Зямля з месцаў баёў закладзена ў крыпце храма-помніка Усіх Святых

- 11:39Інфармацыйная гадзіна

У крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску 9 мая былі закладзены капсулы з зямлёй мемарыялаў і брацкіх магіл Вялікай Айчыннай вайны.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прыход у гонар Усіх Святых і Беларускі саюз афіцэраў. Закладка капсул прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Цырымоніі папярэднічала боская літургія ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых, прысвечаная Вялікай Перамозе 1945 года. Такая служба праводзіцца раз у год.

Капсулы змяшчаюць зямлю з мемарыяла партызанскай славы “Прарыў” у гарадскім пасёлку Ушачы — з месцаў пахавання 1,5 тысячы партызан і мірных жыхароў, якія загінулі 4 і 5 мая 1944 года ад рук карнікаў пры прарыве блакады.

Полацка-Лепельская партызанская зона — адна з самых вялікіх зон супраціўлення ў час Вялікай Айчыннай вайны, якую называлі Партызанскай рэспублікай. На яе тэрыторыі, што перасягала 3 тысячы кв.км, знаходзілася 1220 населеных пунктаў, пражывала каля 80 тысяч мірных жыхароў. Ушачы лічыліся сталіцай Партызанскай рэспублікі.

У снежні 1943 — лютым 1944 года гітлераўцы зрабілі 5 безвыніковых спроб ачысціць свае тылы ад партызан Полацка-Лепельскай зоны. 11 красавіка 1944 года пачалася маштабная карная аперацыя. Баі доўжыліся 25 сутак. У ноч з 4 на 5 мая партызаны ажыццявілі легендарны прарыў вогненнага кальца, выйшлі з акружэння і вывелі 15 тысяч мірнага насельніцтва. Летам 1974 года на месцы прарыву блакады партызанамі быў устаноўлены мемарыяльны комплекс “Прарыў” — помнік партызанскай славы.

З Полацка ў крыпту храма-помніка даставілі таксама зямлю з магілы Героя Савецкага Саюза, старшага сяржанта медыцынскай службы, санінструктара Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка. За восем месяцаў баёў на Варонежскім фронце яна вынесла 128 раненых са зброяй. Была сама цяжка паранена, перанесла ампутацыю ног і рук. Пасля вайны ў Полацку вяла актыўную грамадскую дзейнасць. Выхавала дваіх дзяцей.

У крыпце цяпер будзе знаходзіцца зямля з брацкай магілы “Лідава гара” ў горадзе Веліж Смаленскай вобласці, дзе пахаваны разам з байцамі лётчык гвардыі лейтэнант Аляксандр Пятровіч Мамкін. Разам з яшчэ трыма лётчыкамі ён вывозіў дзяцей Полацкага дзіцячага дома № 1, што ў той час знаходзіўся ў нямецкім акупацыйным гарнізоне ў Бельчыцах. Тут планавалася карная аперацыя.

Лётчыкі працавалі ноччу. У апошні вылет, 11 красавіка 1944 года, самалёт лейтэнанта Мамкіна быў падбіты. Ён змог пасадзіць борт з дзецьмі і раненымі партызанамі, але сам быў цяжка паранены і памёр. За дзевяць рэйсаў Аляксандр Пятровіч Мамкін выратаваў 80 дзяцей. Асноўныя моманты выратавальнай аперацыі знялі спецыяльныя групы маскоўскіх кінааператараў. Некаторыя плёнкі захаваліся і знаходзяцца ў Маскве ў Дзяржаўным гістарычным музеі.

Таксама са Смаленскай вобласці ў беларускую сталіцу даставілі капсулу з зямлёй з мемарыяла “Багародзіцкае поле”, што пад Вязьмай. Капсулу перадалі вернікі Спаса-Багародзіцкага Адзігітрыеўскага жаночага манастыра, удзельнікі гістарычнай даследчай экспедыцыі, прымеркаванай да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вяземская абарончая аперацыя праходзіла 2—13 кастрычніка 1941 года, каб проціс­таяць наступленню нямецкіх войскаў на Маск­ву. Аперацыя завяршылася паражэннем Чырвонай Арміі. Немцы прарвалі абарону і акружылі ў так званым вяземскім катле чатыры арміі. За 11 дзён страты склалі 770—925 тысяч чалавек. З іх у баях забіта і памерла ад ран 200—275 тысяч. Прапалі без вестак 450—500 тысяч чалавек. Трохдзённая затрымка нямецкіх войскаў стала адным са складнікаў перамогі ў баях пад Масквой.