Рыхтуемся да “Творчасці”

- 12:52Уступная кампанія
“Не палохайцеся творчых іспытаў”, — прыйшлося мне падбадзёрваць і настройваць на правільны лад сваіх знаёмых, якія вырашылі паступаць на факультэт, дзе ўнутраны экзамен па творчасці абавязковы. І хоць яшчэ пачатак года, і часу на падрыхтоўку хапае, абітурыенты і іх бацькі ўжо адчуваюць страх, а разам з ім узнікае нядобрая думка адмовіцца ад сваёй мары і выбраць іншую спецыяльнасць, дзе трох сертыфікатаў ЦТ будзе дастаткова.
Так і хочацца сказаць: “Не бойцеся, але рыхтавацца трэба”. Мы заўважылі, што найбольш пытанняў, якія прыходзяць у рэдакцыю і проста абмяркоўваюцца ў звычайнай размове, тычыцца экзамену па творчасці на архітэктурным факультэце БНТУ і ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Таму “Настаўніцкая газета” даведалася, як рыхтавацца, каб быць у спісе шчасліўчыкаў.
Як трапіць на архітэктурны

На факультэце архітэктуры нават у гэтым годзе, калі на многіх факультэтах студэнтаў не дабралі, план прыёму выканалі не толькі на бюджэтную, але і на платную форму, нягледзячы на тое, што патрабаванні пры паступленні высокія. Гаворка ідзе пра творчыя іспыты як на спецыяльнасць “Архітэктура”, так і на “Архітэктурны дызайн”.
“У нас дастаткова маладых людзей з неабходнымі да архітэктуры здольнасцямі, аднак спецыяльна рыхтавацца трэба”, — зазначыў дэкан факультэта архітэктуры БНТУ А.С.Сардараў.
Абітурыентаў на гэты факультэт чакае трохступеньчаты экзамен па творчасці. Экзамены па малюнку, кампазіцыі і, у залежнасці ад спецыяльнасці, чарчэнні або жывапісе з наскоку здаць немагчыма. Дарэчы, практыка паказвае, што добрыя і не вельмі адзнакі на гэтых этапах размяркоўваюцца 50 на 50.
Для таго каб было рэальна здаць унутраны іспыт, мэтанакіраваная падрыхтоўка проста неабходна. Варта наведваць мастацкую школу (дадатковы клас) альбо гурток. Хтосьці можа знайсці спецыяліста, настаўніка, выкладчыка і займацца з ім індывідуальна. Ёсць і яшчэ адзін варыянт: паспрабаваць паступіць у старшых класах у ліцэй БНТУ, дзе ёсць класы мастацкага кірунку.
Тым, хто не трапіў у спіс ліцэістаў або нават пра гэта не падумаў, адчайвацца не трэба. Пры БНТУ арганізаваны васьмімесячныя і трохмесячныя курсы, дзе будуць рыхтаваць і да творчага экзамену. Праўда, з далёкіх рэгіёнаў тры разы на тыдзень не наездзішся. Таму кожнае лета, калі ЦТ ужо здалі, а да ўнутраных іспытаў застаўся час, праводзяцца кароткатэрміновыя (тры тыдні) дзённыя падрыхтоўчыя курсы. Заняткі на іх ідуць кожны дзень, акрамя нядзелі. І займаюцца там напружана: па 6 гадзін штодзень. Праўда, у рэгіянальным Цэнтры тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі, які займаецца арганізацыяй такіх курсаў пры БНТУ, адразу папярэдзілі, што чалавека з нуля навучыць за гэты час немагчыма.

Факультэт журналістыкі: ні дня без радка

Абітурыентаў, якія мараць стаць журналістамі, першае ўступнае выпрабаванне чакае ўжо ў красавіку, калі трэба прайсці прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне. Без паперы, якая пацвярджае яго праходжанне, дакументы на факультэце нават не прымуць. Выключэнне складаюць толькі 3 спецыяльнасці: “Інфармацыя і камунікацыя”, “Літаратурная работа (творчасць)” і “Літаратурная работа (рэдагаванне)”.
“Аднак прайсці прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне лепш усім. Раптам хтосьці перадумае і вырашыць паступаць на журналісцкую спецыяльнасць”, — раіць абітурыентам намеснік дэкана Інстытута журналістыкі БДУ В.М.Самусевіч.
Самых таленавітых выбіраюць па выніках двух сертыфікатаў ЦТ, сярэднім бале атэстата і ўнутраным экзамене “Творчасць”, які дабавіць яшчэ 2 адзнакі, бо складаецца з двух этапаў: творчага сачынення і творчага субяседавання.
Ужо не адзін год ахілесавай пятой у гэтым выпрабавальным тандэме застаецца творчае сачыненне.
“Гэта не школьнае сачыненне, якое звычайна пішуць на літаратурныя творы, а творчае сачыненне публіцыстычнага характару. Таму заўсёды задавайце сабе пытанне, надрукавалі б ваша сачыненне ці не? Ці чыталі б вы яго самі ў газеце”, — раіць абітурыентам Вольга Міхайлаўна.
Вядома, ад абітурыентаў не чакаюць чыстай публіцыстыкі, аднак элементы публіцыстычнасці, праблемнасць павінны прасочвацца. Так, абітурыенты аналізуюць не прыдуманы вобраз, а рэальныя факты з жыцця.
Радзіма, моладзь, здароўе… Усяго можна вылучыць 18 тэматычных блокаў, якія ахопліваюць розныя бакі нашага жыцця. “Няхай прывядуць статыстыку, сусветныя рэйтынгі па розных паказчыках”, — тлумачыць В.М.Самусевіч.
Акрамя фактаў, важна, як абітурыент іх ацэньвае, якія думкі яны выклікаюць у яго. Асоба абітурыента павінна праявіцца. “Адразу відаць, наколькі чалавек адукаваны і ці ўмее ён самастойна думаць. А журналіст проста абавязаны самастойна думаць”, — гаворыць Вольга Міхайлаўна.
Асаблівую ўвагу яна звярнула на сістэму ацэньвання творчага сачынення: “Мы ставім адну адзнаку, пры вывядзенні якой улічваецца і мова, і змест, і кампазіцыя”.
Намеснік дэкана асобна спынілася на цытатах і эпіграфах, якія часам абітурыенты выкарыстоўваюць у сваіх сачыненнях: “Мы іх пераправяраем. І калі цытата прыведзена недакладна альбо належыць не той асобе, якая пазначана ў тэксце, значыць, абітурыент зрабіў яшчэ адну памылку — фактычную”.
Для напісання творчага сачынення абітурыентам прапаноўваецца на выбар 3 тэмы на рускай мове і ідэнтычныя — на беларускай.
Другім выпрабаваннем з’яўляецца творчае субяседаванне, якое складаецца з трох заданняў: аналіз публікацый, адказ па білеце і рэдагаванне тэкстаў. Публікацыямі лічацца не толькі артыкулы, заметкі ў газетах, але і аўдыя- і радыёматэрыялы, дакладны змест якіх пакладзены на паперу.
А што калі публікацый няма?
“Па гэтым заданні ў паступаючага будзе 0 балаў. За сам жа іспыт выстаўляецца сярэдняя адзнака па трох заданнях”, — гаворыць В.М.Самусевіч.
Пры спрэчных момантах, у які бок акругліць адзнаку, улічваецца спецыяльнасць, на якую паступае абітурыент. Калі паступае на літаратурную работу, важней, як ён справіўся з трэцім заданнем, дзе трэба адрэдагаваць тэкст. Калі на друкаваныя СМІ, дамінуючым становіцца атрыманы бал за наяўнасць публікацый. Для аўдыявізуальных СМІ і спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” ў прыярытэце другое заданне, дзе вельмі важным з’яўляецца камунікабельнасць, уменне выказваць сваю пазіцыю. “Выбраная спецыяльнасць не глабальна ўплывае на адзнаку. Максімум на 1 бал”, — тлумачыць Вольга Міхайлаўна.
Другое заданне творчага субяседавання — адказ на пытанне білета. Трэба не толькі паразважаць над з’явай, але і прадставіць яе адлюстраванне ў СМІ. Напрыклад, разважаючы над культурай, нельга абмінуць асвятленне гэтай сферы ў СМІ. А для гэтага недастаткова ведаць стандартны набор цэнтральных газет і каналаў. Існуюць жа спецыялізаваныя газеты, часопісы, тэле-, радыёканалы.
“Аднак абітурыенты рэдка дэманструюць панарамны агляд. Тыя, хто яго паказвае, атрымліваюць высокія балы. Пры падрыхтоўцы мы раім як мага больш чытаць друкаваных СМІ і слухаць навіны”, — гаворыць В.М.Самусевіч.
Трэцяе заданне вызначае моўнае чуццё абітурыентаў. Ім прадастаўляецца 2 тэксты: адзін рускамоўны, другі беларускамоўны, у якіх яны павінны ўбачыць памылкі самага рознага кшталту — арфаграфічныя, пунктуацыйныя, граматычныя, стылістычныя. Назваць іх, патлумачыць і выправіць. Тэксты даюцца невялікія, літаральна некалькі сказаў.
На гэтым факультэце дазваляецца прыносіць дыпломы, граматы. “Мы павінны ведаць, хто да нас прыходзіць, бо журналістыка — сацыяльна адказная прафесія”, — гаворыць намеснік дэкана.

 

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.