80 гадоў разам са школай: «Настаўніцкая газета» заўсёды была люстэркам часу — уважлівым, крытычным і добразычлівым

- 9:00Главная, Новости

Восемдзясят гадоў — многа гэта ці мала? Для чалавека — амаль усё жыццё. Для газеты — цэлая эпоха, напісаная пяром тых, хто заўсёды гаварыў пра галоўнае: пра школу, пра настаўніка, пра адказнасць за будучыню.

…Калі ў 1945 годзе выйшаў першы нумар “Настаўніцкай газеты”, ён быў больш чым проста інфармацыйнай крыніцай — гэта быў сімвал адраджэння краіны пасля найцяжэйшых гадоў Вялікай Айчыннай вайны, веры ў сілу адукацыі. Праз пажоўклыя старонкі архіваў, якія беражліва захоўваюцца ў рэдакцыі, мы можам пачуць жывыя галасы людзей, якія ставілі перад сабой пытанні, як навучыць дзяцей быць сапраўднымі патрыётамі, як прывіць каштоўнас­ці, як зра­біць жыццё грамадства лепшым. Сёння гэтыя пытанні не страцілі сваёй актуальнасці.

“Настаўніцкая газета” заўсёды была люстэркам часу — уважлівым, крытычным, але добразычлівым. Мы мяняліся разам са школай, перажывалі рэформы, распаўсюджвалі новыя адукацыйныя тэхналогіі і адказвалі на выклікі часу. Але галоўнае, што для нас заўсёды заставалася нязменным, — гэта павага да Настаўніка. І, безумоўна, любоў, без якой няма ні добрых педагогаў, ні добрых журналістаў. Бо толькі праз любоў да чалавека і сваёй справы можна данесці тое, што сапраўды важна.

Сённяшняе інфармацыйнае поле змянілася, яно стала больш хуткім, больш даступным і ў той жа час больш патрабавальным. Таму яшчэ большую каштоўнасць набывае жывое слова, напісанае з веданнем справы і павагай да чытача. Мы ганарымся, што засталіся для беларускай адукацыі не проста выданнем, а пляцоўкай для дыялогу, адкрытай аўдыторыяй, дзе гучаць галасы шматлікіх настаўнікаў — вопытных і маладых, гарадскіх і сельскіх, школьных і ўніверсітэцкіх.

Нам — 80. Але гэта не ўзрост, гэта стымул працаваць з яшчэ большым імпэтам. Газета будзе жывая, пакуль ёй давяраюць, пакуль яна патрэбна тым, хто кожны дзень уваходзіць у клас з верай у дзяцей, у моц слова настаўніка. І мы верым, што лепшыя старонкі “Настаўніцкай газеты” яшчэ наперадзе, бо напісаны яны будуць разам з вамі.

З юбілеем нас усіх!

Кацярына ДУБІНСКАЯ,
галоўны рэдактар
Фота Алега ІГНАТОВІЧА