35 медалёў за тры дні

- 9:00Актуально, Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

19 верасня беларускія спартсмены вярнуліся з Сусветных школьных гульняў. Спаборніцтвы праходзілі па 14 відах спорту для 2,5 тысяч школьнікаў з 42 краін свету. Беларусы выступалі ў дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні і тэквандо. 

Сусветныя школьныя гульні U15 праходзяць у такім фармаце ўпершыню, раней былі сусветныя гімназіяды. Адрозненне ў тым, што на гульнях ёсць адукацыйная праграма: удзельнікі маглі абменьвацца меркаваннямі, напрацоўкамі, наведваць семінары. Беларуская дэлегацыя ў адукацыйнай частцы гульняў гэтым разам больш назірала, але далей абавязкова будзе дзяліцца вопытам.

— Гэтыя спаборніцтвы дазваляюць школьнікам паспрабаваць і адчуць сябе на міжнароднай арэне. Для многіх з іх пакуль не праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, свету, а тут можна было паглядзець на іншых спартсменаў такога ж узроўню, зразумець, што лепшы ў краіне не значыць лепшы ўсюды. Падобныя спаборніцтвы стымулююць школьнікаў станавіцца мацнейшымі псіхалагічна і эмацыянальна, — лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі школьнага спорту Віталь Стрыгельскі. 

За тры дні спаборніцтваў беларусы заваявалі 35 медалёў: 8 залатых, 11 сярэбраных і 16 бронзавых. Самым медаляёмістым атрымалася плаванне — 21 узнагарода. Улічваючы такія колькасці, у аэрапорце спачатку пачулі звон і толькі потым убачылі спартсменаў. Сустракаць іх прыехалі бацькі, аднаклубнікі, прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Аляксандра Мацюш, маці Аміны Мацюш (“бронза”, дзюдо), расказала, што дзяўчына пачала займацца спортам выпадкова. Неяк яны разам ішлі міма бабруйскага спартыўнага цэнтра “Спартак” і вырашылі паглядзець, чым там можна заняцца дзіцяці. Трэнер Любоў Клімянок адразу заўважыла дзяўчынку і запрасіла да сябе на дзюдо. Аляксандра не вельмі хацела, каб Аміна сур’ёзна займалася спортам, але зараз яе падтрымлівае: калі гэтага хоча дачка, значыць, і мама таксама. 

— Мы вельмі ганарымся тым, што Аміна трапіла на Сусветныя школьныя гульні. Канечне, нерваваліся, але сачылі за выступленнямі ў інтэрнэце, глядзелі анлайн-трансляцыі, — расказвае Аляксандра Мацюш. — У яе шмат эмоцый, вельмі спадабаліся мерапрыемствы паміж спаборніцтвамі, яна пазнаёмілася са многімі дзецьмі з іншых краін. 

Яшчэ адна бронзавая прызёрка па дзюдо — Арына Гняцецкая з Гродна. Яна займаецца адзінаборствамі ўжо 6 гадоў. У гэтым спорце ёй падабаюцца матываваныя трэнеры, якія шчыра цікавяцца поспехамі і развіццём сваіх выхаванцаў. 

— Я выходзіла на татамі радаснай і была ўпэўнена, што перамагу ў першых дзвюх схватках, — дзеліцца Арына. — З новым трэнерам працавалася лёгка, бо ён прыемны чалавек, добры спецыяліст. З маім гродзенскім трэнерам мы перапісваліся кожны дзень, яна мяне вельмі падтрымлівала. 

Яўген Навумчык з Мінска сапраўдная залатая рыбка ў плаванні — такі хуткі, што прывёз са спаборніцтваў тры залатыя медалі. 50 м брасам хлопец праплыў за 30,06 секунды, 100 м брасам — за 1:05,69 мінуты, 200 м брасам — за 2:24,66 мінуты. І гэта ўсё пры тым, што плаваннем ён займаецца ўсяго 2 гады.

— Хацелася праплыць лепш 200 м, але я палепшыў вынікі ў 50 і 100 м, гэтым задаволены. Думаю, атрымалася заняць такія высокія месцы дзякуючы засяроджанасці і рабоце з трэнерам. Трэнера са мной у Бялградзе не было, але мы перапісваліся, стэлефаноўваліся. Яна вельмі ў мяне верыла, — гаворыць Яўген. — Акрамя спаборніцтваў, шмат эмоцый засталося ад зносін з іншымі дзецьмі. Хоць мы ўсе і з розных краін, знайсці агульную мову было лёгка.

Наступныя Сусветныя школьныя гульні пройдуць у 2023 годзе. Іх прыме Бразілія. Спадзяёмся, беларусаў там выступіць яшчэ больш і вернуцца яны яшчэ больш матываванымі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.