Зялёны транспартны грузавы калідор звяжа Кітай і Германію

- 11:25Інфармацыйная гадзіна

Беларусь распрацоўвае гандлёвы маршрут па напрамку Германія — Беларусь — Кітай. Аб гэтым заявіў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук на Міжнароднай канферэнцыі “Роля парламенцкіх членаў у развіцці эканамічнага супрацоўніцтва і культурных сувязей на працягласці Шаўковага шляху”, якая прайшла пры арганізацыі групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Баку.

“Нашай мэтай з’яўляецца стварэнне транспартнага зялёнага калідора Нюрнберг — Мінск — Урумчы. Гэты маршрут ужо з’яўляецца аб’ектам інтарэсу шэрага краін і дасць магчымасць аблегчыць транспарціроўку грузаў для Кітая і Германіі, а таксама пашырыць транзітны патэнцыял Беларусі”, — сказаў Баляслаў Пірштук.

Ён адзначыў, што транзіт грузаў з’яўляецца важнейшым рэсурсам эканомікі краіны. “Кожны год па тэрыторыі Беларусі перавозіцца каля 100 млн т грузаў, што не адпавядае і палавіне рэальнай прапускной здольнасці беларускай чыгункі”, — сказаў віцэ-спікер.

Паводле яго слоў, рэспубліка адна з першых падтрымала ініцыятыву Кітая па фарміраванні новага Шаўковага шляху, які паслужыць развіццю шырокага спектра сектараў краін гэтага маршруту, у прыватнасці Беларусі, уключаючы сельскую гаспадарку, тэхналогіі, энергетыку. “Адным з ключавых фактараў развіцця гэтых сектараў з’яўляецца пашырэнне экспартнага патэнцыялу пры дапамозе злучэння ўсіх краін Шаўковага шляху ў адзіную транспартную сетку”, — адзначыў Баляслаў Пірштук.