перадачу сацыяльна значнай інфармацыі праз даверлівыя адносіны на роўных валанцёраў з равеснікамі. Тутэйшыя валанцёры працуюць, дарэчы, не толькі ў сваёй, але і ў іншых школах раёна, а многія выпускнікі працягваюць валанцёрскую дзейнасць і стаўшы студэнтамі, працуючы.

У мінулым навучальным годзе школа сумесна з Цэнтрам, дружалюбным да падлеткаў, “Давер” і сярэдняй школай № 9 Мінска рэалізоўвала прафілактычны праект “Адзіная прастора для баўлення вольнага часу і сетка паслуг, дружалюбных да падлеткаў, “Тусоўка.by” як сродак пазітыўнай адаптацыі падлеткаў і навучэнскай моладзі Маскоўскага раёна Мінска”. З 2017 года школа ўдзельнічае ў рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў з дапамогай арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаема­дзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”.

Дэманстрацыя вопыту інавацыйнай дзейнасці адбылася ў ходзе  сустрэчы “Фарміраванне каштоўнасных арыентацый навучэнцаў як аснова прафілактыкі дэвіянтных паводзін”. Кожны член інавацыйнай групы прадставіў вынікі педагагічнага даследавання. А разам са школай № 9 вопыт развіцця валанцёрства ў рамках падыходу “роўны вучыць роўнага” прадставілі на круглым стале “Drug — не друг”, на міжнароднай канферэнцыі “Інавацыйныя падыходы да работы з падлеткамі і моладдзю: ад арганізацыі сацыяльнай прасторы — да ўстойлівага развіцця грамадства”  і VI адкрытай канферэнцыі “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі”. У ходзе рэалізацыі інавацыйных праектаў рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце стаў удзельнікам некалькіх сацыяльных праектаў, накіраваных на фарміраванне пазітыўнай сацыялізацыі падлеткаў: “Падары сабе будучыню”, “Канікулы — пара актыўная”, “Мы разам”.

І па-ранейшаму тут не забываюць аб рабоце з педагогамі: на базе рэсурснага цэнтра праводзяць семінары для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, якія праходзяць курсавую падрыхтоўку у МГІРА.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 208 Мінска.