Зялёныя слядочкі

Рэспубліканскі Форум прадстаўнікоў сеткі зялёных школ 13 снежня сабраў больш за 150 удзельнікаў з усёй Беларусі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Гэтая ўстанова выступае нацыянальным рэсурсным цэнтрам па праграме “Зялёныя школы” і забяспечвае падтрымку яе рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У рамках мерапрыемства 40 устаноў адукацыі ва ўрачыстай атмасферы атрымалі дыпломы I, II і III ступені аб прысуджэнні статусу “Зялёная школа”. Узнагароды атрымалі і пераможцы Рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”, які ладзіўся сярод навучэнцаў і іх настаўнікаў (усяго было прадастаўлена каля 600 работ).

Першыя даследаванні ў новай лабараторыі РЦЭіК.

Камандны залік

Адкрываючы сустрэчу і звяртаючыся да прызёраў, дырэктар РЦЭіК Алена Ануфровіч падкрэсліла, што перамогі ў гэтым конкурсе — заслуга не асобных педагогаў, а калектываў устаноў: “Гэта значыць, что вы развіваецеся з апярэджаннем, разу­мееце і рэалізоўваеце прынцыпы ўстойлівага развіцця. І няхай гэтыя ўзнагароды, якія вы сёння атрымліваеце, паспрыяюць яшчэ большаму яднанню вашых каманд. Каб вы і далей дэманстравалі, як мы ўсе разам можам працаваць над тым, каб наша будучыня была зялёнай”.

Вольга Чаброўская, каардынатар праекта, зазначыла: “Наш праект працуе толькі з мая 2018 года, і з таго часу мы ездзім па ўсёй краіне, стараемся дастукацца да кожнай установы адукацыі, пачынаючы з дашкольных, і расказаць пра зялёныя школы” і пра тое, як далучыцца да гэтай сеткі. І мне прыемна, што сёння знікла патрэба расказваць пра сутнасць нашага праекта, бо пра яго ўжо ведаюць усе”.

Госця сустрэчы Ганна Бажэнава, намеснік дырэктара Федэральнага дзіцячага эколага-біялагічнага цэнтра (Расійская Федэрацыя), адзначыла, што азнаёміцца з вопытам беларускіх зялёных школ і далейшымі магчымасцямі для яго ўкаранення ў расійскіх установах стала мэтай яе прыезду, і дадала: “Развіццё экалагічнай культуры, прыродна-навуковай дасведчанасці сёння знаходзіцца ў фокусе нашых абедзвюх дзяржаў: і Беларусі, і Расіі. Наша ўстанова вельмі зацікаўлена ў выбудоўванні эфектыўных партнёрскіх сувязей у сферы развіцця экалагічнай адукацыі, экаасветніцтва паміж нашымі ўстановамі і, канечне, умацоўванні сувязей паміж самімі навучэнцамі — юнымі эколагамі Беларусі і Расіі”.

Сэнсарная сцежка ў заказніку “Азёры”.

Шэфства над прыродай

За апошні год свае першыя зялёныя слядочкі пакінула шмат дашкольных устаноў краіны. Па меркаванні арганізатараў праекта, толькі пачаўшы навучанне дзяцей у маленстве, можна разлічваць, што гэта прынясе карысць і беражлівае стаўленне да прыроды будзе неад’емнай часткай усяго іх жыцця. Адна з рэкамендацый праграм зялёных школ — пакідаць на тэрыторыі ўстановы кавалачак дзікага лугу. Менавіта на гэтых лугах пад сваімі вокнамі хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем назіралі ўвесь сезон за казуркамі, жучкамі, стракозамі, матылькамі. Дашкольнікі ўзялі шэфства над птушкамі: арганізоўваюць для іх зімовыя сталоўкі ва ўласнаручна вырабленых шпакоўнях. На тэрыяторыях садкоў разбіваліся клумбы, ствараліся экасцежкі.

Так, яслі-сад № 46 Баранавіч (Брэсцкая вобласць) практыкуе сумесныя з бацькамі акцыі па азеляненні тэрыторыі, афармленні кветнікаў, акцыі па ахове рэдкіх кветак, падкормцы птушак, вырабе і развешванні кармушак і шпакоўняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі вясной прымаюць удзел у акцыях па ахове першацветаў, а зімой выступаюць супрац­ь высечкі елак у лесе. На сваёй тэрыторыі яны заклалі першыя “цаглінкі” па стварэнні сцяжынкі ў прыроду, азеляніўшы яе і аформіўшы малымі архітэктурнымі і гульнявымі формамі. Першымі аб’ектамі сталі “Царства дзіўных пянькоў”, дзе можна па пнях “прачытаць” дрэвы, “Хмызнякі”, дзе кусты раду­юць цвіценнем з ранняй вясны да замаразкаў, “Аптэкарскі агарод”, які знаёміць дзяцей з раслінамі-лекарамі, штучная сажалка “Царства Царэўны-жабы”, фруктовы сад, “Клумба для матылькоў” і інш.

“Птушыны” майстар-клас у РЦЭіК.

Школьнікі ж робяць яшчэ больш значныя крокі. Так, навучэнцы некалькіх школ гро­дзенскага раёна разам з супрацоўнікамі заказніка і мясцовымі жыхарамі распрацавалі і стварылі ў Рэспубліканскім ландшафт­ным заказніку “Азёры” сэнсарную экалагічную сцежку, дзе людзі з парушэннямі зроку могуць азнаёміцца з прыродай роднага краю. Сцежка мае выгляд кола працягласцю 500 метраў , у ёй ёсць тры сектары: дотыку, дзе госці мо­гуць, напрыклад, ля стэндаў са спіламі навобмацак адрозніць кару елкі ад сасны, бярозы — ад вольхі; сектар гукаў, дзе размешчана мноства гняздоўяў для розных птушак і дзе можна навучыцца рабіць шпакоўні, даведацца, чым адрозніваецца сінічнік ад шпакоўні; сектар “Пахі прыроды”, дзе адчуць водары верасу, мяты, лаванды, чабару і інш. можна каля высокай клумбы. Падрабязнае апісанне экспазіцыі даецца на таблічках шрыфтам Брайля.

Навучэнцы гімназіі № 1 Віцебска на сваёй тэрыторыі стварылі дэндрарый (каля 50 відаў драўнінна-хмызняковых парод), ружоўнік, вадаём, размясцілі 10 штучных гняздоўяў і прытулкі для насякомых. На тэрыторыі гімназіі і прылеглага парку імя Фрунзэ стварылі малую экалагічную сцежку для вывучэння відавой разнастайнасці. Навучэнцы профільных класаў наведваюць заняткі навуковага таварыства навучэнцаў “Іхтыялогія”, “Заалогія беспазваночных”, арганізаваны заняткі па сістэматыцы раслін і жывёл з выкладчыкамі ВДУ імя П.М.Машэра­ва. Штогод право­дзяцца экспедыцыі ў батанічны заказнік “Чортава барада”. На базе гімназіі створаны экалагічны цэнтр. Гімназічны тэатр моды з’яўляецца штогадовым пераможцам абласных конкурсаў. Штогод з’яўляюцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і аўтары даследчых работ на конкурсе “Я пазнаю свет”. Каманда навучэнцаў гімназіі — пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. Практычна ўсе навучэнцы гімназіі прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі па зборы корму, падсцілачнага матэрыялу для бяздомных жывёл, якія жывуць у Віцебскім прытулку.

Вопратка для дрэў ад школьнікаў Баранавіч.

Велізарную работу для выхавання экаадукаванай моладзі праводзіць і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Профільныя змены экалагічнай накіраванасці, пастаянна дзеючы профільны экалагічны атрад “Зялёныя школы”, нядаўна створаны лабараторны комплекс “Юніёр плюс” як аддзяленне базавага даследча-прыродазнаўчага цэнтра з 6-ю рэсурснымі лабараторнымі комплексамі, у тым ліку эколага-біялагічным (па вывучэнні флоры і фаўны, а таксама маніторынгу экалагічнага стану Нарачанскага краю), экалагічныя аб’екты для азнаямлення выхаванцаў з арнітафаўнай, энтамафаўнай Нарачанскага краю, штогадовы конкурс навукова-практычных работ эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”, дзясяткі экалагічных акцый — гэта далёка не поўны пералік крокаў “Зубраняці” да дыплома II ступені.

Распрацаваць і ўкараніць адукацыйны праект “Зялёныя школы” ў Беларусі стала магчыма дзякуючы сумесным намаганням Еўрапейскага саюза, ПРААН, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства адукацыі нашай краіны. Асаблівасць адукацыйнага праекта ў Беларусі ў тым, што ён уключае 6 (для дашкольных устаноў — 5) выразна вызначаных кірункаў з наборам заданняў, распрацаваных з улікам экалагічных праблем і пытанняў, якія вырашаюцца ў нашай краіне: раздельны збор смецця, эканомія вады і энергіі і г.д. Толькі выканаўшы гэтыя заданні, установа адукацыі можа атрымаць “зялёны” дыплом.

Фішка Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў — арніталагічны кірунак. На базе ўстановы функцыянуе Слуцкае раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якое апошнія 4 гады афіцыйна з’яўляецца лепшым у краіне. У раёне актыўна дзейнічае сетка клубаў “Крылаты дазор”. Сёлета такіх клубаў 36, з іх 11— у дашкольных установах горада і раёна. Штогод каля 9000 навучэнцаў уключаюцца ў конкурсы, акцыі, становяцца ўдзель­нікамі фестываляў, творчых экалагічных спраў. Летась на базе ўстановы арганізавана летняя экалагічная практыка для навучэнцаў 12 школ горада, у лагеры для адораных і матываваных навучэнцаў Слуцкага раёна “Алімпіец” праходзяць заняткі на 9-дзённай экалагічнай змене. У цэнтры створаны і дзейнічае музей салаўя.

На базе Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр, у межах якога праводзяцца раённыя экалагічныя мерапрыемствы для навучэнцаў, педагогаў і грамадскасці: экалагічны фестываль “Дзень Зямлі”, конкурсы “Зялёная планета”, “Я — эколаг”, раённыя этапы рэспубліканскіх конкурсаў аграбіялагічнага, навукова-даследчага, экалагічнага і эколага-эстэтычнага характару. З верасня 2019 года на базе цэнтра рэалізоўваецца абласны педагагічны праект “Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў ва ўмовах абласнога рэсурснага цэнтра па зялёных школах”, з дапамогай якога будзе наладжана дыстанцыйная форма навучання і кансультавання педагогаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Навучэнцы сярэдняй школы № 12 Баранавіч, клапоцячыся пра ахову камлёў дрэў ад марозных выбоін і сонечных апёкаў сакавіцкім сонцам, разам з мамамі і бабулямі звязалі ім з каляровых нітак аўтарскую зімовую вопратку. У спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь (Гомельскі раён) асаблівая ўвага ўдзяляецца маніторынгу забруджвання вод і паветра, праводзіцца аналіз сітуацыі па забруджванні жывых арганізмаў часціцамі мікрапластыку, а таксама маніторынг пыла­ўлоўнай здольнасці розных відаў дрэў. Праводзяцца акцыі і сумесныя мерапрыемствы з органамі мясцовай улады, а таксама з гарадскімі ўстановамі адукацыі і Інстытутам лесу НАН Беларусі.

Усе гэтыя і іншыя ўстановы краіны — усяго 40 — атрымалі ўзнагароды за актыўную дзейнасць.Таццяна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі, выступаючы перад пераможцамі, выказала надзею, што атрыманнем дыпломаў іх работа ў “зялёным” кірунку не завершыцца, а, наадварот, падштурхне педагогаў і навучэнцаў да новых цікавых і карысных спраў.

Чакаецца, што паспрыяюць гэтаму і новыя навукова-эксперыментальныя лабараторыі па маніторынгу атмасфернага паветра і вывучэнні экалагічных тэхналогій, створаныя на базе РЦЭіК у рамках праекта “Экаманіторынг” і ўрачыста адкрытыя ў межах гэтага форуму. Прыехаць і папрацаваць у лабараторыях зможа навучэнец любой установы краіны. Паглыбіцца ў пачатыя імі кірункі ўдзельнікі форуму змаглі падчас яго практычнай часткі: педагогі — на секцыях і навукова-практычных пляцоўках, а навучэнцы — падчас лабараторных практыкумаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сяргея Лескіча і з архіваў зялёных школ.