Зыходзячы з інтарэсаў дзяцей

Выхаванне падрастаючага пакалення не менш важнае, чым якаснае навучанне. Выхаваўчай рабоце ва ўстановах адукацыі павінна ўдзяляцца належная ўвага, бо ад гэтага шмат у чым залежыць, якой у будучыні стане наша моладзь. Такога меркавання прытрымліваецца начальнік аддзела выхаваўчай работы і інфармацыйных тэхналогій МДАІРА Ірына Казіміраўна Мулерава.

— Наш аддзел курыруе ўсю выхаваўчую работу ў навучальных установах і займаецца каардынацыяй рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне. Дзейнасць вельмі шматгранная, але ёсць тое, што мы ставім у аснову любых мерапрыемстваў і на што ўвесь час арыентуем педагагічныя калектывы. У прыярытэце заўсёды павінна быць асоба дзіцяці, яго інтарэсы і патрэбы. Мы падтрымліваем любыя дзіцячыя ініцыятывы і пачынанні. Ёсць і яшчэ адзін значны момант: пры фарміраванні ў вучняў правільных каштоўнасцей вельмі важны асабісты прыклад педагога, — расказала Ірына Казіміраўна.

Пад кіраўніцтвам І.К.Мулеравай спецыялісты аддзела займаюцца ўкараненнем у практыку работы ўстаноў адукацыі сучасных метадаў выхавання навучэнцаў. Акрамя курсаў павышэння кваліфікацыі, рэгулярна арганізуюцца і іншыя метадычныя мерапрыемствы.

— Летась мы правялі больш за 50 семінараў, практыкумаў, круглых сталоў, канферэнцый, трэнінгаў, кансультацый. Звяртаемся таксама да такой формы прафесійных зносін, як адкрыты дыялог. Практыка паказала, што ён вельмі дзейсны і сапраўды дапамагае вызначаць праблемы, а пасля сумесна знаходзіць шляхі іх вырашэння. Зараз мы стараемся ўсё больш актыўна выкарыстоўваць актыўныя метады, прыёмы і тэхналогіі навучання. Удалося вельмі добра наладзіць дыстанцыйнае навучанне. Мы нават змаглі ўпершыню ў інстытуце дыстанцыйна арганізаваць доўгатэрміновую завочную вучэбную праграму павышэння кваліфікацыі, — адзначыла Ірына Казіміраўна.

Дарэчы, аўтарству І.К.Мулеравай належыць шэраг метадычных рэкамендацый па арганізацыі прафілактычнай работы, аздараўленні дзяцей і падлеткаў, іх прававой асвеце, у якіх улічаны спецыфіка рэгіянальнага развіцця, матэрыяльнае i кадравае забеспячэнне розных устаноў адукацыі вобласці, асаблівасці кантынгенту навучэнцаў. У мінулым годзе Ірына Казіміраўна выступіла ініцыятарам правядзення ў МДАІРА міжнароднай канферэнцыі, асноўнай тэмай якой было далучэнне моладзі да рэалізацыі творчых і сацыяльна значных праектаў.

— У нашых маладых людзей на самай справе мноства карысных, патрэбных ідэй. Іх трэба падтрымліваць, развіваць маладзёжную ініцыятыву. Мы імкнёмся да гэтага праз арганізацыю розных конкурсаў, фестываляў, а таксама вучым, стымулюем да гэтага педагогаў. Не забываем і пра сацыяльнае партнёрства з іншымі ведамствамі, узаемадзеянне з бацькамі, бо якасць выхавання залежыць ад агульнай зацікаўленасці ўсіх суб’ектаў гэтага працэсу, — пераканана І.К.Мулерава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.