Учора ў пунктах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання пачалі выдаваць сертыфікаты. Абітурыенты, якія здаюць іспыты ў рэзервовыя дні, змогуць атрымаць свае сертыфікаты, пачынаючы з 23 ліпеня.
Згодна з Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, сертыфікат выдаецца асабіста абітурыенту. Для гэтага неабходна паказаць дакумент, які сведчыць асобу, дакумент аб адукацыі і пропуск з пазнакай “Тэсціраванне прайшоў”. Сертыфікат выдаецца ў абмен на пропуск.
У выпадку, калі абітурыент не мае магчымасці забраць сертыфікат асабіста (хвароба, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка ці іншыя абставіны, якія не залежаць ад абітурыента і пацверджаны дакументальна), гэта могуць зрабіць яго законныя прадстаўнікі. Яны павінны прад’явіць у пункце тэсціравання свой пашпарт; дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка (а калі абітурыент ужо паўналетні — даверанасць, завераную натарыяльна або ўпаўнаважанай асобай); копію пашпарта абітурыента, завераную натарыяльна; копію яго дакумента аб адукацыі.
Пры атрыманні сертыфіката трэба ўважліва правяраць дакладнасць напісання асабістых звестак. Прозвішча, імя і імя па бацьку пераносяцца ў сертыфікат з поля рэгістрацыі, якое абітурыент запаўняў на ЦТ, і калі яны былі напісаны з памылкай, то гэтая памылка апынецца і ў сертыфікаце. У такім выпадку дакумент трэба замяніць.
Сертыфікаты не выпішуць толькі тым абітурыентам, якія атрымалі нуль балаў (такіх сёлета каля 125 чалавек) і хто быў выдалены з аўдыторыі за парушэнне працэдуры цэнтралізаванага тэсціравання. У гэтым годзе зафіксавана 10 парушэнняў: сем чалавек выдалены з экзамену за выкарыстанне мабільнага тэлефона, два — за шпаргалкі і адзін — за тое, што не здаў работу пасля заканчэння ўстаноўленага часу.
Дарэчы, сёлета ў краіне амаль 400 стабальных вынікаў!
Заўтра — апошні рэзервовы дзень цэнтралізаванага тэсціравання, пасля чаго гэты этап уступнай кампаніі можна будзе лічыць завершаным. Застанецца толькі атрымаць сертыфікаты.
Нагадваем: прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі пачнецца ў аўторак, 20 ліпеня. На бюджэтную форму (а таксама на платную, калі прадугледжаны ўнутраныя ўступныя іспыты) ён прадоўжыцца да 26 ліпеня, а для тых, хто паступае на дзённую форму на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, — да 28 ліпеня. Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, заканчваецца 9 жніўня (на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці — 10 жніўня).
Залічэнне студэнтаў на бюджэтную форму плануецца завяршыць да 5 жніўня, на платную — да 11 жніўня.
Сёлета прыём ажыццяўляюць 50 устаноў вышэйшай адукацыі больш чым на 340 спецыяльнасцей. План прыёму складае амаль 55 тысяч чалавек, з іх 27,8 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту.
Дарэчы, перыяд выкарыстання сертыфікатаў ЦТ складае 2 гады. Гэта значыць, што абітурыенты, якія ў 2020 годзе паспяхова здалі экзамены, але не паступілі ва ўніверсітэт ці каледж, могуць выкарыстаць мінулагоднія дакументы падчас сёлетняй уступнай кампаніі. Дапускаецца падаваць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ як мінулага, так і гэтага года ў найлепшай для абітурыента камбінацыі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.