“Зялёны” каледж

Асноўная задача ўстановы прафесійнай адукацыі — забяспечваць краіну неабходнымі рабочымі кадрамі. Аднак ёсць установы, якія, акрамя гэтага, бяруць на сябе абавязак па вырашэнні іншых задач. У выпадку з Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжам гэта задачы глабальнага маштабу і значэння. Ва ўстанове імкнуцца вырашаць праблемы аховы навакольнага асяроддзя, экалогіі, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Каледж ажыццяўляе дзейнасць адразу па некалькіх значных праектах у гэтым кірунку. Яна цесна пераплялася з усімі напрамкамі работы каледжа і тычыцца не толькі навучэнцаў. Навагрудскі каледж стаў цэнтрам, які дае веды, натхняе і падтрымлівае ідэі ўсіх жыхароў Гродзенскай вобласці.

Дарожная карта для экалагічнай чысціні

У каледжы ставяць вялікія і значныя задачы — максімальна ўцягнуць людзей у экалагічны рух, зрабіць так, каб яны валодалі ведамі аб ахове навакольнага асяроддзя і выкарыстоўвалі іх. Дасягаць задач вырашылі праз праектную дзейнасць.

У каледжы працуюць над шэрагам праектаў, якія рэалізуюцца праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэр­ствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і фінансуюцца Еўрапейскім саюзам. Адзін з такіх праектаў — “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі”.

Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж — шматпрофільная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для аграпрамысловага комплексу краіны. Каледж працуе па бесперапыннай інтэграванай сістэме навучання з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэтам спажывецкай кааперацыі, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.

У рамках праекта ў каледжы быў адкрыты вучэбна-кансультацыйны цэнтр па аднаўляльных крыніцах энергіі, ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і энергазберажэнні.

Вучэбна-кансультацыйны цэнтр — гэта асобнае памяшканне, дзе ёсць усё неабходнае лабараторна-практычнае абсталяванне, дэманстрацыйныя стэнды, праграмнае забеспячэнне. Усё гэта робіць мерапрыемствы, якія тут праводзяцца, змястоўнымі і насычанымі. Напрыклад, тут ёсць сонечная міні-панэль. Можна разгледзець кожную дэталь гэтага механізма. А паколькі абсталяванне пераноснае, яго можна ўзяць з сабой на вуліцу і паназіраць, як працуе. Цікавы і стэнд “Каштоўная вада”, на якім можна праводзіць іспыты-паядынкі. На стэндзе ўсталявана некалькі кранаў розных відаў — з адным рычагом, двума вентылямі, сэнсарны, з аэрацыяй. Можна праводзіць эксперыменты, напрыклад, колькі вады выльецца з крана з адным рычагом і з крана з двума вентылямі, пакуль з іх дапамогай дасягаюць пэўнай тэмпературы вады. Усе даныя выводзяцца на экран, які падключаны да стэнда. На другім стэндзе можна праводзіць энергапаядынкі — падключаць розныя віды адной і той жа электратэхнікі і параўноўваць іх. Напрыклад, высветліць, што хутчэй нагрэе ваду і патраціць менш электраэнергіі — індукцыйная пліта або электраплітка.

Гэтае абсталяванне актыўна выкарыстоўваецца. У першую чаргу — для навучання. Выбраўшы кірунак развіцця і вывучыўшы рынак працы, у каледжы адкрылі новую спецыяльнасць — “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”. Навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг” і могуць працаваць эколагамі, спецыялістамі па энергазберажэнні на розных прадпрыемствах, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на прадпрыемствах аднаўляльнай энергетыкі, у лабараторыях экалагічнага кантролю, службах ачышчальных збудаванняў і водападрыхтоўкі  і інш. Вучэбны план складзены так, каб будучыя выпускнікі атрымалі неабходныя кампетэнцыі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, энергазберажэння, аднаўляльных крыніц энергіі, павышэння энергаэфектыўнасці ў будаўніцтве і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Экалагічныя аспекты вывучаюць і навучэнцы па спецыяльнасцях “Аграномія” і “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Яны вучацца прымяняць веды аб экалогіі, энергазберажэнні, ахове прыроды ў сваіх кірунках работы.

 А яшчэ цэнтр спрыяе прафарыентацыйнай рабоце: школьнікам вельмі цікава ба­чыць такія сучасныя прыборы. Яны частыя госці каледжа.

Гэты цэнтр арыентаваны не толькі на навучэнцаў каледжа, але і на вельмі шырокае кола людзей: жыхароў раёна, краіны і замежных гасцей. Цэнтр становіцца пляцоўкай для тэматычных сустрэч, канферэнцый, круглых сталоў, семінараў. Напрыклад, у мінулым годзе XV Рэспублікан­скі экалагічны форум прымаў Навагрудак. І Навагрудскі каледж, у прыватнасці, вучэбна-кансультацыйны цэнтр, стаў адной з яго пляцовак.

 Перад публікай у цэнтры выступаюць вядучыя спецыялісты ў галіне экалогіі, энергазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. У тым ліку і міжнародныя эксперты: у мерапрыемствах ужо бралі ўдзел лектары з Грузіі, Расіі, Арменіі, Літвы, Польшчы, Швецыі, Грэцыі і іншых краін. Вучэбна-кансультацыйны цэнтр за час існавання ўжо наведалі каля тысячы чалавек.

Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі — побач

Вельмі цікава ў каледжы адбываецца вывучэнне альтэрнатыўных крыніц энергіі. Каб іх убачыць, не трэба далёка ісці. На даху аднаго з карпусоў можна разгледзець сонечныя калектары, яны злучаны вакуумнымі трубкамі з бакам на 200 літраў вады. Гэта геліяводанагравальная ўстаноўка. Яна награвае ваду для душавых кабінак у кабінеце фізічнай культуры і здароўя, што дазваляе эканоміць сродкі і адначасова знаёміцца з сучасным абсталяваннем, якое задзейнічае энергію сонца.

А каля інтэрната № 3 можна ўба­чыць, як сіла ветру ператвараецца ў энергію: тут уста­лявана ветраэнергетычная ўстаноўка магутнасцю 2,8 кВт. З верасня мінулага года гэтая ўстаноўка ўжо дазволіла ска­раціць спажыванне электраэнергіі ў інтэрнаце на 200 кВт.

Плануецца, што ў хуткім часе з’явяцца яшчэ і фотаэлектрычныя панэлі магутнасцю 1,2 кВт. Каледж узяў удзел у конкурсе па выбары выканаўцаў мерапрыем­стваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Энерга­зберажэнне” на 2016—2020 гады. Прапануецца замяніць пліты і свяцільні ў інтэрнатах на энергазберагальныя, каб электраэнергіі ад альтэрнатыўных крыніц было дастаткова для задавальнення ўсіх патрэб інтэрната.

“Зялёная школа” ў каледжы

Новыя ідэі для работы супрацоўнікам і навучэнцам каледжа даў праект “Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”. У рамках праекта каледж далучыўся да сеткі “зялёных школ”. Больш за тое, у 2018 годзе ўстанова перамагла ў конкурсе і аграрны каледж атрымаў статус “Рэгіянальны дапаможны цэнтр” па “зялёных школах”.

Цэнтр садзейнічае развіццю экалагічнай адукацыі ў Гродзенскай вобласці. Тут акумуляваны неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя, педагагічныя, інфармацыйныя, інтэлектуальныя, праграмна-метадычныя рэсурсы, якія служаць на карысць усім, хто цікавіцца экалагічнымі пытаннямі.

У рамках праекта рэсурсны цэнтр атрымаў неабходнае для “зялёнай школы” абсталяванне. Так, цяпер у каледжы дзейнічае свая метэастанцыя. Навучэнцы сочаць за змяненнямі тэмпературы паветра і атмасфернага ціску, збіраюць і аналізуюць атмасферныя ападкі, вызначаюць колькасць вуглякіслага газу ў паветры, праводзяць іншыя вымярэнні.

Навучэнцы і работнікі каледжа выкон­ваюць заданні па 6 кірунках: біяразнастайнасць, энергазберажэнне, водазберажэнне, абыходжанне з адходамі, якасць атмасфернага паветра, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы. Асабліва актыўная дзейнасць разгарнулася менавіта ў апошнім кірунку: акцыі, семінары, трэнінгі, тэматычныя выставы і іншыя мерапрыемствы ў галіне экалагічнай адукацыі нярэдка знахо­дзяць месца ў распарадку дзейнасці ўстановы. Напрыклад, літаральна нядаўна прайшоў трэнінг “Экалагічны маніторынг і Орхуская канвенцыя”, у якім узялі ўдзел выкладчыкі каледжа, навучэнцы і запрошаныя госці з Карэліцкага, Дзятлаўскага раёнаў.

Педагогі каледжа праводзяць для навучэнцаў установы, а таксама для школьнікаў і нават дашкольнікаў экскурсіі ў Навагрудскі ветрапарк, на станцыю сартавання адходаў. Падчас экскурсій дзеці атрымліваюць мноства цікавай інфармацыі, адаптаванай адпаведна іх узросту.

Дасягненні і планы

Яшчэ адзін праект, над ажыццяўленнем якога працуюць у каледжы, —  “Стварэнне патэнцыялу для поўнай утылізацыі цвёрдых бытавых адходаў для ўстойлівага развіцця 4 раёнаў Гродзенскай вобласці з увядзеннем ініцыятывы дзяржаўна-прыватнага партнёрства і распрацоўкай адукацыйных пра­грам для ўстаноў адукацыі і насельніцтва”. У Навагрудскім раёне будзе пабудавана лінія па перапрацоўцы другаснай сыравіны, у праватнасці, палімераў. Перад каледжам паўстае задача падрыхтаваць для яе спецыялістаў. Вядзецца аналіз патрэбнасці на рынку працы высокакваліфікаваных кадраў у галіне збору, перапрацоўкі, захоўвання і сартавання цвёрдых бытавых адходаў. У выніку ва ўстанове будзе адкрыта новая спецыяльнасць.

І зноў жа, важная частка работы ў гэтым кірунку — прыцягненне ўвагі насельніцтва да праблемы, асветніцтва і данясенне інфармацыі да кожнага жыхара рэгіёна, каб кожны чалавек усведамляў важнасць свайго ўкладу ў справу.

Ёсць ідэі!

Навучэнцы кале­джа не толькі далучаюцца да глабальных ініцыятыў, але і ўносяць свае прапановы. Ва ўстанове ініцыятывы ўсяляк падтрымліваюць. Тут нават з’явіўся творчы конкурс “Ёсць ідэя!”, на якім юнакі і дзяўчаты дэманструюць неардынарнае мысленне і наватарскія падыходы да вырашэння разнастайных праблем. Ідэі навучэнцы выказваюць розныя. Напрыклад, прапанавалі ўстанавіць памятны знак бульбе, а яшчэ прыдумалі, як атрымліваць два ўраджаі бульбы і як зрабіць “разумны дом” сваімі рукамі. Некаторыя з ідэй знахо­дзяць практычнае прымяненне. Так, канкурсанты распрацавалі штангавы апырсквальнік,які сумяшчае ў сабе вентылятарны,  штангавы і ранцавы апырсквальнікі. Цяпер гэты прыбор выкарыстоўваюць пры рабоце ў вучэбнай гаспадарцы.

За паўвека свайго існавання калед­ж падрыхтаваў больш за 18 тысяч спецыялістаў. Сёння ва ўстанове рыхтуюць па такіх спецыяльнасцях, як “Аграномія”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”.

Яшчэ адна цікавая ідэя з’явілася па-за межамі конкурсу і ператварылася ва ўласны праект. Каледж мае аграрны кірунак, і тут задумаліся аб атрыманні экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі. Так з’явіўся праект “Развіццё тэхналогіі арганічнага земляробства з выкарыстаннем экалагічна бяспечнай тэхнікі і аднаўляльных крыніц энергіі” — навучэнцы і супрацоўнікі каледжа працуюць над стварэннем электратрактара, экалагічна чыстага транспарту для апрацоўкі сельскагаспадарчых культур. Справа яшчэ не завершана, аднак, назіраючы за тым, як актыўна і эфектыўна тут працуюць, няма сумненняў, што прэзентацыя электратрактара адбудзецца ў хуткім часе.

Зварот каледжа да “зялёных”  тэхналогій невыпадковы, зроблены з усведамленнем актуальнасці, значнасці і карыснасці гэтага кірунку дзейнасці.

 — Мы імкнёмся рыхтаваць такіх спецыялістаў, якія будуць на роднай зямлі вырошчваць хлеб, узводзіць будынкі і пры гэтым ахоўваць навакольнае асяроддзе, — расказвае дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага каледжа Андрэй Пятровіч Сусла.

Важна, што ў каледжы кожны навучэнец, акрамя прафесійных кампетэнцый, атрымлівае ўменне клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых, думаць глабальна і ўсве­дамляць значэнне сваіх дзеянняў для ўсяго свету, усяго чалавецтва. Гэта, безумоўна, зробіць кожнага з іх лепшым як прафесіянала і як чалавека.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.