Зялёны шлях да зялёнай эканомікі

- 15:28Краязнаўства, Рознае

На гэтым тыдні ў Беларусі праходзіў нацыянальны семінар “Прафесійная адукацыя Рэспублікі Беларусь як механізм падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і пераходу да зялёнай эканомікі”. Яго лагічным працягам стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Экалагічная адукацыя для ўстойлівага развіцця: айчынны і міжнародны вопыт”, якая на працягу трох дзён праходзіла ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 120 педагогаў, метадыстаў, вучоных, настаўнікаў і кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй Беларусі. Яны прадэманстравалі свае лепшыя ідэі, методыкі, распрацоўкі, творчыя знаходкі, якія спрыяюць адукацыі для ўстойлівага развіцця. Далучыліся да іх калегі з Расіі і Азербайджана.

Распачынаючы канферэнцыю, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Марыя Аляксандраўна Саротнік адзначыла: “Нам вельмі важна вызначыць узровень нашай адказнасці за тых людзей, якіх мы навучаем. Мы працуем з моладдзю — ад дашкольнікаў да студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў — і мы павінны разумець сваю адказнасць за добранадзейнасць і будучыню нашай краіны. Тыя ўрокі мінулага, якія мы засвоілі роўна 30 гадоў назад, мы не павінны забываць. А для гэтага мы павінны сфарміраваць у новага пакалення пачуццё адказнасці за сваю малую радзіму і за планету ўвогуле, каб наступнае пакаленне мела сваю будучыню”.

Работа канферэнцыі вялася ў трох секцыях: “Новыя грані адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця”, “Развіццё экалагічнай адукацыі ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Шляхі, формы і метады экалагічнай асветы на шляху да “зялёнай эканомікі”.

Пра прасоўванне ідэй энергазберажэння сярод навучэнцаў і педагогаў расказала Ж.М.Цехановіч, дырэктар Лідскага РЭЦДіМ Гродзенскай вобласці. На базе цэнтра працуе энергаклас, дзе назапашаны наглядныя, друкаваныя, відэаматэрыялы, дэманстрацыйныя прадукты, канструктарскія мадэлі, дыдактычныя матэрыялы, гульні, метадычныя матэрыялы для педагогаў і г.д. Тут арганізавана навучанне больш як 1000 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Майстар-класы дзіцячай творчасці па вырабе карысных рэчаў з другаснай сыравіны, праектаванне бяспечнага навакольнага асяроддзя, распрацоўка ідэй правядзення доследаў і эксперыментаў па атрыманні, захаванні і пераўтварэнні энергіі, работа з канструктарскімі і салярнымі ўстаноўкамі — усё гэта прываблівае дзяцей і дапамагае зрабіць кірунак энергазберажэння папулярным.

Т.П.Пратасеня, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мінскай вобласці, у сваім выступленні адзначыла, што навучэнцам малодшага школьнага ўзросту яшчэ складана зразумець фізічны сэнс энергіі, таму пытанні энергіі і энергазберажэння ў яе цэнтры разглядаюцца з пазіцыі самога дзіцяці і свету, які яго акружае. Самая прывабная і эфектыўная форма работы для такога ўзросту — гульнявая. Педагогі цэнтра распрацавалі дыдактычныя гульні для вучняў сярэдняга і малодшага школьнага ўзросту. Гэта і настольная гульня “Энергаполія” (разнавіднасць класічнай гульні, у якой можна купляць, арандаваць і прадаваць сваю ўласнасць, толькі тут яе трэба зрабіць энергаэфектыўнай), і дыдактычная гульня “Экадартс” (вучыць самым элементарным навыкам энергазберажэння, якія можна прымяніць у побыце), і інтэрактыўная камп’ютарная гульня “Я, энергія і навакольнае асяроддзе” (накіравана на развіцце ў дзяцей экалагічнага мыслення).

Сваю гульнявую распрацоўку — настольную гульню “Экалоджык” — прадэманстраваў М.А.Сабіраў, навуковы супрацоўнік Інстытута эвалюцыйнай фізіялогіі і біяхіміі імя І.М.Сечанава Расійскай акадэміі навук. Яна дапамагае зразумець, як трэба жыць сучаснаму чалавеку, бо наглядна дэманструе, як адначасова будаваць бізнес і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. Удзельнікі канферэнцыі, размясціўшыся за гульнявымі сталамі, таксама паспрабавалі праявіць свае дзелавыя якасці ў арганізацыі “экалагічна свядомай” здабычы рэсурсаў і прамысловага асваення тэрыторыі.

Пра такую форму экалагічнай адукацыі, як зялёныя школы, расказала Н.У.Бурба, настаўніца біялогіі Дзітвянскай сярэдняй школы Лідскага раёна. Па кірунку “Абыходжанне з адходамі” працуе ўся школа, а мэтанакіравана ім займаюцца вучні 7 класа. Яшчэ ў пятым класе яны рэалізавалі праект “Ручны выраб паперы”, які зацікавіў усіх у школе. У гэтым навучальным годзе дзеці задзейнічаны ў праекце “Другое жыццё пластыкавай бутэлькі”, у выніку рэалізацыі якога інтэр’ер класа і школы папоўніўся вырабамі з пластыкавых бутэлек.

М.М.Данюк, настаўніца біялогіі гімназіі № 6 Віцебска, расказала пра перспектывы супрацоўніцтва з УВА. У прыватнасці, на базе гімназіі створаны вучэбна-навуковы кансультацыйны цэнтр, які з’яўляецца арганізацыйнай структурай кафедраў біялагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. У мінулым годзе цэнтр быў ператвораны ў філіял кафедры экалогіі і аховы прыроды, асноўная задача якога — доўгатэрміновае навукова-даследчае і вучэбна-метадычнае супрацоўніцтва кафедры ўніверсітэта і гімназіі.

Пра комплексны падыход у арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі і іх прафарыентацыю расказала І.В.Зарэцкая, намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Па яе словах, удзел у экалагічных мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў даў пуцеўку ў жыццё не аднаму пакаленню дзяцей, якія праяўляюць цікавасць да навукова-даследчай дзейнасці, біялогіі і аграбіялогіі, гідрабіялогіі, кветкаводства, арніталогіі, лесаразвядзення, сельскай гаспадаркі і інш. Многія вучні сталі вядомымі вучонымі, педагогамі, ляснічымі і леснікамі, урачамі, некаторыя яшчэ вучацца ў аспірантуры або займаюцца эколага-біялагічнай дзейнасцю ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці.

На пытаннях бесперапыннай экалагічнай адукацыі для ўсіх засяродзіла ўвагу Л.П.Каліноўская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “Экалагічнасць адукацыі ў цэнтры прадугледжвае стварэнне ў выхаванцаў сістэмнага шматаспектнага ўяўлення аб прыродным і сацыяльным свеце, цэласнага светапогляду, магчымасцей, якія фарміруюцца з дапамогай факультатыўных курсаў, праграм павышанага ўзроўню, такіх як “Навука аб чалавеку”, “Чалавек і свет”, “Глебазнаўства”, “Генетыка і селекцыя”, “Касмічная біялогія”, дзе вывучаюцца тэхналогіі вытворчасці культур у космасе, натуральны адбор злакавых культур з наступным укараненнем вырошчвання ў касмічных умовах, выкарыстанне дажджавых і каліфарнійскіх чарвякоў для перапрацоўкі адходаў і атрымання перагною”.

Г.Я.Савельева, загадчык аддзела экалогіі РЦЭіК, расказала пра вопыт правядзення летніх профільных аздараўленчых лагераў “Экашкола”. Праграма летнікаў прадугледжвае правядзенне тэарэтычных і практычных заняткаў, экскурсій, забаўляльных мерапрыемстваў. Акрамя заняткаў па напрамках экалагічнай адукацыі, для навучэнцаў арганізоўваюцца розныя выхаваўчыя мерапрыемствы: інтэлектуальныя гульні, гульні-віктарыны, гульні-падарожжы, шоу-праграмы, дыскатэкі. Пазнанню прыроды роднага краю, выхаванню лепшых якасцей патрыёта і грамадзяніна спрыяе правядзенне экскурсій, паходаў, сустрэч з навукоўцамі, спецыялістамі лясной гаспадаркі.

Загадчык арганізацыйна-масавага аддзела Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі А.І.Цалавальнік прадставіла сістэму абласных мерапрыемстваў, якія на працягу многіх гадоў арганізоўвае і праводзіць цэнтр. Але асабліва зацікавіла прысутных абласная арніталагічная акцыя “Белы бусел”, якая сёлета праводзілася ўпершыню. Па выніках акцыі быў арганізаваны і праведзены абласны арніталагічны фестываль “Пад крыламі белага бусла” пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, вучоных ГДУ імя Францыска Скарыны, які прайшоў у Чачэрску і сабраў больш за 600 дзяцей і педагогаў з усёй Гомельшчыны. У рамках фестывалю на галоўнай плошчы прайшло фальклорнае свята “Гуканне вясны”, пасля чаго госці фестывалю адправіліся на экскурсію па славутых месцах Чачэрска. Завяршылася экскурсія ў гарадскім парку на высокім беразе Сожа. Кожны мог паўдзельнічаць у флэш-мобе, пакінуўшы свае пажаданні на каляровай гірляндзе, наведаць арніталагічную пляцоўку, на якой былі ўсталяваны магутныя глядзельныя трубы, накіраваныя на пойму ракі.

Доказам таго, што маштабная работа пад сілу не толькі буйным навучальным установам, стала дзейнасць Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Паглыбленне ведаў вучняў у галіне экалогіі, выхаванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ажыццяўляюцца праз работу кругласутачнага профільнага лагера “Экакраяведы”, вучнёўскага лясніцтва “Лесавічок”, праз дзейнасць навукова-даследчага таварыства “Даследчык”. Таварыства вось ужо 8 гадоў з’яўляецца цэнтрам экалагічнага выхавання вучняў. Яго ўдзельнікі-старшакласнікі праводзяць эксперыменты і даследаванні, працуюць над экалагічнымі праектамі. Акрамя гэтага, яны арганізоўваюць экалагічныя канферэнцыі, святы, розныя акцыі, ролевыя гульні, дыспуты, віктарыны, КВЗ і іншыя мерапрыемствы як у рамках установы адукацыі, так і ў маштабах раёна. Іх веды па экалагічных праблемах знаходзяць прымяненне і ў праектнай дзейнасці. Толькі за 3 апошнія гады навучэнцы прынеслі ў скарбонку ўстановы 31 дыплом абласнога,7 дыпломаў рэспубліканскага ўзроўню за стварэнне сацыяльна значных праектаў “Крыніцы — бясцэнны дар”, “Юннат-2014”, “І будуць яблыні цвісці…” і інш. Асабліва важным для эканомікі ўсёй краіны з’яўляецца праект “Захаваем атлантычных ласосяў у рэках Беларусі”.

Вельмі ўважліва слухала беларускіх педагогаў Фіруза Султан-задэ, кандыдат біялагічных навук, эколаг-асветнік з 17-гадовым стажам, а з нядаўняга часу дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалагічнага выхавання і даследавання Міністэрства адукацыі Азербайджана. Яна прызналася, што вельмі ўражана, наколькі поўна і насычана ажыццяўляецца экалагічнае выхаванне ў Беларусі, і вельмі разлічвае, што падчас знаходжання ў Мінску ёй удасца намеціць некалькі сумесных праектаў з беларускімі калегамі. У сваім выступленні Фіруза Султан-задэ адзначыла: “У Азербайджане экалагічнай адукацыі толькі цяпер стала ўдзяляцца належная ўвага, таму праблем пакуль вельмі шмат. Увогуле, сістэма пазашкольнай работы у нас зруйнавана, і Міністэрства адукацыі ў гэтым годзе пачало яе рэарганізацыю. У прыватнасці, як і ў Беларусі, аб’ядноўваюцца ўстановы экалагічнага і краязнаўчага профілю. Няма падручнікаў, у дрэнным стане будынкі ўстаноў, асабліва ў рэгіёнах, — там яны не мяняліся з савецкіх часоў. Усяго экалагічных цэнтраў у рэспубліцы 58, але колькасць іх будзе скарачацца. Вельмі засмучае сітуацыя з гуртковай работай — большасць з іх існуе намінальна, педагогі працуюць па старых методыках, і гэта ўжо даўно нікому нецікава. Самая ж вялікая праблема — у адсутнасці прафесійных педагогаў. У Бакінскім дзяржаўным універсітэце, дзе я таксама выкладаю, толькі 4 гады назад адкрыўся факультэт экалогіі і краязнаўства.

Але за гэтыя 4 гады ў нас ужо зроблены істотныя крокі: актывізаваўся прыродаахоўны грамадскі рух, фінансавую падтрымку яго ўдзельнікам аказваюць шматлікія прыродаахоўныя фонды. Нават прэзідэнт і яго жонка ўзначальваюць вельмі буйную прыродаахоўную арганізацыю, што стала эталонам для моладзі.

Стварыць дарожную карту, ахапіць бесперапыннай экалагічнай адукацыяй навучэнцаў ад дашкольных да вышэйшых навучальных устаноў, звязаць яе з прафарыентацыйнай работай, умацаваць кадравы патэнцыял, арганізаваць кваліфікацыйную падрыхтоўку нам дапамагаюць нямецкія калегі. Па іх прапанове ў сваім цэнтры мы амаль поўнасцю адмовіліся ад гурткоў і ў каманду ўзялі прафесіяналаў ці проста зацікаўленых педагогаў. У гэтым навучальным годзе мы і яшчэ 28 школ Азербайджана -апрабоўваем модульную экалагічную праграму, якая складаецца з 13 модуляў, кожны з якіх доўжыцца 1 месяц і закранае адну тэму: “Клімат”, “Утылізацыя смецця”, “Лясны менеджмент”, “Касмічная прастора” і інш. Метадычна распрацоўваць модулі нам дапамагаюць партнёры — тыя, хто займаецца тэмай прафесійна. Цяпер такі вялікі паток жадаючых наведваць нашы заняткі, што ў нас ужо не хапае ні педагогаў, ні памяшканняў. Акрамя таго, паспяхова апрабоўваюцца праграмы “Аграрная біяразнастайнасць”, “Вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі”, распрацаваны праграмы заняткаў па жывёлаводстве і пчалярстве”.

У рамках канферэнцыі прайшоў і рэспубліканскі форум “Сістэма арганізацыі адукацыйных праектаў у галіне экалагічнай адукацыі”. На ім былі прэзентаваны лепшыя практыкі і праекты ў галіне метадычнага суправаджэння экалагічнай адукацыі, здаровага ладу жыцця, энергаэфектыўнасці і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, стварэння культурных ландшафтаў і модульных садоў.

Адначасова для 40 настаўнікаў агульнай сярэдняй адукацыі і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў семінар-практыкум “Экалогія і культура: умовы прасоўвання па шляху да ўстойлівага развіцця”. Для ўдзельнікаў семінара-практыкуму было арганізавана наведванне навукова-даследчых лабараторый эколага-біялагічнай накіраванасці БДУ, Нарачанскай біялагічнай станцыі імя Г.Вінберга Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, дзе яны пазнаёміліся з лабараторным абсталяваннем і сучаснымі падыходамі да арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці па экалогіі і біялогіі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.